Выбрать главу

А Рытка ўсё плакалася:

- Цукар увесь у брагу ўкінулі. Чай няма чым засаладзіць. І чаю няма. За што мне яго купіць? Я то маліну, то чабрэц заварваю... Людзі вунь на камбайнах горы зерня зарабляюць, а мне скора не будзе што курам сыпнуць. Каб не зелле, свінні з голаду паздыхалі б. І на людзі мне няма ў чым выйсці. Іншая на маім месцы занепакоілася б, што не расце ні ўшыркі, ні ўгару, а я вунь ра-а-адая, бо магу нацягнуць на сябе школьную сукенку, якую яшчэ ў шостым класе апранала. Што б я іначай адзела?

Рытка ўсхліпнула, закрыла ручанятамі твар, і яе вострыя плечыкі сутаргава закалаціліся. Помню, я тады міжволі падумаў, што дакладна гэтак плачуць малыя хлапчукі, калі на іх нізашто накрычыш або адлупцуеш.

Пакуль яна плакала, я меў час уважліва агледзець сваю маленькую нявесту. Раней я неяк і не прыкмячаў, што яе кволыя пальчаняты пакрыты тоненькаю сетачкаю чорных нязмыўных трэшчынак (з кожным годам яны будуць глыбець і глыбець), што пазногці ў яе пагрызены, што да дрыготкага яе плечука прыляпілася, нібы абшыты аксамітам гузік, вялізная рудая радзімінка. Яна таксама ўздрыгвала. На левай назе, дзе яна пераходзіць у бядро, зелянеў жахлівы, велічынёй з талерку, сіняк. Пазней Рытка расказала, што яе моцна сцебанула капытом карова...

- Кастуська, мілы, я вельмі баялася згубіць цябе. Мне ўвесь час здавалася, што калі згублю цябе, то згублю і сябе. Таму зманіла... Бог не хоча памагаць мне і ніколі не памагаў, хоць я і не заслужыла гэтакай абыякавасці з яго боку. Дзіцёнкам была бязгрэшнаю, але Бог усё адно адвярнуўся ад мяне. То чаму я павінна баяцца Яго? Не, я перад Богам меней грэшная, чым Ён перада мною. Я перад табою толькі грэшная, у цябе і прашу літасці і даравання. Ты ж даруеш мне, праўда, Кастуська? Ну, праўда, даруеш?

Я ніколькі не сумняваўся, што гэтым разам яна была шчырая са мною да апошняга слоўца. І калі ўва мне яшчэ заставалася якая дробачка злосці, гэтая шчырасць дарэшты выветрыла яе. Больш таго, яе спакутаваны выгляд нават расчуліў:

- Дарую. Супакойся.

Іншых слоў я не знайшоў. Ляжаў і глядзеў туды, дзе за вясковымі прысадамі пачыналася неба. Адтуль, з-за гэтых прысадаў, выпаўз маленькі бліскучы жучок. Пасля да слыху данеслася яго магутнае гудзенне. Жучок марудна, але настойліва пасоўваўся наперад, пакідаючы ззаду доўгі белы хвост і разразаючы вострым, як іголка, носам незварушную блакітную скарлупіну на дзве часткі. Мы, магчыма, ляжалі б, занятыя сабою і небам, яшчэ доўга, але ззаду мяне гукнуў суседаў малы. Размахваючы рукамі і захлынаючыся слінаю, ён расказаў, як агромністы карп павалок на сярэдзіну сажалкі ягоную вуду:

- Я зірнуў, а вудзільна па-а-аплыло. І я - за ім, па-а-сабачы. Схапіў. А яно вырвалася. А я нагамі да дна... А дна няма...

- Сядзі тут. Добра, што вырвалася, а то не ты карпа, а карп цябе злавіў бы.

Я ступіў у ваду. Ля самага берага пляскаўся мой аднагодка, ахрышчаны ў школе Кепкаю з-за прычоскі, якая і праўда нагадвала гэты распаўсюджаны ў вёсцы галаўны ўбор.

- Кепка, а ты чаму не памог?

- Я не даплыву туды, - і ён угнуў галаву, каб не атрымаць традыцыйнага плескача.

Вудзільна было ўжо ледзь не на сярэдзіне азярца. Яно тузалася, паднімалася таўсцейшым канцом угару, супакойвалася, зноў пачынала гарэзаваць.

Калі я, падплыўшы, плаўна пацягнуў вудзільна да берага, рыбіна чамусьці не ўпарцілася. Відаць, за гэтыя хвіліны яна добра прымарылася. Праўда, потым яна нібы апамяталася і ледзь не вырвала ў мяне з рук арэхавы прут. Я даў ёй паўзбрыкваць, пачакаў, пакуль супакоіцца, і павалок далей. Вось я ўжо па жывот у вадзе, па калені, па лыткі. З вады вынырнула гарбатая чорная спіна. Карп віхлянуўся ўправа, затым улева, а тады перавярнуўся на бок і, нібы маторка, разразаючы і ўспеньваючы ваду, кінуўся па водмелі за мною наўздагон. Я асцярожна вывалак рыбіну на пясок, загадаў малому, каб моцна трымаў вудзільна, а сам наматаў на руку леску паміж паплаўком і грузілам і павалок здабычу далей ад вады, на траву.

Вакол рыбіны сабраўся натоўп цікаўных. Яны цмокалі языкамі і зайздросцілі мне і малому. Карп меў добрых паўметра і цягнуў ніяк не менш як на пяць кілаграмаў.

- Бяры, Косцік, сабе. Каб не ты, я і вуду страціў бы.

Я пасміхнуўся на тое, якім няўпэўненым голасам была зроблена прапанова, і адмовіўся.

- Засмажыш - прынясеш пакаштаваць.

Малога задаволіў мой адказ, і ён узяўся даставаць з вялізнага круглага рота рыбіны глыбока заселы кручок.

Тым часам Рытка збегала ў кусты і выйшла адтуль у сукенцы і з купальнікам у руках. Народ разышоўся хто-куды, і пляж зноў сціх.

Вяртаючыся ў вёску, я зірнуў на глыбокі разрэз Рытчынай сукенкі, з-пад якога вызірала белае, мала кранутае загарам сцягно, і пацікавіўся напаўжартам: