Выбрать главу

- Я разумею гэта не горш за цябе, - прамармытаў я ў самае Рытчына вуха, цмокнуў у шчаку, паспрабаваў вызваліць руку, каб песціць далей цёплае рухавае цела. Яна не адпусціла.

- Не, мілы, я так не магу. Давай спаць.

І яна таксама пацалавала мяне. У вусны. Ейныя былі гарачыя. Здавалася, яны прыліпалі да маіх.

Я быў узбуджаны і бедаваў, што доўга не змагу заснуць, але заснуў надзіва хутка. Затое ўсю ноч плялося ўсялякае глупства. Нібыта між яблынь у бацькоўскім садзе немаведама адкуль узяўся паветраны шар. Сад цвёў вялізнымі белымі суквеццямі, а на зямлі ляжалі пухкія гурбы снегу. Я бег па снезе да шара басанож, у адных трусах. Мне было горача. У карзіне пад шарам сядзела сімпатычная паветраная дзяўчына з рысамі твару той, філфакаўскай Анжэлікі, але нейкая святлейшая і нібыта бязважкая. Я згледзеў яе, калі ўжо наблізіўся да шара.

За мною беглі матка ў ватоўцы і валёнках і Рытка ў кароценькай летняй сукенцы. Матка крычала:

- Кастусь, вярніся, ты замерзнеш! Кастусь, не ўздумай ляцець, загінеш, загінеш...

Я азірнуўся. Матчыны вочы былі поўныя адчаю і разгубленасці. А Рытка стаяла ззаду знябожаная, па шчоках цяклі слёзы, на аголеныя плечыкі апускаліся вялізныя бухматыя сняжыны.

Мне зрабілася шкада іх, я нават ледзь не вярнуўся. Але да карзіны заставалася ўсяго некалькі крокаў, і я кінуўся да яе. Дзяўчына некуды знікла, а замест яе трапятаў яркімі крылцамі матылёк. Я спудзіў яго, хапіўшыся за борт. Ён закружыў разам са сняжынкамі, таньчыў у паветры...

Матка крычала:

- Кастуська, вярніся на зямлю. А мой ты Кастуська, згінеш там, у халодным небе. Апусціся, сыночак, на зямлю, паглядзі, як тут хораша, нашто табе неба...

Яна плакала, галасіла, цягнула да мяне рукі, парэпаныя чорныя пальцы...

Раптам я ўжо быццам і не я, а матылёк. Мне лёгка. Я лётаю па-над квяцістым лугам. Аднекуль мяне паклікаў дзявочы голас, і я ператварыўся ў сябе, у чалавека. Азірнуўся. Перада мною зіхцеў велічны палач, падобны да нашага катэджа, толькі непараўнальна большы. На сцежцы, што вяла да яго, стаяла Рытка. Яе нічым не прыкрытае цела звівалася ў нейкім дзівосным усходнім танцы. Бёдры, жывот, грудзі, плечы, рукі, галава, нават зрэнкі ў вачах - усё круцілася, торгалася, вабіла да сябе сваёй загадкавасцю. Адплываючы ў танцы назад, да брамы, яна працягнула да мяну руку, падміргнула, нібыта запрашала ісці следам. У яе выцягнутай руцэ з'явілася нешта белае. Я падышоў бліжэй. Яна працягвала мне кавалачак лукуму. «Ці не сон гэта?» - падумаў я ў сне. А ўжо перада мною не Рытка і палац, а вялізная сетка-павуціна, пасярэдзіне якой сядзіць павук. А я нібыта зноўку не я, а матылёк, і лячу, не маючы сілы супыніцца ці куды звярнуць, проста ў гэтую сетку...

Плялося нешта яшчэ, але астатняе амаль не помнілася. Ранкам я пачуваў сябе не выспаным. Расказаў першы сон Рытцы (пра другі змаўчаў, каб не пакрыўдзіць). Яна заключыла: нядобра, калі сніцца адначасова снег і квецень. Каб часам на рабоце якіх непрыемнасцей не было.

Я ў сны не верыў, і Рытчыну перасцярогу пакінуў без увагі.

ХII.

Калі снег сышоў і сонца падагрэла зямлю, я адпрасіўся на тыдзень з работы, паехаў у вёску. Трэба было памагчы бацькам ускапаць грады, паставіць цяплічку. Рытка да сваіх не ехала. Як толькі выбралася ў горад, яны перасталі трымаць свінчо, не стала ні качак, ні індыкоў. Па падворку адно разгульвалі некалькі нахабных галодных курэй, якія так і глядзелі, каб залезці ў чужы агарод...

На маё пытанне «Што парабляюць цесць з цешчаю?» бацька адмахнуўся кароткім:

- Ат, то п'юць, то пахмяляюцца.

Матка не вытрымала, завялася:

- От жа, двое п'яніц, а дачка бач якая талковая ды рабацяшчая. Добра, што нічога такога паганага ад іх не пераняла, іначай прапаў бы ты, Кастусь. І ў каго толькі такі нехлямяжы ўдаўся? - Яна зіркнула на бацьку. - Во які бэйбус вымахаў, а ўсё чужым розумам жывеш. Мусібыць, і катэдж ёй прыйдзецца выбіваць-выходжваць. Мужчына, а ў хаце жонка камандуе. Такая табе і трэба. Дарэмна я на яе нагаворвала. Маліцца трэба на такую. Праўда, - спахапілася, - што ў вас з тым катэджам?

- Пакуль нічога. Булах завіхаўся там. А цяпер усё сціхла. Ён у камандзіроўцы, у другім горадзе.

- То схадзіў бы да начальства, пакуль няма.

- Нашто хадзіць, калі і так усё ясна. У яго больш правоў...

- Хто цяпер на тыя правы глядзіць. Гэтак да пенсіі будзеш мучыцца. Цяпер, Кастусь, хто нахабнейшы, той і мае.

- Не магу я нахабна.