Хлопец, сабраў плады з паваленага Дрэва і збег назад, да людзей. Яго нашчадкі вырубілі ў пні хады ды пакоі, абнеслі ровам рэшткі Дрэва і пачалі жыць у ім. Людзі пацягнуліся да яго, будавалі побач дамы, аралі зямлю…
І зараз бадзяецца непрыкаяны волат па гэтым лесе, згорблены, з вогненнымі ад слёз вачыма, на чатырох нагах і ахоўвае кожнае дрэва ў гэтым лесе. Кажуць, часамі яго можна пабачыць побач з тым пнём, які людзі клічуць Валунцом… ці Крамянцом… Не памятаю ўжо – старасць…
Дзядуля паклаў грыб пад капялюш.
– Вось і прыйшлі. Гэта твая вёска, – паказаў на хаты ён.
– Дзякуй вам вялікі. Я пайду тады, маці, мабыць, чакае мяне – вечар жа.
І хлопчык пабег да платоў. Дзядуля пайшоў назад, у лес, несці смачныя паганкі сваім родзічам.
– Эх, хлопча, бяжы, бяжы. Тры гады маці цябе чакае…
22 ліпеня 1794 года
Вогнішча аблізвала бакі двух тлустых глушцоў, смакуючы пажаўцелую скуру з перцам і соллю. Полымя кусала за ногі, крылы, шыі і грудзі птушак, быццам не жадаючы пакідаць хоць кавалачак смачнага мяса жаўнерам, што сядзелі побач. Базыль ахоўваў ежу ад пражэрлівага агню, круціў палку, на якую былі насаджаны птушкі, і раскідваў вуглі. На краі вогнішча стаяў чыгунок з кашай.
Непадалёк на сене адпачываў Янка. Сёння ноччу, калі дывізія прыйшла ў Шарашова, яго з дзясяткам вершнікаў адправілі з дазорам у бок Белавежы. Малады ўлан запрог толькі што рассядланага чорнага каня і, амаль без адпачынку пасля дзесяцігадзіннага маршу, рушыў у шлях. Вярталіся яны ў час, калі сонца разагнала ранішні туман і высушыла расу. «Хто ідзе?» – спыталі каля мястэчка. «Свае, з патруля», – адказаў харунжы Сыракомля, пад кіраўніцтвам якога Янка і служыў.
З сабою ў дарогу вершнікі ўзялі сабак – паляванне тут было забаронена, але што скажуць егеры дзесяці ўзброеным вайскоўцам, якія выконваюць загад генерала? Звер у пушчы вадзіўся, і што самае галоўнае – не прызвычаены да чалавека і палявання, якое аказалася простай справай. Янку дасталося два вялікія глушцы. Зараз улан драмаў з капелюшом на твары, каб ліпеньскае сонца менш перашкаджала ўяўляць ноч.
– Дзень добры, панове, – тры шляхцічы падышлі да вогнішча.
– Добры, – пракруціў ражон Базыль. – З кім маем гонар пазнаёміцца?
– Гавел Пшэмісцкі, герба «Буйвалова глова», – пакланіўся старэйшы з трох, – а гэта Сташак Чаўлініч, мой добры сябра і першая шабля Перкавічаў, і Яшка Бараш, наш служка і цырульнік.
– Мяне клічуць Базыль Войцек. А гэта, – улан кіўнуў у бок сядзячых ля вогнішча, – Лешак Збруя, Анджэй Свенчыц і Мілаш Чашнік. Там на зямлі спіць Ян Ліпініч, яго не чапайце – усю ноч у сядле правёў.
Гасцей запрасілі да вогнішча. Уланы знялі першую птушку з ражна і разрэзалі на часткі. Яшка дастаў з торбы каравай, сала ды бутэльку настойкі.
– Самі мы з Драгічына, прыйшлі толькі сёння, – сёрбнуў Гавел.
– Дык вы і ёсць тое падмацаванне валанцёрамі? Шмат вас? Кажуць, Літва паўстае ўся, – ажыццявіўся Базыль.
– Чатыры сотні, не менш. Спрабуем як можам. У мінулую нядзелю кінулі кліч па павеце – і вось.
– Шляхта, мабыць, з добрай зброяй, – умяшаўся Мілаш. – Я ведаў некалі драгічаніна, які мог з карабіна пацэліць у вавёрку з трохсот крокаў.
– Так, я вось узяў добрую пару пістоляў, – Сташак паказаў старую, з трэшчынай на дзяржальні, пістолю. – Яшчэ мой бацька ёй карыстаўся.
Хутчэй за ўсё, гэтай пістоляй карыстаўся яшчэ і дзед, а можа і прадзед грознай першай шаблі Перкавічаў. Зброя, што звычайна была ў дробнай шляхты, старая, даўно адстраляная, са сваёй гісторыяй, з перамогамі і паразамі. Але зараз яна хутчэй нашкодзіць свайму ўладальніку, чым ворагу: выпадзе крэмень, узарвецца дула, паляціць куля ўбок. Драгічанскія госці пачаставалі ўланаў настойкай, гаркавата-салодкай, на перцы, імбіры, чаборы і мёдзе. Тыя ж адказалі гасціннасцю і падзяліліся дзічынай.
– Дзякуй, смачная птушка, – глынуў Гавел са шклянкі, якая зрабіла поўныя два колы.
– Гэта трэба дзякаваць Янку, – Базыль паглядзеў на сябра. – Прынёс раніцай. Панове, трэба пакінуць яму добры кавалак, бо чалавек стараўся.
– Ён што, у пушчу хадзіў? – здзівіўся стары драгічынец.
– Дык я ж казаў табе, пане, што ўсю ноч на кані нашы правялі.
– Злодзей, – ціха сказаў Яшка, адразаючы кавалак сала для свайго гаспадара.