Выбрать главу

- Ён жа і надвячоркам грымае ў тым катэджы малатком.

- Ты сочыш за ім?

- Сачу. Бо мне не ўсё роўна, дзе будуць жыць мае дзеці. Усім даўным-даўно вядома, што катэдж забірае Булах, а ён упершыню чуе гэта ад жонкі.

- Ён і мне сто разоў казаў, што не саступіць. Але ж спіс не памяняўся.

- Што спіс? Ты, можа, калі і ордэр яму дадуць, калі і мэблю перацягне, на спіс будзеш зырыцца?

- Што ж мне, сілаю той катэдж адваёўваць? Ці хабар каму несці?

- А калі і так. Але ж ты ў нас правільны, маральны. У газетках, вунь, красуешся са сваёй мараллю. А хату хай Рытчын дзядзька «прабівае», няправільны, хабарнік... Во, дай дзецям жыллё, каб не душыліся ў гэтай каморы, калі такі разумнік. Дык ні правільна не можаш, ні няправільна. Што ты маўчыш? Як трэба пабароцца за сваё, то цябе няма.

На крык прыбеглі малыя. Рытка загадала ім збірацца на прагулку. Раней мы заўсёды прагульваліся разам. Цяпер яны пайшлі без мяне.

Х.

Тры гады, не лічачы двух, праведзеных у войску, мы пражылі з Рыткаю душа ў душу.

Гэтыя тры гады праляцелі, як адзін дзень.

Я працаваў мулярам і завочна вучыўся ў інстытуце. Часам, калі прыходзіла натхненне, калі нешта моцна ўражвала, папісваў у газеты, або «газеткі», як называла іх Рытка... Тое, што магло стацца прафесіяй, ператварылася ў хоббі.

Рытка была надзіва ўвішная, гаспадарлівая, дарам што з шалапутнай сям'і. Я толькі ўставаў з ложка, а яна ўжо развешвала на двары перад акном бялізну, на кухні нешта апетытна шкварчэла - падаграваўся сняданак (Рытка спярша працавала, а пасля падрабляла прыбіральшчыцай у гарадской сталоўцы, часта прыносіла напакаваную прысмакамі - катлетамі, галубцамі, рыбаю - торбу). Я ўжо звыкся: сённяшняя страва ў яе ніколі не паўтара ўчарашнюю, а заўтрашняя не будзе падобная да сённяшняй.

Рытка ўпырхвала ў хату, свежая і расчырванелая ад ветру і ранішніх клопатаў, ставіла на стол ежу, паднімала, збірала ў садок дзяцей і ўручала іх, крыху сонных, але чысценькіх і гаманлівых, мне. Садок быў якраз па дарозе на маю працу.

Дворык каля нашай «трохсямейкі» займаў сотак пяць. Ён упіраўся ў абы-як збіты даўжэзны хляўчук з трыма перакошанымі чорнымі дзвярыма і быў страшэнна запушчаны. Якраз пасярэдзіне вялізнай бародаўкай узвышалася гара друзу. Кавалкі парослага імхом шыферу, цэглы, грудак бетону, шкла засталіся тут ад апошняга рамонту дараванага нам не надта зайздроснага, але ж свайго, жытла. Астатнюю прастору займалі густая і высокая, у рост чалавека, крапіва ды здзічэлы маліннік.

У першую ж пасля засялення вясну мы павыносілі смецце і палову дворыка Рытка заняла пад грады. Летам гэтыя грады буялі зелянінаю. Рытка ледзь паспявала марынаваць агуркі, памідоры, кабачкі, завальвала паграбок капустаю, моркваю, буракамі. Паграбка нават не хапала, і я пашырыў яго. Той самы Булах памагаў мне спачатку руйнаваць, а пасля мудраваць пад падлогаю новую сцяну.

Калі паспявалі сады, Рытка ўскоквала на ровар, імчала, абвешаная вёдрамі, у вёску. З лесу валакла чарніцы, маліну, грыбы... У выхадныя да яе далучаўся і я. Да першых замаразкаў мы запакоўвалі ўсё, што толькі можна было запакаваць у маленькай кухні і паграбку варэннямі, кампотамі, марынаваннямі, джэмамі. І ўсё ў Рыткі атрымлівалася смачнае. Мы амаль не траціліся на харчаванне. Наш рахунак у банку рос. Суседзі, нагледзеўшыся на Рытчыны поспехі, таксама спахапіліся, парабілі грады. Мы нават з-за іх пасварыліся: чаму гэта нам на адну сям'ю палова двара, а ім на дзве - столькі ж. Але Рытка не саступіла. Маўляў, калі б не я, вам і цяпер яшчэ крапіва вочы сляпіла б.

Мяне здзіўляла, што Рытка за клопатамі паспявала дагледзець і сябе, і малых, і мяне. Выбіраючыся на пагулянку ці проста на прагулку, апраналася так, што на яе зырыліся мужчыны. А я ў падабраным ёю гарнітуры таксама падабаўся сабе. Мы нават пачалі пагаворваць пра пакупку аўтамабіля.

Мяне ўсё гэта, праўда, не надта спакушала. Проста прыемна было назіраць, як маё «брыдкае качаня» на вачах ператвараецца ў гордую, задаволеную сабою і сваім жыццём, лябёдку. Я нават неяк накрэмзаў вершык, у якім добры садоўнік знайшоў на бясплодным пясчаніку змарнелую вішаньку, перасадзіў яе ў свой квітнеючы сад, даглядаў, яна ўстрапянулася, ажыла, увабралася ў белы вэлюм і пачаставала яго салодкімі пладамі.

Рытка маю пісаніну цярпела, але не цярпела сяброў.

Мастака, што маляваў наш сямейны партрэт, яна і да парога больш не падпусціць. Мала таго, што ў яго валасы сабраныя ў дзявочы хвосцік (гэта недаравальная вольнасць для нашага патрыярхальнага гарадка), дык ён яшчэ, падпіўшы, спрачаецца з Бібліяй, насміхаецца з местачковага свяшчэнніка, і наогул нічога святога няма для яго.