– Дзеля чаго вы хочаце прасіць бласлаўлення ў Божай Маці? – запаліў лампадку ойча Серафім.
– Каб моцна біць расейцаў. Каб дала сваю падтрымку і дазваленне гнаць іх аж да самай Масквы, – перахрысціўся Янка.
– Ды каб пакінуць іх у гэтай зямлі, – падтрымаў Базыль.
– Прабачце, панове, але на гэта вам бласлаўлення ніхто не дасць, – задзьмуў лампадку святар.
Уланы са здзіўленнем глядзелі на адыходзячага чалавека ў чорнай рызе. Што благога яны сказалі? Янка разгублена кінуў у след:
– Святы ойча, нібы біць ворага Радзімы – гэта грэх?
– Біць людзей – грэх… – святар збіраў прылады для еўхарыстыі.
– Гэта не людзі, гэта д’яблы ў чалавечым абліччы! Яны прыйшлі забраць апошняе ў нас, адрэзаць яшчэ адзін кавалак ад цела Радзімы. Яны… Яны служаць бабе ды маскоўскаму патрыярху, што жадаюць толькі крыві і полымя нашай краіне.
– Гэта таксама людзі. Такія ж хрысціяне, як і вы. Такія ж дзеці Божыя, як і тыя, што праходзяць міма гэтай царквы сёння.
– Не раўняйце нас з імі! – напалову выцягнуў шаблю Базыль. – Яны – праваслаўныя.
– Я – таксама… – адказаў святар.
– Але… Дык, можа, пагэтаму вы адмаўляеце нам у бласлаўленні? Можа, вы і жадаеце, каб расейцы хутчэй прыйшлі? – паклаў руку на шаблю Янка.
– Дурныя вы, бо маладыя. Я не жадаю тут расейцаў. Я не жадаю тут палякаў. Я не жадаю тут нікога. Гэтай вёсцы гора хапае і так. Учора памёр Язэп Вірны, яго затаптаў бык. Бласлаўлю я на забойства гэтага быка? Не, бо гэта Божая істота, якая таксама жадае жыць, хай нічога і не разумее. Мы забіваем жывёл, у якіх няма душы, і то нам потым няёмка. А вы хочаце, каб Божая Маці дапамагала забіваць людзей, такіх жа, як вы? Не прымушайце святых абліваць сябе крывёй дзеля вашай забавы. І апусціце шаблі, гэта святое месца. Мяне вы імі не напужаеце, я быў і пры Бары[1], і пры Таргавіцах[2]. Я бачыў шмат чаго з абодвух бакоў.
– Прабачце… – пасунуў пояс з шабляй Базыль. – Але…
– Святы ойча, а дасць Божая Маці сваё бласлаўленне на цяжкі шлях? Абароніць нас ад благога і… і дапаможа вярнуцца дамоў? – кінуў манету ў ахвяраванне Янка.
На двары царквы жаўнеры збіралі зброю пасля кароткага прывалу.
– Дзядзечка, а вазьміце мяне з сабою біць маскалёў.
– Як зваць? – адвязваў каня ўлан.
– Усе мяне клічуць Кгомша. Вазьміце, у мяне нават куля ёсць. Во! – хлопчык паказаў свінцовы шарык.
– Адкуль яна ў цябе?
– А вы нікому, дзядзечка, не скажаце?
Шэрагі жаўнераў праходзілі міма царквы. Блакітная фарба кроплямі застыла на сярэдзіне сцяны («Трэба будзе перафарбоўваць», – меркаваў святар). Тысячы мундзіраў збіралі на сябе пыл вясковай дарогі. Яны ішлі, як на свята, дзе кожны, селянін і шляхціч, купец і сенатар, знойдзе сабе смерць.
21 ліпеня 1993 года
– …з вёскі я, да бабулі прыехаў, – выцер нос рукавом хлопчык.
Сухі дзядуля пазіраў на нечаканасць, што напаткала яго якраз у час падвячорка. Пацёртая куртка, хутчэй за ўсё старэйшага брата, звісала з плеч, гумавыя боты даходзілі аж да калена, а ў даўгіх валасах заблыталася ігліца.
– Шмат жаб’юкоў напаткаў? Дай глянуць?
Хлопчык працягнуў плецены круглы кошык, у якім ляжалі некалькі падбярозавікаў, лісічкі, даволі вялікая сям’я сыраежак і некалькі грыбоў, што вырашылі застацца інкогніта для хлопца.
– Гэта бабці маёй, гэта суседцы… – дзядуля запусціў руку ў грыбы.
– Не дам, гэта маё. Сабе самі збірайце, – схаваў здабычу за спіну хлопец.
– Бач які. Дзяліцца не хоча. Ты б усё роўна гэтыя дома выкінуў. Не ведаеце вы, як смачна прыгатаваць пяркожаў. Яшчэ і старых не паважае, – зазірнуў цераз падлеткавае плячо дзядуля. – Давай я табе распавяду тры казкі, а ты мне за гэта дасі тры жаб’юкі.
– А можа, лепш шлях да вёскі пакажаце?
– А можа, і пакажу…
Стары ведаў усе сцежкі ў гэтым лесе. Чорнае дрэва, сто крокаў да маліны, улева, пакуль не ўвапрэшся ў буяк, абысці бервяно, якое засялілі імхі, тры крокі ўбок (каб не наступіць у скарбніцу вавёркі), яшчэ пяць дзясяткаў крокаў на поўдзень…
– Дык вось, – стары ўзяў у рукі першы грыб, жоўты, як сонейка. – Жыў на вялікай гары стары цмок. Калі ён быў малы, усе навакольныя вёскі шкадавалі яго, прыносілі ежу ды дапамагалі па гаспадарцы. А цмок рос і рос, і было яму ўсяго мала. Бараны і быкі, золата і каменне, прыгожыя дзяўчаты і магутныя хлопцы – ён жадаў больш. І пачаў цмок захопліваць наваколле: вёскі, мястэчкі, гарады, палі, рэкі ды азёры. Тыя, што выходзілі супраць жахлівай пачвары, больш не вярталіся дадому. Пралятаў ён аднойчы над гэтымі мясцінамі і ўбачыў вялізнае возера, што памерамі сваімі з морам спрачалася. Вада ў ім была зялёная-зялёная, шчыльная, што на локаць нічога не відаць. Здзівіўся цмок ды прызямліўся на бераг, побач з мядзведзем, што вудзіў рыбу. Спытала тады лятаючая істота істоту бурую: «Чаму возера гэтае такое зялёнае, нібы не з вады зроблена? Там, адкуль я прыляцеў, уся вада брудна-блакітная, як восеньскі небасхіл». Мядзведзь зачарпнуў вады з возера, дзьмухнуў на яе, і поўсць яго пакрылася інеем, а ў лапе з’явіліся зялёныя крышталі. «Гэта не простая вада. Гэта – вадкі смарагд. Яшчэ малады, толькі нарадзіўся», – адказаў мядзведзь і кінуў крышталі ў ваду. Узрадаваўся цмок – гэта ж столькі смарагду! Ён зможа абкласці сваю гару поўнасцю, зробіць смарагдавы ложак, вялізны каток… Набраў ён крылом вады як мага больш, удыхнуў мацней і як дзьмухнуў на зялёную вадкасць, аж дым з ноздраў вырваўся. Вада зашыпела і ператварылася ў пару.
1
Барская канфедэрацыя (1768–1772) – вайскова-палітычная канфедэрацыя Рэчы Паспалітай, абвешчаная ў мястэчку Бар, дзеля абароны ўнутранай і знешняй незалежнасці Рэчы Паспалітай, накіраваная супраць расійскай агрэсіі і супраць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
2
Таргавіцкая канфедэрацыя (1792) – саюз магнатаў Рэчы Паспалітай супраць прагрэсіўных рэформ Чатырохгадовага сойма 1788–1792 гг.