- ...Народ! - Ён ускідваў руку, заплюшчваў адно вока (тое было ўлетку, калі маляваў нас, а я надвячоркам частаваў яго на цеснай верандзе, паставіўшы пляшку і зеляніну з кілбасою на лаўку). - Народ не мудры, як ты пісаў. Глупства ты пішаш. Які там у цябе загаловак? «Не плюй у калодзеж, бо сам з яго піць будзеш»?
- Гэта ў рэдакцыі такі прыдумалі, - апраўдваўся я.
- Гэта народ прыдумаў, а не ў рэдакцыі...
- Прымаўка.
- Во, прымаўка. Дурная. Такая, як і народ. І паскудная, як народ. А што, калі піць з яго іншыя будуць, а не ты, то і пляваць можна, га? Чаму не прыдумалі так: «НЕ плюй у калодзеж, бо не адзін ты з яго піць будзеш»? Што, не так, га, не так?.. - І ён вытрошчваў на мяне адубелыя вочы. Праўда, як бач лагаднеў. - Ты, братка, пляваць не будзеш. Твая, можа, і будзе. А ты не. Але я вас усіх напішу. І ні капейкі не вазьму. Толькі з павагі да цябе. Нават калі і не прастаўляцьмеш. Налівай, ды пайду, бо тваю Рытку ўжо чэрці носяць.
Рытка гучна браскацела на кухні посудам.
Ад мяне ён звычайся цёгся ў бліжэйшую забягалаўку і там філасофстваваў далей. Абы з кім.
- Доўга яшчэ гэты алкаш будзе мардаваць нас, - заводзілася, калі той сыходзіў, Рытка, а я супакойваў, што не доўга, які дзень ці два.
Карціна ёй, аднак, спадабалася: «Псіх то псіх, а намаляваў, як жывых».
Часам яе сяброўкі мяне таксама раздражнялі.
Часцей за іншых забягала гаспадарская, прабіўная, уся ў клопатах маленькая кірпаносая Ніна. Яна ніколі не наведвалася з пустымі рукамі. Прынясе ў талерачцы самапечаных зайчыкаў, арэшкаў, кавалачак торта, усім параздае, мы пасмакуем, а яна:
- Ну, як?
Рытка, якая добра разбіраецца ў печыве, замест адказу распытвае:
- Крохкія. Ці не аточыны дабаўляла?
Або:
- Вой якая пухкая булачка. Дрожджы, мусіць, добрыя. Дзе ты ў такія ўкацілася?
Гаманы пра булачкі-пернікі ім хапіла б на вечар, але ж у абедзвюх было поўна іншых клопатаў. І Ніна, нешта дагаворваючы ўжо за дзвярыма, знікала разам з апусцелаю талеркаю ў руцэ.
Калі яны браліся перамываць некаму костачкі, я дэманстратыўна затыкаў пальцамі вушы.
- Суседа вашага, Рытка, бачыла. Учора вечарам. П'яняюшчы. Гляджу, сядзіць на тратуары. Чаго гэта, думаю. А ў яго цыгарэтка выпала з рук, дык сядзеў і лавіў на зямлі... А як лаяўся, як ён лаяўся.
- Вой, а як ён лаяўся дома. З-за сцяны ж усё-усё чутна. Як яна з ім жыве? Я і гадзіны не жыла б. Мой, вунь, без дазволу ні кроплі.
- Добра, што ў цябе паслушны. Маім не надта пакамандуеш. Нажарэцца невядома дзе, і раве, каб есці падавала. І каб не абы што. Каб яму ў горле застрала тое зелле праклятае.
- Твой п'е, ды з толкам. Не пашкодзіла, бачыш, гарэлка і чатыры пакоі адхапіць, і даміну будаваць у прыгарадзе. І вам на старасць будзе жытло, і дзецям. А мой слухаецца то слухаецца, а ні да чаго не здатны. Усё яго панукаць трэба. Катэдж паабяцалі, дык і той зараз во выхапяць з-пад носа. Лічы, на талерачцы паднеслі, толькі трымай мацней. Дык не, усё некага шкадуе. Вучыцца ў інстытуце, а хто яго, гэтакага зануду, хоць бы брыгадзірам, не кажучы ўжо пра інжынера, паставіць? Камандаваць жа зусім не здатны, не тое што твой. У кніжку ўтыкнецца і сядзіць, як пянёк...
І Рытка хіхікае ў далоні, зіркаючы гарэзліва на мяне.
- І так, Рытка, дрэнна, і гэтак, - таксама смяецца, гледзячы на мяне, хітрая Ніна. - А ўсё на нас, жанках, на нашым здароўі адбіваецца.
Мяне раздражняла Рытчына бястактнасць.Пры мне ды пляткарыць пра мяне ўсялякае глупства. Але ж Рытка скардзілася задаволеным тонам, а ва ўсёй яе паставе чыталася пачуццё ўласнай годнасці. Гэтага было дастаткова, каб супакоіцца: Рытцы добра, значыць, і мне таксама, бо, як ні круці, я падарыў ёй шчасце быць вось гэтакай, а не вясковай знэнджанай папялушкай. Астатняе - драбяза.
Да гэтай нашай кароткай сутычкі ў сонечны лютаўскі дзень я нат і не падазраваў, што Рытка здольна па-сапраўднаму крыўдаваць на мяне. Я знайшоў у яе голасе нават нотку пагарды. Упершыню за тры гады. Настаў час сур'ёзна падумаць пра нашыя адносіны, паспрабаваць нешта памяняць у сваіх паводзінах, каб застацца самім сабою ў сваіх і Рытчыных вачах. Але ў гэты дзень, калі Рытка бязлітасна адбрыла мяне, я не здолеў сабрацца з думкамі. Яны мільгацелі, круціліся, як пчаліны рой, і я дарэмна намагаўся ўтаймаваць-упарадкаваць іх.
Я яшчэ сядзеў на канапе, адкінуўшыся на спінку і сашчапіўшы на патыліцы рукі, як у хату ўвалілася ўсё маё гаманліва-няўрымслівае сямейства.
- Сяргей, распранайся ды сястрычцы памажы, - камандавала Рытка.
- Сама няхай распранаецца, - звонка ўпіраўся Сяргей.