Генерал маёр прагледзеў ліст. Нічога істотнага: «просім прыняць», «размаўляць як са мною» ды «найлепшых пажаданняў». Звычайны рэкамендацыйны ліст, з якім адпраўляюць амбасадара ці прадстаўніка. Пасля хуткага знаёмства Грабоўскі выцягнуў яшчэ два аркушы з-пад мундзіра. Адзін ліст ад генерала Хлявінскага, другі ад пана Карніціча, што загадваў рэкагнасцыроўкай у літоўскай дывізіі. Серакоўскі зламаў пячатку на першым. Хутка прагледзеўшы тэкст, ён працягнуў:
– Добра. У вас ёсць дзе спыніцца ў Шарашове?
– Я меркаваў завітаць у карчму, генерал. – адказаў госць.
– Не трэба, – Серакоўскі патрос званочкам, хутка ўвайшоў сакратар. – Язэп, пакліч пані Мацільду, хай знойдзе пакой для генерал-лейтэнанта. У карчме зараз вы наўрад ці знойдзеце месца. Нас тут, як-ніяк, дывізія… – генерал узяў другі ліст. – Цыцыянаў[5] сышоў са Слоніма… Дрэнна і добра адначасова. У вас, пан Грабоўскі, ёсць меркаванні, куды ён можа ісці?
– Мы ўзялі некалькі палонных ля Дзятлава. Хутчэй за ўсё, расейцы ідуць на Вільню.
– Значыць, хутка ў нас забяруць людзей… – працягнуў чытаць генерал. – Як наогул справы ў дывізіі? У лісце ёсць «вайсковая падрыхтоўка жаўнераў не выклікае пытанняў, мясцовае насельніцтва дапамагае хлебам і віном». Апошняе слова мяне бянтэжыць… Ці ёсць вопыт у войскаў? Колькі маршу вытрымаюць?
– Асноўныя палкі дывізіі раней былі ў баях, прайшлі апошнюю канфедэрацыю, – зацвердзіў Грабоўскі.
– На чыім баку?
– Яны жаўнеры, – адвёў вочы Грабоўскі. – Яны былі і там, і там. Тады… тады ім ніхто не казаў, што ад краіны адкусяць кавалак, як ад хлеба, ды яшчэ і пальцы зачэпяць. Зараз людзі рвуцца ў бой, яны адданыя Рэчы Паспалітай.
– Адданыя… А што пра афіцэраў? – скрыжаваў рукі на грудзях генерал-маёр Серакоўскі.
– Я вас не разумею, генерал. Яны служаць Рэчы…
– Глядзіце, пан Грабоўскі, – перапыніў яго генерал, – у канфедэрацыю абодва бакі былі за нашу Радзіму. Але адны жадалі змен і велічы, другія – старых парадкаў і волі. Адны гатовыя былі пакласці сваю маёмасць, грошы, імя і жыццё, каб краіна ізноў была моцнай. Іншыя ж бачылі моц у самаўпраўстве, у шанцы аднаго чалавека змяніць кола гісторыі.
Змянілі вось… Нас падтрымлівае Францыя, мы адпускаем сялян, даём больш правоў не каталікам, падымаем падаткі на войска. Я ведаю, што і ў мяне пад бокам ёсць людзі, якія не жадалі пушчаць мяшчан да зямлі, якія ледзь за шаблю не хапаюцца, пачуўшы пра скартабэлят[6]. Але без іх нам не перамагчы… Я ведаю, што сам Хлявінскі не вельмі добра казаў пра Найвышэйшага камандуючага[7], быў супраць гэтай вайны. Можаце казаць адкрыта – адсюль нічога не сыдзе.
– Прабачце, генерал, не маю звестак. Усе ў дывізіі адданыя Рэчы Паспалітай і гатовыя…
У дзверы пагрукалі.
– А гэта, мабыць, пані Мацільда. Яна адвядзе вас у пакой. Пра сваіх людзей спытайце таксама ў яе – пані ведае суседзяў, зможа прыстроіць тут яшчэ паўдывізіі. А праз гадзіну запрашаю вас на вячэру – будзе амаль увесь афіцэрскі склад. Пасля паразмаўляем аб справах. І паразважайце над маім пытаннем.
24 ліпеня 1794 года
Першы полк уланаў надворных рушыў на Новы Двор. Дзве гадзіны таму вярнуўся атрад з-пад Бездзежа. Па дарозе яны разбілі невялікую хеўру, прайшліся па вёсках і мястэчках, паспелі зазірнуць да картэзіянцаў, але ніякіх расейцаў не сустрэлі. Каля Хомска жаўнеры напаткалі гандляра, што ехаў з Пінска да Бярозы, і даведаліся ад яго шмат карыснага. Расейскія войскі стаялі ў Янове-Палескім, што ў паўдня пешшу адсюль, і не збіраліся рухацца ў бліжэйшы час. Тамашні брыгадзір набыў у габрэя некалькі бочак піва і намякнуў, што на адваротным шляху не адмовіўся б ад яблычнага віна.
Асноўная частка рэгулярнага войска, якая змагла хутка затушыць вогнішчы, сабраць лагер і стаць на марш, рушыла праз пушчу да Рудні ўвечары. Валанцёры, якія былі не так добра падрыхтаваныя і не вельмі хацелі начнога пераходу, выходзілі на наступны дзень зраніцы. Кобрынская конная міліцыя і ўланы атрымалі загад на разведку ўсходняй мясцовасці, што ляжала ля балот. Палкоўнік Рушчыц, узяўшы кобрынцаў, раней за ўсіх адправіўся на Сялец, каб не прыйшлося ноччу ісці праз палескую дрыгву. А шостай вечара ўланы выйшлі з Шарашова.
– Пан харунжы, а чаму мы ідзём баявым строем? – спытаў Базыль.
– Табе нешта не падабаецца, Войцек? – харунжы Сыракомля ўсміхнуўся. – Думаеш, калі дарога вядомая, калі тут праходзілі патрулі сёння – не трэба быць пільнымі? Гэй, Ліпініч, падскоч сюды. Твой сябра пытаецца, навошта мы ідзём у ар’ергардзе, калі ні ззаду, не наперадзе няма варожых войскаў. Як лічыш?