Выбрать главу
IХ.

Жоўтая, з аранжавымі суквеццямі, штора ў адзіным нашым пакойчыку ўрачыста ўспыхнула. Гэтак жа ўрачыста ранішняе сонца, што вынырнула з-за суседняга двухпавярховіка, асвяціла новыя ярка-чырвоныя дываны на сцяне і падлозе, шафу з кнігамі і посудам за шклянымі дзверцамі, мяккі фатэль і Рытку ў ім, карціну на процілеглай ад акна сцяне, на якой маслам напісаны партрэт усёй нашай сям'і (мяне з тварам добранькага дзядзечкі, засяроджанай Рыткі, паўтарагадовай Светкі ды пяцігадовага Сяргея. Светка смяялася і іскрылася вачамі, а Сяргей быў насуплены). Палатно пісаў моя сябра, мясцовы мастак.

Урачыстасць дапаўнялася бесклапотным дзіцячым смехам за сцяною, на кухні. Там нашая малеча смакавала вішні, якіх Рытка налавіла ім у трохлітровым слоіку, з кампоту, цэлую міску.

Была нядзеля. Пагодлівая, асляпляльная, непаўторная лютаўская нядзеля.

Я рассунуў шторы, і на падлогу ўпалі цёплыя жоўтыя пліткі.

Рытка заварушылася, падабрала пад сябе ногі і цяпер ужо, здавалася, зусім урасла ў фатэль. Яна засяроджана габлявала пазногці тоненькім бліскучым напільнічкам, час ад часу выцягвала перад сабою руку, ацэньвала, што атрымліваецца. У вачах яе ўспыхвала нешта падобнае да натхнення, і яна яшчэ з большаю ахвотаю, падабраўшы вусны, шаргацела сваім няхітрым інструментам. Побач, на падлакотніку, ляжаў разяўлены футаральчык. З ягонай пашчы вызіралі нажнічкі, пінцэт, іншае манікюрнае начынне, і стаяла мініяцюрная бутэлечка з перламутравым лакам.

Назіраючы за Рыткаю, я міжволі прыгадаў дашчэнту з'едзеныя пазногцікі з наліплай на іх свінячай мешанню той, самотнай, зацкаванай Рыткі-падлетка і нечага расчуліўся, моўчкі радаваўся, што цяпер яна жыве не горш, а можа і лепш за сваіх насмешнікаў, што ўжо ніякае яна не «брыдкае качаня». Яе плечыкі і бёдры акругліліся, пасля родаў папаўнеў, пасвяжэў тварык. А пафарбаваныя ў каштанавы колер, распушаныя валасы даўно не выклікалі асацыяцый з паскубаным куранём.

- Ты ўсё прыгажэеш, Рытка. - Я сказаў тое, пра што думаў. - А мне нечага якраз прыгадаліся твае пагрызеныя пазногці...

- О, Божа, Кастусь. Ты думаеш пра мае пагрызеныя пазногці, а тым часам катэдж, які дзядзька Раман «прабіў» для нас, ужо выплывае з тваіх рук. Цяпер самому трэба паварушыцца. Ніколі не думала, што ты гэтакі... гэтакі... зацюканы...

Рытка і раней, бывала, злавалася на мяне, павышала голас. Але каб гэтак...

Даўся ёй гэты ненавісны катэдж.

За горадам, на грудку, нашая арганізацыя вывела цэлую вуліцу мураваных двухпавярховікаў. З кацельнямі ў падвалах і балконамі.

Тры ці чатыры з іх павінны засяліць мы, будаўнікі.

Дамы былі размеркаваны да майго ўладкавання ў брыгаду. Гэта пасля дзядзька падкаціўся да начальства, і ў спісе на першачарговае атрыманне жылля з'явілася маё прозвішча. А прозвішча муляра Булаха знікла. Яму патлумачылі, што, маўляў, адзінокі, можа сяк-так перабіцца і ў інтэрнаце. Ён крычаў, што ўжо дзесяць год чакае, але нікога не пераконваў. Сямейным, ды яшчэ маладым, да ўсяго, перспектыўным, найперш, і ўсё тут.

Булах сто разоў на дзень падыходзіў да мяне і плакаўся, што на катэдж у яго былі ўсе спадзяванні, што ён адразу ажаніўся б, а я ўсё перабіў, паламаў і без таго перакошанае жыццё.

Я ведаў, што ў Булаха ёсць жанчына, і што яны даўно жывуць як муж з жонкаю, толькі не распісаныя. Па чутках, яны і пасля засялення катэджа не збіраліся распісвацца, хоць ён і мае ад яе дзіця.

Я спачуваў Булаху. А сябе суцяшаў толькі тым, што да пераразмеркавання катэджаў не меў ніякага дачынення. Толькі хіба гэта суцяшэнне. Хто б ні размяркоўваў, галоўны віноўнік - я.

У гэты светлы дзень, аднак, не хацелася згадваць непрыемнае. Я нахіліўся над Рыткаю, падзьмуў на яе толькі што налакаваныя даўгія пахучыя пазногцікі.

- Супакойся, у нас яшчэ ўсё наперадзе. А для Булаха гэты катэдж - апошняя надзея. Разумееш?..

Я паспрабаваў цмокнуць яе ў шчаку, але Рытка адвярнулася, падставіла маім вуснам свае валасы.

- Я ўсё разумею. Але ж Булах, калі б ты быў на яго месцы, не падышоў бы да цябе і не сказаў: забірай, Кастуська, маю кватэру, яна табе больш патрэбна.

- Я і не казаў такое.

- Казаў ці не казаў, а Булах памагае ўжо вашым сталярам падлогі насцілаць.

- Памагае, бо мулярам работы цяпер няма. Не ён адзін памагае.

- І якраз на гэты дом яго паставілі?

- Што ж тут дзіўнага?

- Кастусь. - Рытка паспрабавала бразнуць аб падлогу нажнічкі, але тыя застралі на пальцы. - Ты або дурны, або здзекуешся з мяне.

Яна зашмаргнула маланку свайго манікюрнага футаральчыка, адапхнула мяне, задрабніла ружовымі шлепакамі да трэльяжа.