Выбрать главу

– Не трэба гарэлкі – мы не адпачываць. Маладога піва з лядоўні, – афіцэр павярнуўся да аднаго з жаўнераў: – Каташ, перадай людзям, каб не распрагалі коней. Два атрады вартавых, змена праз гадзіну. І нагадай, каб не пілі шмат – нам яшчэ ў сядло вечарам.

Старая карчмарка падлічыла, колькі патрэбна набыць на наступным кірмашы, каб закрыць спустэчу ад вайскоўцаў, і колькі грошай яна атрымае за гэты адзін дзень: ежа, пітво, сена ды авёс для коней, вада з калодзежа (якую таксама магчыма прадаць такому вялікаму натоўпу), а можа, хто і застанецца начаваць. Зараз жа набягуць гандляры рознага ўзроўню, каб прадаць усё, што ляжыць у іх не першы год.

«Трэба будзе і з гэтых грошай узяць за месца ля карчмы», – яна дакінула некалькі злотых да ўяўнай скарбонкі.

– А вось і гаспадар, – карчмарка паказала на хлопчыка, якога вяла Грыня.

Хлопчык глядзеў на жаўнераў з цікавасцю.

– Гэта жарт такі? А сталых гаспадароў няма? – афіцэр перабіў карчмарку, якая давала загады дзяўчыне.

– Я сталы ўжо! – хлопчык тупнуў нагой. – Мне сёмае лета пайшло!

Габрэйка падала куфель халоднага пітва афіцэру і пасадзіла хлопчыка на лаву.

– Гэта старэйшы мужчына ў сям’і. Яго бацька з дзедам сышлі два гады таму… Канфедэраты… Яны пайшлі праваднікамі і… – Дзіна ўздыхнула. – Самі разумееце, што тут было.

– Няпраўда! Татачку забраў Стары. Але татачка хутка вернецца, – хлопчык чыркаў вугалем па стале.

– Ты ізноў гуляў з гэтым вясковым абібокам? Я табе ўжо распавядала… Ну што рабіць… – яна дала па карку хлопчыку. – Не слухайце яго – сялянскія забабоны. Быццам гэта не куля, а балотнік нейкі паклаў ягоных бацьку і дзеда ў дрыгву… Наслухаецца, а потым прыйдзе і кажа: «А мне дамавік ізноў распавёў. Татачка перадае прывітанне», – які злыдзень. А я ж ведаю – гэта ўсё вясковыя дзеці.

Абмажуцца вугалем і давай – я дамавік, я лесавік, давай цукар, распавяду нешта. А ён верыць…

Дзіна выцерла вока рукавом, хай слязы і не было.

– Не ведаю, што з ім рабіць… Бачыце – расхвалявалася. Трэба дзеля супакою трошкі горла прамачыць. Можа, усё ж такі настоянкі? Добрая, смачная, першая чарка для вас бясплатна, за ўпакой былых гаспадароў. Не?

Карчмарка выцягнула бутэльку з жаўтаватай вадкасцю і наліла сябе трошкі, але не выпіла. Лепш потым прадаць каму – ад манеты больш супакою. Карчма жыла сваім жыццём: афіцэр размаўляў пра грошы з малым, але адказвала за яго старая габрэйка; гандляр распавядаў пра цудадзейны тытунь жаўнеру; некалькі шляхцічаў складвалі міскі пасля абеду вежай і збіраліся сыходзіць. Вусаты шляхціч, што знішчаў піва, кінуў манету на стол і хутка выйшаў.

– Дзядзечка, а вы жаўнеры? – ціха спытаў малы гаспадар, калі Дзіна пайшла правяраць працу. – У вас ружжы ёсць?

– Так, малы.

– Дапамажыце татачку вярнуцца дамоў. Вы можаце Старога застрэліць… Гэта тут нездалёк. Мяне бабуля не пусціць… лаяцца будзе… Дзядзька Яка хадзіў шукаць і прывёў шмат людзей з балота. Казаў – не жадае Стары пускаць татачку…

– Цікава, хлопча, і як знайсці гэтага Яка?

Афіцэр прыкінуў, што добра мець правадніка, які ведае сцежкі ў дрыгве. Тым больш, што патрулі хадзілі толькі па дарогах, а няблага прайсціся і ўглыб – выкурыць бандытаў ці дэзерціраў.

– А вось ён выйшаў, – кінуў хлопчык на дзверы. – Дзядзечка жаўнер, толькі знайдзіце татачку… Зялёныя людзі таксама яго шукалі з ружжамі, але вас больш, чым іх.

– Каташ, затрымай чалавека, прапануй грошы, – афіцэр адправіў аднаго з жаўнераў. – Калі пабачым гэтага твайго Старога – падстрэлім яго, не хвалюйся, малы… Але сам разумееш – балота вялізнае, ён можа хавацца дзе заўгодна. І даўно яго «зялёныя» людзі шукалі?..

Малы ўзгадваў, калі гэта было – два ці тры тыдні таму. Афіцэр задумліва гладзіў кубак вялікім пальцам – нешта яму не падабалася. Зялёныя людзі… Дрыгва… Патрулі сюды даходзілі, але гэта было нядаўна. Зялёныя…

– Малы, а што гэта былі за людзі?

– Дзядзька казаў, што жаўнеры таксама. І галоўны ў іх такі высокі, з жалезкай з птушкай.

– Такой? – афіцэр дастаў польскую манету з арлом.

– Такой. Але ў той дзве галавы было…

– Курва!

Афіцэр падскочыў з месца і кінуўся да дзвярэй. Зялёныя жаўнеры з двухгаловым арлом – рука сама выхапіла шаблю. На вуліцу. Ён шукаў вачыма жаўнера, які пайшоў наймаць правадыра. Ні яго, ні вусатага шляхціча не было.

– Да ружжа! Дзе Каташ? – перапалохаў вайскоўцаў афіцэр.

– З’ехаў з правадыром да вёскі, пане. Хутка вернуцца. – супакоіў жаўнер.