Выбрать главу

«Я абараню цябе. Адзін раз я ўжо адолеў гэтага драпежніка, здолею і другі», – гуляў мячом хлопец. «Не, не зможаш, мужны ваяр. Адзін быў воўк, і не чакаў нападу. Табе пашанцавала сёння, але не пашанцуе заўтра. Бяжы, хлопча, з гэтага лесу. А з ваўком зможа справіцца толькі мой бацька», – адказала яму чапля. На развітанне падаравала птушка свайму збавіцелю драўляны пярсцёнак з заімшэлым каменем, які стаў хлопцу даражэйшым за ўсе багацці сусвету.

– А што было потым?

– А потым не было нічога… Не ўсе казкі заканчваюцца добра, а некаторыя…

– Праўда? – засумаваў хлопчык

– Ай, халера цябе дзяры, хлопча. Хай вярнуўся гэты ваяр у лес са сваймі сябрамі. Яны знайшлі таго ваўка і забілі яго. Пацалаваў хлопец пані Чаплю, і пераўтварылася яна ў прыгожую кабету. І жылі яны доўга і шчасліва.

– Дзякуй, дзядуля.

Стары лізнуў грыб і адправіў яго ў правую кішэню.

– Ну, а зараз час трэцяй казкі, – ён забраў у хлопца трэці грыб, чырвоны як вішня. – Жыў тут даўным-даўно волат. І звалі яго Бруз. Тады яшчэ заставаліся на зямлі магутныя людзі: вышынёй з дваццацігадовыя дубы, з чорнымі, як зямля, валасамі; з дзікамі яны гулялі, як з кацянятамі, а вялізныя камяні, памерам як твая хата, насілі адразу па два ў руцэ. Былі яны раскіданы далёка адзін ад аднаго, і ў кожнага быў свой занятак: хто масты будаваў, хто з валунамі ў гарадкі гуляў, а хто і на зямлі маляваў. Бруз жа даглядаў вялізнае дрэва, што цэглакрэменным называлі. Але было гэта не простае дрэва – гэта было Дрэва з вялікай літары.

Сваімі галінамі дасягала яно хмар і чухала ім жываты. Ствол Дрэва быў мацнейшы за камень, лісты блішчалі прыгажэй за вясёлку, а плады… Якія гэта былі плады, ты сабе не можаш, хлопча, уявіць. Для кожнага яны былі іншага смаку, і кожны, хто пакаштуе плод, рабіўся іншым. Нават, кажуць, нейкі волат малоў іх і пёк хлябы на рачным млыне.

Гуляў неяк Бруз па ўскрайку лесу і заўважыў малых істот, вельмі падобных да яго. І біліся яны нечым бліскучым і вострым, чаго волат раней не бачыў. Спытаў тады ён, чаго гэтыя істоты сварацца, а тыя спужаліся і збеглі, кінуўшы параненым маладога хлопца. Гэтымі істотамі аказаліся людзі, што жылі непадалёк, але ніколі на заходзілі ў лес – баяліся. Волат аднёс хлопца да Дрэва і паклаў на галіну ля самай вершаліны. Хмара прамыла яго рану, сонца прыпаліла яе праменямі, а Дрэва абгарнула сваімі лісткамі.

Волат быў вельмі дапытлівы, чым моцна адрозніваўся ад сваякоў, і яму было вельмі цікава, што робіцца ў сусвеце. Бруз вельмі ўзрадаваўся, што знайшоў суразмоўцу, выпытваў пра людзей, пра іх звычаі, пра землі, дзе магчыма ісці гадзінамі і не сустрэць аніводнага дрэва. Выратаваны хлопец аказаўся малодшым сынам правадыра племені, што пасялілася побач з лесам з дзясятак гадоў таму. Распавёў ён, што ворагі забілі яго бацьку, яго старэйшага брата і спрабавалі забіць і яго. Волат паспачуваў хлопцу і прапанаваў застацца ў лесе, дзе яго ніхто не будзе шукаць і чапаць. Але не ведаў Бруз, што людзі, у адрозненне ад волатаў, могуць хлусіць. Лісткі, якімі Дрэва абгарнула князя, пачарнелі.

Дапамог волат пабудаваць хлопцу хату з паваленых дрэваў у самым цэнтры лесу. Цэлымі днямі адпачываў той, паляваў на дзікоў і трусоў, дапамагаў збіраць плады Дрэва. Харчаваўся ён гэтымі пладамі нароўні з волатам, і хутка падрос, набраўся моцы. Ужо не прайграваў ён жыхарам лесу, ваўкам ды мядзведзям, паляванні, мог абагнаць казулю, а з леапардам спрачаўся ў прыткасці. Але быў ён усё ж тут чужы, і ніколі не стаў бы сваім. І пажадаў тады чалавек больш улады, чым было ў роўных паміж жыхароў лесу, больш багаццяў, чым давала яму зямля, больш земляў, чым ён мог абысці сваймі нагамі, і Дрэва адмовіла яму. Больш ніводнага плода не падала да яго ног, а галіны не давалі дакрануцца да сябе. Скраў тады чалавек плод з запасаў волата, і закапаў яго глыбока ў зямлю, і пачаў чакаць, калі з’явіцца парастак. Чакаў год, чакаў два. Праз дзесяць гадоў яму надакучыла глядзець на голы холмік ля дома, надакучыла самому паляваць і збіраць ежу, надакучыў лес. Ён забіў бацьку і брата, каб быць першым, каб кіраваць людзьмі, а не дзеля таго, каб сядзець у лесе ды чакаць смерці. Ужо не хлопец, а моцны мужчына схапіў волатаву сякеру і цёмнай ноччу пайшоў да Дрэва. Ударыў раз – усе птушкі ў лесе ўзляцелі; ударыў другі – і ўсе звяры выбеглі са сваіх нор; ударыў трэці – пайшоў самы моцны дождж, што калісьці быў ці будзе на гэтай зямлі. Але хлопец быў упарты і ўдарыў чацвёрты раз. Дрэва захісталася і звалілася, пакінуўшы на сваім месцы пень, трохі вышэйшы за волатаў, якія жылі тут раней… Раніцай, пабачыўшы, што зрабіў яго «сябар», Бруз заплакаў. Але зрабіць ён нічога не мог. Ён плакаў тры гады, абдымаючы паваленае Дрэва. За гэты час аброс волат валасамі, слёзы, што засыхалі на яго вачах, ператварыліся ў рогі, кулакі перасталі расціскацца, а цела паменшылася ў памерах. Волат назаўжды замоўк.