Выбрать главу

- Ты мяне знаеш, Сяргей, я два разы не паўтараю.

Я вызірнуў на кухню, якая была адначасова і прыхожай, і калідорам.

Мой рослы белабрысы Сяргейка ўжо зваліў на крэсла паліто, шапку, цёплы шэры шарф і турзаў расчырванелую маленькую Светку, спрабуючы садраць з яе кажушок.

- Стой прама і не хістайся, - крычаў і турзаў яшчэ з большаю сілай, а яна быццам і не чула, шморгала носікам і рагатала. Турзанне смяшыла яе.

Рытка сядзела на табурэтцы, адкінуўшыся напалову на сцяну, а напалову на кухонны стол, прытрымлівала рукой пастаўленую на падлогу авоську. Яна толькі паспела расшпіліць свой навюткі заечы паўкажушок. Выпрастала ногі ў пацёртых джынсах, запраўленых у кароценькія, аздобленыя пушыстай аблямоўкай, бліскучыя боцікі на высокіх абцасах. Адпачывала, расчырванелая, як і малыя, прыхінуўшы да сцяны галаву пад чорнаю норкаваю «таблеткай».

- Вох, набегаліся то набегаліся, - прастагнала задаволена.

- Тата, мы на санках з горкі каталіся. А я ўпаў і па-акаціўся. Во, памуляй, які ў мяне гузак. - Сяргей ужо распрануў Светку і кінуў ейную адзежу на сваю.

Я прыбраў усё гэта на вешалку, памацаў ягоны лоб. Гузака не было. Была маленькая чырвоная плямінка.

- Да вяселля зажыве, - падбадзёрыла і сябе, і ўсіх нас, Рытка. - Унясеш, Кастусь, санкі ў хляўчук, бо ў мяне ўжо рукі адвальваюцца.

- ...А мы табе нештачка купілі, - Рытка па-змоўніцку, быццам вінілася за ранішняе, зірнула на мяне, калі я вярнуўся з хлеўчука, і схавала руку ў глыбокай торбе. Яна была ўжо распранутая, у тоўстым блакітна-шэрым швэдары, які паўніў яе. Малыя сцішыліся ў пакойчыку, які ўдзень быў залаю, а ноччу ператвараўся ў спальню. На стале ляжалі бохан хлеба, батон, пакет малака, два яркія аранжавыя апельсіны...

- Мне? - я зрабіў выгляд, што здзівіўся.

- Ага. Тваё любімае. - І яна асцярожна выцягнула з авоські белую, велічынёю з далоню, плітку лукуму, і гэтак жа асцярожна, каб не растрэсці лёгкую пудру на ёй, паклала на стол.

Я падышоў, пацалаваў Рытку ў яшчэ халодную крамяную шчаку.

- Хіба я дзіцё?

- Дзіцё. Яшчэ якое дзіцё. - І яна зноў усміхнулася. Гэтым разам неяк паблажліва, але не без хітрынкі. Павесіла на кручок між дзвярыма і вешалкаю авоську.

- Ты ж сабе нічога не купіла.

- Ты падзелішся лукумам, дзеці апельсінам... Падзелішся?

- Вядома.

Я адламаў кавалачак ліпкага белага месіва, паднёс да яе тоненькіх падфарбаваных вуснаў. Яна не ўтрымалася, чмыхнула носам, каб не засмяяцца. Салодкая пудра ўзвілася над маёй рукой, асела на яе, на рукаў чорнага спартовага касцюма, прасыпалася на падлогу.

Рытка гарэзліва войкнула, схапіла ротам ласунак і нібыта незнарок куснула мяне за палец. Я адхіснуўся.

- Ты хоць мяне не еш. Зірні, як пачырванеў твой укус.

Яна зноў засмяялася, схапіла маю руку, выцерла памаду на пальцы і... мы пацалаваліся. Яе вусны былі ліпкія і салодкія.

Рэштка дня праляцела як адна шчаслівая і светлая хвіліна. Я начыста забыўся пра нашу ранішнюю сутычку.

Вечарам, паласаваўшыся купленымі Рыткаю прысмакамі, мы паразгортвалі фатэлі, паклалі ў іх на чысценькую бялізну малечу, пасля разгарнулі канапу і палеглі самі. Разгорнутая, наша мяккая мэбля займала ўвесь пакой.

Рытчына аголенае цела абудзіла ўва мне такое ж моцнае жаданне, як і ў першыя месяцы пасля майго выртання з войска. Тады яно тлумачылася, хутчэй за ўсё, не столькі Рытчынымі вартасцямі спакусніцы, колькі маёй двухгадовай адарванасцю ад жаночай ласкі, хаця Рытка ўжо тады прыкметна паправілася і ў ложку забывалася пра ўсялякі сорам, была гарачая і шчодрая на пяшчоты.

Пасля пераезду ў горад мы паводзілі сябе больш стрымана. Рытка зноў зацяжарала, пасля нарадзіла і была цалкам захоплена малымі, асабліва немаўляткам. Я ў першыя месяцы моцна стамляўся на працы, замярзаў на скразняках, але не хварэў! Відаць, выручала армейская загартоўка. Было, словам, не да любошчаў.

І вось тое амаль ужо забытае пачуццё, тая пажадлівая неўтаймаванасць вярнуліся якраз у гэты дзень, які яшчэ раніцаю, здавалася, нічога, акрамя непрыемнасцяў, не абяцаў.

Цяпер, пасля ўсяго, што адбылося між намі пазней, я часта думаю: ці тая нечаканапя абыходлівасць са мною была яе чарговай улоўкай, каб ласкаю падахвоціць мяне вырваць з Булахавых рук «нармальнае жытло», ці ўсё ж яна шчыра вінілася перада мною, таму што кахала? Звычайна схіляюся да апошняга. Я помню яе вочы. Яны наўрад ці манілі.

Зрэшты, жанчына - загадка. Рытчына закаханасць не перашкодзіла ёй, калі я цалаваў яе грудзі і плечы, шапнуць:

- Супакойся, дзеці пачуюць. Вось быў бы ў нас нармальны дом, і хавацца не трэбы было б. - Яна затрымала маю руку на сваім жываце. - Ты не крыўдуй, што я гэтак табе назаляю. Я - маці. Мне хочацца, каб мае дзеці жылі не горш за іншых, не туліліся ў гэтай сабачай будцы. Дый мы маладыя, і нам патрэбен хоць які камфорт.