Выбрать главу

Я ўзгадаў Анжэліку, сваю аднакурсніцу, якая прыгажэйшая за ўсіх дзяўчат на курсе разам узятых.

Нябесна-светлая, з лёгкай, мілай усмешкай і такой жа лёгкай хадою, з пяшчотным і мяккім характарам, з фігуркаю, якой пазайздросціла б любая манекеншчыца... Мы заўсёды сядзелі разам за сталом у аўдыторыі. Я рабіў за яе ці дапамагаў рабіць практычныя работы, кантрольныя, курсавыя. А яна не саромелася цмокаць мяне ў шчаку проста на лекцыі, на што я адказваў замілаваным паглядам. То былі больш чым пацалункі: мне ўяўлялася, гэта анёл дакранаўся да маёй шчакі сваёй бязважкай мяккаю мантыяй, абдаючы ўсяго мяне нечым незямным.

Неяк мы сядзелі ўдваіх на ложку ў інтэрнацкім пакоі. Была ноч. Нашыя рукі спляліся. Вялізныя і грубыя з мяккімі і далікатнымі. Гэтымі ручанятамі яна абвіла маю шыю і пацягнула, упэўненая ў маёй згодзе, некуды ўніз, на дно, на ледзь акрэсленую пляму-падушку, якая свяцілася ў цемры. Што я сказаў тады? Я сказаў: «Анжэліка, давай пасядзім і памаўчым, іначай мы парушым прыгажосць». І мы сядзелі і маўчалі. Мне здавалася, што большай блізкасці, чым такая, у людзей няма і быць не можа.

Не ведаю чаму, але цяпер мая казачнай прыгажосці Анжэліка зусім не займае і не хвалюе мяне. Можа, таму, што яна не пакутуе? Яна, відаць, тады проста хацела разлічыцца са мною за дапамогу? Але для мяне такой платы не існуе. Няхай бы яна навучылася адчуваць, калі я пакутую і тады прыходзіла і суцяшала. Хоць бы адной сваёй прысутнасцю. Мяне б гэта задаволіла.

Анжэліка на такое была не здольная. Яна так і не пасялілася ў маёй душы. А Рытка жыве ўва мне, як тады, увесну, жыло скрыўленае качаня.

VII.

І вось настаў дзень, калі я аб'явіў Рытцы, што ўрэшце ўгаварыў сваіх бацькоў, каб яны далі згоду на наш шлюб. І хоць гэтая згода суправаджалася некаторымі, выстаўленымі маткаю, умовамі, я не надаваў ім вялікага значэння.

А між тым Рытку гэтыя ўмовы вельмі ўстрывожылі. Асабліва адна: маці паабяцала даць сваё блаславенне толькі ў тым выпадку, калі дакладна ўпэўніцца, што Рытка цяжарная.

Гэтая наша размова адбывалася недзе напрыканцы жніўня, спякотнага і сухога ў тым годзе. Ад усюдыіснага сонца, якое знаходзіла людзей і засмажвала жыўцом нават у цяньку, паратунак можна было знайсці толькі ў вадзе. І мы амаль цалюткі дзень плёскаліся ў недалёкай сажалцы, якая па форме нагадвала ліст гарлачыка, але на водным люстэрку якой ніхто ніколі не бачыў ніводнага гарлача. Сажалка месцілася адразу ж за грудком, праз дарогу ад малінавага ляску.

На беразе я не адыходзіў ад Рыткі, а яна ад мяне. Яна не магла нікуды адысці, бо, па-праўдзе, не было куды - ва ўсёй вёсцы, як і па ўсім пляжы, ніводнай сяброўкі або сябра. Да ўсяго, адну яе мог хто хочаш пакрыўдзіць. А мне не хацелася нікуды адыходзіць. Мне прыемна было выконваць ролю Рытчынага ахоўніка. Як толькі мы заходзілі ў ваду і адплывалі далей ад берага, дзе я мог даць добрага нырца, я хаваўся пад вадой, колькі часу сядзеў на дне, а пасля ціха падкрадваўся да яе танюткіх ног, хапаў іх рукамі і цягнуў дзяўчыну на дно. Рытка брыкалася і нязлосна лаялася. Але амаль не смяялася, быццам бы яна зусім не ўмела радавацца. Хутчэй за ўсё, так яно і было. Я пырскаў на яе вадою, але яна не адказвала тым жа, адварочвалася і закрывала твар рукамі, моўчкі чакаючы, калі я перастану прыдурвацца. Мне не падабалася такая гульня ў адны вароты, рукі апускаліся самі, хацелася хутчэй выбрацца на бераг. Следам за мною цягнулася Рытка.

На беразе я не-не дый кідаў позірк на яе жывот. Прайшло ўжо тры месяцы, нават крыху больш, а ён не тое што не надзімаўся, наадварот, ледзь не прыліпаў да хрыбетні.

У яе была фігура падлетка. Аб тым, што перада мною дзяўчына, можа, нават жанчына, нагадваў хіба толькі яе зялёны купальнік. Зрэшты, і купальнік таксама быў дзіцячы. А грудзей яна наогул магла і не закрываць. Там, дзе яны павінны быць, узвышаліся несур'ёзныя прышчыкі.

Калі мы ляжалі на попельным пяску каля маіх неахайна кінутых джынсавых шортаў і яе акуратна складзенай бляклай сукенкі з глыбокімі разрэзамі, я спытаў:

- Слухай, а табе не пашкодзіць купанне? Я недзе чуў, быццам цяжарным непажадана купацца. Вада, бачыш, якая брудная, і каровы сюды заходзяць.