– Мабыць, пан палкоўнік, каб не наткнуцца раптоўна на бандытаў ці расейскі патруль. Учора не было, а сёння могуць з’явіцца.
– Эх, нічога ты ў сваім універсітэце не вывучыў. Мы ідзём баявымі шэрагамі, таму што мы дурні. Зразумела?
– Не, – пахітаў галавой Базыль. Ціхія размовы ў атрадзе з дваццаці чалавек скончыліся, і ўсе прыслухаліся.
– Я ж кажу – дурні, – усміхнуўся харунжы. – Нават самі пра сябе не разумеюць. Наш полк не такі стары, як каронная конніца ці пешая гвардыя. Вопыту – яшчэ менш. І таму палкоўніку Кёнінгу даводзіцца няньчыцца з вамі, як з дзецьмі. Добра, калі пад час бойкі вы не кінецеся ўцякаць пасля першага ж залпу, пасля першага забітага таварыша. Таму мы і пляцёмся ззаду, як хвост у каровы, а абозу пры нас няма. Таму паручнік Завадзіч і вядзе наперадзе роўнымі шэрагамі па тры чалавекі авангард. А вы… – ён зірнуў назад. – А вы праз гадзіну маршу выглядаеце як сяляне ля касцёла. Дзе шэрагі? Дзе карабіны на плячах?
– Так нязручна, пане харунжы.
– Маскаль пытаць не будзе, няёмка табе ці не. Кулю ў лоб, і да сястры тваёй у госці.
– Я б сам да сястры Базыля схадзіў, – зарагатаў Лешак Збруя.
– Спачатку шабляй махаць навучыся, а потым да дзевак сватайся, – адрэзаў харунжы. – Калі кожны з вас заб’е па пяць маскалёў – дазволю вазіць карабіны на кані. А цяпер – на пля-чо! Стро-ем руш! І хай толькі хто зламае шэраг – будзе шабляй над галавой махаць да самага Двара.
Сонца схавалася за дрэвамі, калі ар’ергард мінуў палову шляху. Над пушчай разлілося чырвонае святло, афарбавала галіны ў бронзава-брудны колер і спрачалася з паловай месяца, што ішоў па небасхіле – назіраў за ўланамі. Дарога змяёй вілася паміж вялізных дубоў і соснаў, пакрытая луской з адбіткаў падкоў амаль трох соцень коней. Яна паядала хмыз, ручайкі, маладыя дрэўцы і ўсё астатняе, што стаяла на яе шляху і не магло адпомсціць.
Ля вялізнага ясеня стаяў сівы дзядуля з даўгімі, амаль да пояса, вусамі. Ён назіраў за жаўнерамі адным вокам – левае павека было моцна пасечана, палову брыва захапіў ружовы, яшчэ свежы шнар. Каля старога спаў вялізны, больш падобны да ваўка, сабака, які, пачуўшы грукат капытоў, кінуўся ў лес. Калі ж першы шэраг быў у дваццаці кроках ад старога, той выйшаў на сярэдзіну дарогі і ўскінуў рукі:
– Хлопчыкі, дапамажыце, калі ласка. Ратуйце небараку! Харунжы ўзняў левую руку са сціснутым кулаком і раўнуў: «Стой». Жаўнеры спыніліся ля дзеда.
– Чаго табе? Бандыты? – Сыракомля вывучаў левае вока старога.
– Ой, жаўнерыкі, родныя, дапамажыце. Ваўкі сцягнулі апошняга майго сябра ў лес. Дый на мяне напалі, але я збег… Дапамажыце, хай толькі цела адбіць у гэтых людажэраў, не пакіньце старога на смерць. Вось ты, хлопча, – стары працягнуў руку да Янкі, – я нават адным вокам бачу, што ты добры чалавек. Не пакінь старога, тут недалёка, можа… можа, яны яшчэ не з’елі сябра майго…
Конь зафыркаў і зрабіў крок назад.
– Дзед, ты адкуль? – спытаў харунжы.
– Дай мясцовы я, пане, вясковы. Вечарам гулялі тут, і ваўкі напалі на нас… Трэба спяшацца, пане…
– Гэй, езуітаў выхаванец, – камандуючы павярнуўся да Янкі, – што думаеш?
– Цёмна ўжо, пане харунжы, мы ні слядоў, ані шляху не знойдзем… Да і згрызлі яго хутчэй за ўсё, – адказаў улан.
– Не пакіньце дзеда… апошні сябар… – працягваў лямантаваць стары.
– Ціха ты, – кінуў харунжы. – Мне таксама не падабаецца ноччу па пушчы блукаць… Слухай, дзед, давай мы цябе да бліжэйшай вёскі праводзім? Зараз нічога не зробіш, а раніцой возьмеш папа ды замовіш адпяванне. З якой вёскі ты прыйшоў, кажаш? Мы, здаецца, апошняе паселішча з паўгадзіны таму мінулі…
Злева, з боку пушчы, пачуўся гучны ваўчыны вой, ад якога коні заржалі ды паўставалі на дыбы. Адразу ж з усіх бакоў атрад абступілі шэрыя ваўкі, сотні бліскучых вачэй глядзелі на чужынцаў у лясным каралеўстве. Шлях па дарозе быў адрэзаны.
– Я ж казаў, пане, трэба спяшацца, – дзед ступіў крок назад.
Харунжы імгненна выцягнуў шаблю і пістолю. Левай рукой ён пацэліў у жывёлу, што стаяла побач са старым, вялікім пальцам узвёў крэмень і націснуў на курок. Воблака белага дыму выплюнулася з дула, і куля, маленькая кропля мёртвага свінцу, сустрэлася з нагой маладога ваўка. Вершнік адкінуў скарыстаную зброю ўбок.
– Да зброі! У кола, карабіны да бою, сабачыя сыны! – крычаў пан Сыракомля.
Коні біліся, іржалі і злосна фыркалі. Перапалоханыя вершнікі заганялі шпоры ў скуру, хапалі разам з лейцамі грывы, круцілі коней і збіваліся адзін да аднаго. Ваўкі кінуліся на людзей з рыкам, абганяючы, нібы гэта спаборніцтва.
– Стрэль!
Дзякуй харунжаму, карабіны ў жаўнераў былі ў руках, пістолі падрыхтаваныя, а шаблі пасунутыя бліжэй да пераду. Першы і адзіны гучны залп грымнуў, калі ваўкі былі ў пяці кроках ад коней. Ніхто не цэліўся, але з такой адлегласці гэта і не патрэбна. З дзясятак драпежнікаў перакруціліся ў скоку і ўпалі на зямлю пад капыты. Астатнія накінуліся на людзей. Дзіды, шаблі, пістолі, дзяржальні, капыты з жалезнымі падковамі, пажаўцелыя іклы, кіпцюры, магутныя лапы – усё захліснулася ў бойцы. Чалавек моцны, чалавек разумны, у чалавека ёсць кулі, але ён нічога не можа зрабіць супраць пашчы, якая грызе яго руку ці шыю.