Выбрать главу

- Яшчэ раз кажу табе: калі і тваё, дык што з таго?! Сама вінаватая. Дый няхай паспрабуе хто дакажа, што тваё. Забудзь і ўсё тут.

- Не, мама. Калі маё, не пакіну.

- А Божачкі, трэба ж быць гэтакаму ўпартаму. Паспрабуй толькі мне яшчэ хоць раз спаткацца з гэтай выдрай нахабнай, я цябе і ў хату не пушчу. Ты бачыў, якую Гаткін крывуляка ў хату прывёў? Пастухом у калгасе, а жонку ўзяў і багатую, і паглядную. Яшчэ раз кажу табе: пойдзеш да Шчурыхі, так і знай - з хаты вытуру. От, скажы ты, парода дурнаватая...

І маці злосна забраскатала каструлямі.

«Даўся ёй гэты Гаткін пераростак...» - Я апусціўся на ўслончык, на якім маці звычайна чысціць бульбу, а бацька паліць і пыхкае ў расчыненыя дзверцы нізенька пасаджанай грубкі. Пасля матчыных слоў мне было пра што падумаць.

«Гм. Дурань. Не, мама, я не дурань! І дзіця тут ні пры чым. Калі б яго і не было, то пасля сустрэч з Рыткаю мне ўжо зрабіўся не абыякавы яе лёс... Тут нешта іншае, нейкая шкадоба, нібыта нехта топіцца ў багне, а ўсе стаяць чысценькія, чысценька апранутыя і баяцца лезці ў бруд ратаваць бедачыну, каб не запэцкацца. А табе здаецца, што калі ты не кінешся на дапамогу, то ніхто іншы гэтага не зробіць і чалавек захлынецца тванню.

А яна, і праўда, ў пагардлівых позірках людзей, у кпінах аднагодкаў, у здзеклівых мянушках усё адно як у той багне».

Я сядзеў на ўслончыку і, абшчаперыўшы рукамі галаву, пакутаваў. А ў той самы час людзі займаліся справамі куды важнейшымі. Сусед ставіў зруб новай хаты, бабулькі і маладзіцы сядзелі на лаўках уздоўж адзінай на ўсю вёску вуліцы з кійкамі і пруцікамі і чакалі з пашы кароў, каб, загнаўшы ў хлеў, зараз жа выціснуць з іх усё малако, якое яны па травінцы збіралі цалюткі дзень (не выключана, што яны якраз гаварылі пра Рытку і яго, Кастуся), хто зграбаў, а хто падварушваў сена, далёка за брыгадным дваром, у процілеглым баку ад малінавага ляску, гулі камбайны, хтосьці лавіў, нібы карасёў у мылкай вадзе, агуркі пад густым шырокім лісцем, выбіраў у прыпол чырвоныя і зеленкаватыя памідоры, яшчэ нехта заўзята пілаваў бензапілою дровы, так што ажно ў хаце было чутно дрыготкае занудлівае выццё...

Кожны займаўся нейкай важнай, надзённай справай. Толькі я сядзеў і нічога не рабіў. Бо хіба можна назваць работаю нейкія там пакуты?..

Гэтак я меркаваў тады. Цяпер мае погляды некалькі памяняліся.

Не жадаючы заставацца ўбаку ад насычанага клопатамі вясковага жыцця, я ўсхапіўся і пачаў насіць з калодзежа ў выварку ваду, каб напілася карова, якая вось-вось вернецца з пашы.

Такім чынам я пакутаваў і працаваў адначасова.

Мне то карцела кінуць вядро і зараз жа бегчы да Рыткі за тлумачэннямі, каб яна гэтае ж хвіліны даказала мне: маё дзіця яна носіць ці чыё іншае і ці было ў нас што-небудзь увогуле, то хацелася нагаварыць брыдкасцяў маці, якая мяне не зразумела, то я гатовы быў раптам наогул сысці з хаты і ніколі сюды не вяртацца, то зноў на мяне навальвалася хваля пяшчоты, і мне хацелася шкадаваць і маці, і Рытку.

Я нават падаіў нашу пярэстую Зорачку. Выліў малако ў высокую бляшанку з кранікам і даўгім шкельцам-ілюмінатарам, а рэшту ў глечык. Глечык паставіў на падаконнік, сагнаўшы з агрызка салодкага яблыка рой мух. Мухі ўзвіліся нада мною, нібы карлікавыя крумкачы. Настрой зноў сапсаваўся. Я схапіў агрызак і шпурнуў у сенцы, у цэбар са свінячай мяшанкай.

Пасля апусціў «бляшанку» з малаком у глыбокі калодзеж, з якога патыхала ўсяленскім холадам. Я глядзеў уніз, у чорную прорву, дзе яшчэ разыходзіліся кругі, і адтуль, з гэтай круглай вільготнай шахты, якая дыхала свежасцю, на мяне быццам бы сыходзіла сіла Сусвету.

Супакоены і ўраўнаважаны, я вярнуўся ў хату, узяў кнігу, разлёгся з ёю на ўзмежку пад сліваю. Па тым, колькі вакол яе вытыркаецца з травы кволенькіх «слівянят», можна было меркаваць, што гэтае дрэва - маці-гераіня.

Я адгарнуў кнігу на тым месцы, адкуль вызірала замест закладкі бібліятэчная картка:

«Частка другая. Раздзел 19. Маргарыта.

За мной, мой чытач! Хто сказаў табе, што няма на свеце сапраўднага, вернага, вечнага кахання? Хай адрэжуць ілгуну яго мярзотны язык!»

Я закрыў кнігу. Нават яна напамінала мне пра Рытку, пра маю (мне ўжо здавалася, што яна мая, што толькі я магу быць адказным за яе далейшы лес) Маргарыту.

Можа, Рытка кахае мяне так, як Маргарыта кахала свайго майстра? Я задаваў сабе гэтае пытанне і адчуваў, што яно недарэчнае. Там нешта рамантычна-містычнае, а тут... тут нейкая беспрасветная проза жыцця. Найперш трэба разабрацца з самім сабою. Чаму Рытка заняла ў маім жыцці гэтулькі месца? Таму, што носіць маё дзіцё? Не, нічога не змянілася б, калі б і не было яго. А мо яшчэ і няма, можа, матка казала праўду. Тады, на вяселлі, яна зацікавіла мяне, бо самаю няшчаснаю была з усіх запрошаных дзяўчат. Цяпер, пасля гэтых сустрэч, пасля ўсяго, што я ведаю пра яе жыццё, пра яе пакуты, пра бясконцыя насмешкі й кпіны з яе ды ейных бацькоў, яна завалодала мною, самая непашэнтная ў нашай вёсцы. Пэўна, так яно і ёсць. Ну, не глыбокім жа разрэзам яна заманіла мяне ў свае сеці. Смех адзін з гэтых яе разрэзаў. Калі ўжо Анжэліка не змагла...