Выбрать главу

- Дык жа спякота - не вытрываць.

- Ну так, спякота.

Я распарыўся, здавалася, расплыўся на пяску, як аладак на гарачай патэльні, і ўжо не здужаў павярнуць языком. Мы доўга маўчалі.

Я гладзеў у бясхмарнае неба, і яно здавалася мне абалонкай вялізнага яйка. А мы ляжалі недзе ў самай сярэдзіне гэтай бязмежнай блакітнай лупіны... Ляжалі маленькія, як кузачкі альбо пылінкі, такія нікчэмныя і бездапаможныя ў параўнанні з усёй гэтай неабсяжнай веліччу, і думкі нашыя былі гэтакія ж нікчэмныя і нязначныя. Прынамсі, для Сусвету, ды толькі не для нас.

Я думаў, як разабрацца з будучай жаніцьбай, вучобай ва ўніверсітэце, службай у войску. Яна думала пра сваё. Я хутка даведаўся, што яе трывожыла ў гэтыя хвіліны.

- Кастусь, ты не кінеш мяне, калі я зараз адкрыю адну тайну?

У позірку дзяўчыны было столькі жаху і прыніжанасці, што я паспяшаўся зараз жа супакоіць яе.

- Не, не кіну. Абяцаю.

- Кастусь, ты такі высакародны, такі прыгожы і добры, - я не паспяваў дзівіцца яе красамоўству. - Я ведаю, ты зразумееш мяне. Бо ты лепшы за іншых. Мне так падабаюцца твае твар і цела. Здаецца, нібы твар свеціцца нябесным святлом, а ў вачах больш блакіту і глыбіні, чым у небе. І ты такі дужы, у цябе моцныя і зграбныя, як у сапраўднага мужчыны, рукі...

- Рыта, ты трызніш. Не хачу я слухаць гэтую дурноту. Адкрывай лепш хутчэй сваю тайну.

- Кастусь, я... Я падманула цябе. Я сама не ведаю, як усё атрымалася. Разумееш? Яно неяк само па сабе. Божачкі, як жа мне сказаць? Ты праўда не пакінеш мяне?

- Сказаў жа, не пакіну.

- Я падманула цябе...

- Ну?

- Я не цяжарная ад цябе.

- А ад каго? - я вылупіў на яе затуманеныя стомаю вочы.

- Я наогул не цяжарная.

- Як гэта?

- Ну, так. Я зманіла табе.

- Зманіла? Як... Як жа ты магла, Рытка! - Я ўскочыў. Маю разняволенасць як рукой зняло. - Ты ж мяне на ўсю вёску абняславіла. Ты хоць разумееш, што нарабіла? А я яшчэ і шкадаваў? І матку не слухаў, а яна ж праўда казала: не вер - мана ўсё! Дык куды там, падманшчыцу слухаю, даю за нос сябе вадзіць...

- Кастуська, мілы, пачакай! - У яе голасе, набрынялых слязьмі вачах, ва ўсёй постаці, рухах было столькі мальбы, што мне раптам перахацелася крычаць і папракаць дзяўчыну. Яна нагадвала сціснутую спружыну, якая, калі я не выслухаю яе, так і застанецца сціснутай.

- Кастуська, я... Я тады, помніш, на вяселлі?.. Я з-за цябе розум страціла. Ты адабраў у мяне розум. І я хадзіла як ачмурэлая. І не магла ні есці, ні піць, а ўсё сачыла за табою. Ты піў і піў, захмялеў і вельмі весяліўся. І песні спяваў, і жартаваў, а пасля выйшаў за хату, прысеў, абапёршыся спінаю аб сцяну, і захроп. Ніхто не заўважыў, калі і куды ты пайшоў, а я высачыла. Я выскачыла адразу ж за табою і пачала паднімаць цябе. Але не падужала, ты цяжкі. Тады я раскатурхала цябе. Ты падняўся, і я павяла цябе, узяўшы пад руку, у хлеў. Ты ішоў з заплюшчанымі вачыма, пасля, у хляве, ледзь не ўпаў з драбін, але ж адолеў і іх. Я падаслала куртку, і ты бухнуўся на яе, як нежывы. І захроп. Я ляжала побач гадзіну ці дзве. Са мною рабілася нешта такое, чаго я ніколі да гэтага не зведвала. Твая кашуля вылезла са штаноў і адкрыла жывот. Ён мне свяціўся ў цемнаце. Я сцярожка пагладзіла яго, але тут жа чамусь спалохалася і паспяшала пакінуць цябе, пабегла ў хату. Кастуська, гэта я ўсё незнарок. Гэта як у сне. Кастуська, мілы, не кідай мяне, я ж трошачкі падабаюся табе, праўда (?), іначай ты б не запрашаў мяне на танец?..

У гэты момант я не мог не хітнуць у знак згоды галавой і не прамовіць супакаяльнае: «Канешне, дзяўчынка мая». А Рытка ўсё не спынялася, усё гаварыла і гаварыла:

- Кастуська, я згіну без цябе. Мне абрыдлі і мае бацькі, і вёска. Калі ты адмовішся ад мяне, я ўтаплюся або яшчэ што з сабой зраблю. Матка з бацькам як зап'юць, мне хоць з хаты ўцякай. І абзываюцца, і таўкуць. А гаспадарка большая, чым у нармальных людзей - і карова, і свінні, і качкі, і куры, і індыкі... І ўсё на мне, усё на гэтых нядужых руках. Я на вуліцу баюся выходзіць, бо мне сорамна, бо з мяне ўсе смяюцца, паказваюць у мой бок пальцамі. А хіба ж я вінаватая, што ў мяне такія бацькі, што нарадзілі мяне такою кволаю... Кастуська, я ўсё зраблю, каб яшчэ больш табе спадабацца, толькі выцягні мяне з гэтага пекла.

Рытка яшчэ ніколі гэтак многа і захоплена не гаварыла. Звычайна яна была стрыманая, нават занудлівая, і ад яе заўсёды патыхала невылечнай, хранічнаю самотай. Я, чалавек упэўнены і жыццярадасны, адчуваў ад гэтага дыскамфорт. Але я ведаў Рытчына становішча, і ўсё спісваў на яго. Цяпер яе нібы падмянілі. І гэтаму былі важкія падставы: у гэты момант рашаўся яе далейшы лёс, рашалася пытанне жыцця і небыцця.