Выбрать главу

- Рытка, ты, гэта, зусім без?.. Ну, ты хіба зусім голая пад сукенкай?

Рытка засмяялася надзіва весела і разняволена (наогул, уся яна здавалася як ніколі лёгкаю і вольнаю) і падняла з майго боку выцвілы падол. Бядро апярэзваў тоненькі матузок, а тканіна закрывала толькі самае-самае.

Я збянтэжыўся. Не чакаў, што Рытка можа насіць такое - як у бессаромных фільмах артысткі.

- Для цябе, Кастусь, купіла. Знарок. Я, калі ў хаце заводзяцца грошы, частку прыхоўваю, каб старыя не ведалі. У мяне ёсць надзейная схованка - ніхто не знойдзе.

- Нашто табе збіраць грошы?

- Спачатку на чорны дзень збірала. Вось бачыш, спатрэбіліся, на трусікі адшчыкнула.

Я падумаў: «Дзівачка, што мне твае трусікі».

А яна шчабятала. Упершыню, колькі я з ёю сустракаўся, яе голас можна было назваць шчабятаннем. Відаць, выплакаўшыся і нагаварыўшыся, яна адчула палёгку. Нібыта нават папрыгажэла.

- А астатнія... - не супакойвалася мая ўзрушаная спадарожніца, - астатнія я берагу для нас з табою. Калі пажэнімся, тады і распарадзімся імі.

- Тады што, настане «чорны дзень»?

- Ды не, гэта я збірала на «чорны», а спатрэбяцца яны якраз на «светлы».

- Гм, стратэ-э-эг.

- А як жа. Грошы нам з табою ой як спатрэбяцца!

- Я пра гэта неяк і не думаў.

- А я толькі пра гэта і думаю.

Я тады не разумеў, што Рытка была прадстаўніцай зусім іншай, чым я, чалавечай пароды. Яе шчабятанне здавалася мне папросту наіўным і смешным, і я не звяртаў на гэта асаблівай увагі.

VIII.

Жнівень спаліў лета.

І яно знікала, як знікае ў вогнішчы ламачча.

1 верасня мне трэба было ехаць на вучобу. Але я не паехаў. І гэтаму, як мне здавалася тады, былі сур'ёзныя падставы.

Па-першае, мы з Рыткаю дамовіліся аб дні нашага шлюбу. Ён павінен адбыцца 29 верасня, і трэба было спешна рыхтавацца да вяселля.

Па-другое, Рытка, якая аказалася вельмі кемлівай і практычнай у пытаннях чыста жыццёвых, пераканала мяне, што для нашай будучай сям'і будзе лепш, калі я пакіну ўніверсітэт, уладкуюся ў адзіную ў нашым раёне будаўнічую арганізацыю, дзе працуе галоўным інжынерам яе далёкі сваяк і дзе можна атрымаць свой кут, а пасля войска паступлю на завочнае аддзяленне якога-небудзь будаўнічага або політэхнічнага інстытута і пры дапамозе сваяка, можа, выб'юся ў якое-небудзь начальства. Адным словам, перспектыву яна вымалявала перада мною простую, як усё геніяльнае, надзейную і выгодную з усіх бакоў.

Рытчын план задаволіў нават маю прыдзірлівую маці. Яно і праўда - што мяне чакае пасля філфака? Работа настаўніка? Цяжкая, няўдзячная, а галоўнае - яна не абяцала надзейнага прытулку. Праўда, як мне здавалася, я прырос да філфака сэрцам і душою, і раз'яднаць мяне з ім азначала рэзаць па жывому... Але мне ж трэба было думаць ужо не столькі пра сябе, як пра сям'ю. І я, перасіліўшы сябе, урэшце прыняў-такі Рытчыны правілы гульні. Будучы невыпраўным рамантыкам, бачыў я сябе добрым чараўніком, які дапамагае пакрыўджаным, няшчасных робіць шчаслівымі, усталёўвае на зямлі справядлівасць.

Праўда, я не надта ўсведамляў, што раблю, дый не мог мераць свае ўчынкі тымі меркамі, якімі мераю іх цяпер. Занадта яны розныя, у юным узросце размытыя, зменлівыя, бясформныя, пра якія здагадваешся падсвядома, а ў сталасці - дакладна акрэсленыя, як рэальныя прадметы.

Была і трэцяя прычына, па якой я не паехаў працягваць вучобу. Яна мела прамое дачыненне да службы ў войску.

- Ну навошта мне зараз той універсітэт, - пераконваў я матку, - каб праз два месяцы пакінуць яго і пайсці ў войска? Адслужу, тады і працягну вучобу з другога курса, з самага пачатку. І да вяселля ж трэба неяк рыхтавацца.

Маці згаджалася. Толькі змірыцца з тым, што нягеглая Рытка будзе маёй жонкай, усё ж не магла, і цэлымі днямі хадзіла спахмурнелая і нервавалася з-за любой драбязы. І ўсё нагадвала мне пра Гатчынага хлопца, які ў сто разоў разумнейшы за мяне, бо ўзяў жонку багатую і прыгожую.

Я неўпрыкмет звыкся з гэтымі яе папрокамі і ўжо не звяртаў на іх ніякай увагі.

* * *

Мы згулялі з Рыткаю вяселле, я ўладкаваўся мулярам у будаўнічую арганізацыю, якая мела назву «Філіял будаўнічага ўпраўлення № 13». Нам адразу ж выдзелілі пакойчык з кухняю ў аднапавярховым драўляным доме-бараку, у якім жылі яшчэ дзве сям'і. Адслужыў два гады ў дэсантных войсках, паступіў у інжынерна-будаўнічы інстытут...

План маёй празарлівай палавіны дзейнічаў бездакорна.

Частка другая

КАТЭДЖ