Выбрать главу

– На коней! «Правадыр» – маскаль, – заскочыў у сядло ён.

Дзесяць чалавек паімчаліся па дарозе. Паміж дрэваў. Падымаючы пыл. Да двух постацяў наперадзе было крокаў з тысячу. Адзін вершнік павярнуўся назад. Афіцэр біў каня шабляй плазам. Сем соцень крокаў. Вершнік выцягнуў пістолю і прыставіў да другой постаці ў сінім мундзіры. Стрэл…

Коні рваліся наперад – дзесяць за адным.

26 ліпеня 1794 года

Драўляная хата добра ўрасла ў глебу, ці, лепш сказаць, у дрыгву. Сцяжынка да дзвярэй блішчэла заімшэлымі валунамі – вельмі проста паслізнуцца. Ганак ля хаты таксама абкладзены камянямі, бо знаходзіўся ніжэй за зялёную паверхню. Да сцяны прычэплены ланцуг, другі канец якога знікаў у будцы, што стаяла побач. Туман адыходзіў.

Янка крочыў па брукаванцы да будынка.

– Ква! Ква! Ква! – гукнулі з будкі.

Улан спыніўся. Не, ён не баяўся жывёлы, што вартавала хату, але падыходзіць бліжэй без запрашэння гаспадара – дрэнны тон. Дзверы рыпуча адчыніліся, і на ганак падняўся мужчына, не, нават мужык з пышнай барадой.

– Дзень добры, пане гаспадар, – Янка пакланіўся.

Насамрэч ён не быў упэўнены, што зараз дзень, а не раніца ці вечар – неба было роўнага шэрага колеру, больш светлае злева. Але захад там ці ўсход, выявіць было цяжка – мох расце паўсюль.

– Яшчэ адзін… Цішэй ты, рапуха, – гаспадар пнуў нагой будку. – Праходзь у хату, няма чаго на дварэ стаяць.

Адзіны пакой пах сухой травой і мокрай раніцай. Цэнтр займаў вялізны кацёл, у якім булькатала фіялетава-чырвоная вадкасць. Паўсюль, як гэта бывае ў добрай хаце ведзьмы, віселі скруткі траваў, цыбулін, ягад, карэньчыкаў ды лісткоў.

– Давай адразу адкажу на звычайныя пытанні: я – ведзьма; гэта – чароўны кацёл; праклён, лекі, яды, зёлкі – па добрай цане. А цяпер кажы, што патрэбна.

– Але як вы можаце быць ведзьмай? Ведзьмы – гэта ж жанчыны…

– Гэта сексізм, хлопча.

– Што? – акругліў вочы Янка.

– Сексі… Хм… Дыскрымінацыя па полу. Несправядлівасць, карацей. Вядзьмар, знахар ці чарадзей – гэта розныя прафесіі. Адзін змагаецца з нячысцікамі, другі лякуе, трэці карыстаецца чароўнымі рэчамі. Ды і ёсць у іх фемініты… жаночыя адпаведнікі. Не забівай галаву, хлопча. Ты адкуль? Дай пагляджу на цябе, – мужык-ведзьма абышоў улана. – Хм… Бачыцца, што хутка трэці падзел… Не, пакуль не трэба ведаць табе. Ты, мабыць, прагрэсіўны чалавек? Чытаць умееш? Сялян не сячэш? Ну вось, значыцца, і пра фемінітывы зразумееш, спадзяюся. А цяпер распавядзі, аб чым думаў учора, што зараз ты тут.

Янка збіраў думкі ў клубок, каб потым спрабаваць разблытаць яго. Ён не мог узгадаць, як апынуўся на брукаванай сцежцы ў глыбокім лесе, бо яшчэ нядаўна яго полк стаяў ля вёскі.

– Я не памятаю… На нас напалі ваўкі. Мы біліся, потым ішлі… Памятаю цырульніка, які рэзаў руку, – улан выцягваў успаміны з клубка.

– Значыцца, не імкнуўся сюды трапіць? Хм… неўсвядомлены ўсвядомлены снавід, цікава. Цырульнік, кажаш? Пакажы дзе.

Янка закатаў рукаў, але скура была цэлая – ані ўкусу. Гаспадар чароўнай хаты прыклаў да рукі ўлана карэнне хрэну. Спачатку цеплыня напоўніла пальцы і далонь. Але праз імгненне мурашы зграямі пабеглі ад пляча да пазногцяў – быццам ударыўся локцем.

– Цікава, не цягнецца сюды, застаецца там… Ваўкі, кажаш? Як разумею, табе патрэбна назад?

– Так, пане. Я зараз у войску, і мяне, мабыць, ужо шукаюць. Калі я пайду па брукаванцы – хутка выйду да Пазорава?

– Не, так яно не працуе, хлопча. Чакай.

Ведзьма набраў кубак вадкасці з кацялка і кінуў у яго некалькі блакітных ягад. Кубак зашыпеў. Кавалак грушы, два лісты палыну і шыпулька сасны. Вадкасць выплюнула некалькі іскраў і зрабілася мутна-ружовай. Гаспадар і Янка стаялі на ганку (як яны там апынуліся – Янка ізноў не памятаў).

– Слухай, хлопча, чыста дзеля мяне. Я тут займаюся калекцыянаваннем усялякіх дэвіяцый… Уяві папаю. Не, табе не трэба ведаць, што гэта. Проста ўяві… Уяві, быццам ты бачыш гэта кожны дзень. Заплюшчы вочы і працягні руку.

Янка моцна напружыўся. Папая – нешта знаёмае і адначасова заморскае. Папа… Тата? Але які? Янкаў ці агульны, Рымскі? Тата ды я? Але што гэта? Бязглуздзіца нейкая атрымоўваецца. Ну, добра. Хай гэта будзе Папа Рымскі. Працягнуць руку і схапіць.

– Ай, малады чалавек, вы чаго чапаецеся? – піскнуў нехта з далоні.

Ён расплюшчыў вочы і ўбачыў паўпразрыстую памаранчовую садавіну. Яна была з маленькімі вачыма і ротам ды апранутая ў чырвоны капялюшык. Гаспадар узяў дзіўную істоту на рукі і працягнуў улану куфель.

– Цікавае ў цябе ўяўленне, першы раз мне ўтвараюць паўразумную істоту. Ну дый добра, ты, хлопча, пі. І запомні – калі пойдзеш да дзядоў, захапі сланечнік. У маёй старой ногі разбалеліся, а тут не знойдзеш нічога вартага. Выпіў? Добра, а цяпер, – гаспадар з усёй моцы штурхнуў хлопца, – прачынайся!