Выбрать главу

Смярдзючая багна схапіла Янку і пацягнула ўніз. Ноздры забівала мокрая глеба – чаму гэтае пачуццё было для яго знаёмым?

Ноч. Гумно. Па хворай руцэ ходзіць певень. Янка сагнаў жывёлу і падняўся. «Прысніцца ж такое… Трэба заўтра зайсці да ксяндза, дакладна», – і ён выйшаў вонкі.

27 ліпеня 1794 года

Касцёл у Лапеніцах пабудавалі гады са два таму. Мніхі францішканцы атрымалі зямлю па запавеце апошняга ўладальніка маёнтка, што пад канец свайго жыцця прыйшоў да Бога, загадаў спаліць усе бочкі з віном і гарэлкай са склепа ды выправіўся ў пілігрымку. Дайсці да святой зямлі яму не далі старасць і тры мужыкі на шляху ля Кіева, што пасля тры дні пілі за гэтага шчодрага і смелага чалавека.

Манахаў ля касцёла жыло не шмат – не былі перабудаваныя пакоі ў келлі, фрэскі ды іконы яшчэ дапісваліся, богаслужэнні праводзіліся толькі з нешматлікімі жыхарамі і служкамі. Але дзеля польскай дывізіі зрабілі выключэнне, вынеслі лаўкі на вуліцу і дазволілі паставіць ля алтара ікону, што была ўзятая з варшаўскага вайсковага касцёла.

Ксёндз Міхал Стовак пасля малітвы падышоў да амбона і паглядзеў на афіцэраў у першых радах. У касцёле было ціха, хай памясціліся не ўсе жадаючыя – цяжка знайсці храм, куды змогуць уціснуцца каля пяці тысяч чалавек.

– Браты мае, сэрца радуецца, калі я бачу столькі адданых мужчын, што пайшлі з шабляй у руках на ахову нашай роднай Рэчы Паспалітай. Вы пакінулі маці, жонак, бацькоў і дзяцей. Сябры, з якімі гулялі ў корчмах і каталіся на паляванне, засталіся далёка. Вы пакінулі мяккі ложак і добры дах над галавою. Нехта сышоў з поля, якое толькі пачало жаўцець. А нехта кінуў падручнікі і латынь. Можа, вы думаеце: «Як добра было там, як было спакойна»? Але ж вы – шляхцічы! Спакойна – не для вас. Пятая запаведзь кажа: «Паважай бацьку твайго і маці тваю, каб падоўжыліся дні твае на зямлі». І вы паслухаліся сваю маці-радзіму і бацьку-караля. Вы пайшлі на гэтую вайну, каб ушанаваць іх. І Бог дасць вам гэтую магчымасць, бо ён на нашым баку. З намі Бог!

– З намі Бог! – ударылі галасы.

– Антоні Вялікі казаў: «Не апранай адзежы, якая зводзіць цябе да славалюбства». Нядаўна, гуляючы па лагеры, я чуў размову двух жаўнераў. Яны спрачаліся – хто з іх лепшы ваяр, хто пойдзе першым на ворага і хто заб’е больш маскалёў. Жаўнеры нават абмяркоўвалі грошы, якія кожны з іх гатовы паставіць. Яны абодва апранулі на сябе адзежу забойцы, а саван ахоўніка і Божага рыцара тапталі нагамі! Ці варта гэта добрага хрысціяніна, што ходзіць у нядзелю да касцёла? Ці варта гэта нашчадкаў ваяроў, што паклалі свае галовы пад Грунвальдам? Я вам адкажу – не! У былыя часы, калі яшчэ крыж не прыйшоў на землі нашых продкаў, у людзей быў звычай – прасіць прабачэння ў дрэва перад тым, як ссекчы яго. На жаль, пад час бойкі нельга сказаць «прабач» ворагу, у якога збіраешся трапіць куляй. Але што забараняе пасля паставіць свечку за чужога брата, бацьку, мужа? Што забараняе спытаць прабачэння, стоячы над ляжачым целам? Таму ідзіце на маскаля не дзеля свайго гонару, не дзеля багаццяў ці пасад, а ў гонар сваёй Айчыны і яе будучыні. Ідзіце мужна, не шкадуючы ні сябе, ні ворага. Але і не забывайцеся на літасць – не біце ў спіну і не дабівайце параненых. І тады Бог даруе вам замест саламянага даху – яснае неба, замест пітва ў карчме – мёд жыцця і веры, а нязжатае поле вернецца гадамі цёплага сонца і жыццядайнага ліўня. Амэн.

Вайскоўцы разыходзіліся па кватэрах. Янка набыў тонкую свечку, але так і не здолеў паставіць яе за чароўнага белага ваўка.

28 ліпеня 1794 года

Да абеду падалі смажаных галубоў на падушцы з тушанай у белым віне бульбы.

– Пані Марыля, мае віншаванні, гэта найлепшы земляны яблык, які я каштаваў! Дзе вы толькі яго знайшлі? – палкоўнік Станіслаў Кёнінг радаваўся першай добрай ежы за апошні час.

Тры дні полк пераходзіў ад адной маленькай вёскі да другой – не было часу ні разбіць добры лагер, ні заваліцца да нейкага шляхціча ў госці. А тут – аж два дні адпачынку. Ды і ізабелінскі пастар запрасіў да сябе палкоўніка і трох ротмістраў на пастой.

– Дзякуй, пан Станіслаў. Муж настаяў, каб вырошчваць бульбу.

– Гэта так, – уключыўся пастар Януш Ласкі. – Ведаеце, у Ірландыі, Шатландыі ці Францыі гэтая расліна пачынае замяшчаць пшаніцу. А чым мы горшыя? Адчуваеце, які смак? І галоўнае – з паўвалокі атрымоўваецца больш бульбы, чым якога збожжа. Не, гатаваць яго, вядома ж, не вельмі проста – патрэбны такія-сякія спецыі, травы, тлушч. Добра, калі знойдзецца нядрэннае віно ці смятана. Але ж я лічу, што ў будучым кожны селянін зможа сабе дазволіць талерку-другую падобнай стравы.