Выбрать главу

- Дурань. Можа, Рытка разумнейшая, прыдумае нешта.

У адказ я толькі цяжка ўздыхнуў. Дый што я мог сказаць у сваё апраўданне? Што не магу паступіць подла з чалавекам, які не перайшоў мне дарогу, а ўсяго толькі адстойвае тое, што яму належыць?

Але ж ні маці, ні Рытка, ні, відаць, усе навокал ніколі не лічылі і не лічаць гэта подласцю. Гэта звычайная барацьба, змаганне за лепшае жыццё. Булах на маім месцы таксама дамагаўся б, як дамагаецца цяпер. Гэта як на рынгу ці на вайне... За перамогу цябе ніхто не асудзіць.

Пра ўсё гэта я думаў-меркаваў ужо ноччу, будучы пад хмяльком, а адразу пасля непрыемнай размовы з маткаю бацька, каб неяк суцешыць мяне, прапанаваў узяць па грамульцы за сустрэчу.

- Бабу паслухай і зрабі ўсё наадварот. Не бяры ў галаву, сынок, жыццё мудрэйшае за нас. Пасоўвайся да стала, замочым твой прыезд.

- Што б вы рабілі без нас, баб, - не змаўчала, як заўсёды, маці. - Пра вас жа, мужыкоў, клапоцімся. Нам многа не трэба.

- То нясі шкварку, годзе языком мянташыць.

Пасля першай жа чаркі пацяплела. На душы таксама. Гарачая вячэра супакоіла, улагодзіла ўсіх.

Перад сном маці ўспомніла, што прыходзілі двое з майго класа, сказалі, нібыта шыхуецца ў школе сустрэча аднакласнікаў, але не запомніла дзень.

Спаць доўга не хацелася. Ляжаў, думаў, хмель кружыў галаву. Нечага наплылі думкі пра ненавісны катэдж. Балюча было ўзгадваць матчыны папрокі, бо не лічыў сябе вінаватым. Закарцела выліць хоць каму-небудзь сваю горыч. Але каму? Старыя ўжо храплі за сцяною. Падняўся. Знайшоў аловачак і паперу. Напісаў колькі радкоў. Перачытаў. Закрэсліў. Узбудзіўся. Вырашыў: не супакоюся, пакуль не паспавядаюся хоць бы перад папераю. Зноў нешта накрэмзаў і зноў перачытаў:

Прачнецца трывога ноччу, І я ўскрыкну ад болю. Час разарве аднойчы Жыццё на астрог і волю. Астрог - гэта ўсё няпраўды, Падманаў сырая цемень. Няма аніякай рады Прабіць таўшчыню камення. А там, за прутамі, ў небе Стралою ластаўка ўецца. Мне добра ўсвядоміць трэба, Дзе я на гэтым свеце. Супакоіўся. Хутка і моцна заснуў.

Ранічкаю праснуўся свежанькі (дарма што піў), працаваў з ахвотаю. За тры дні ўправіўся з агародам, з цяплічкаю, павыкідаў гной з-пад каровы...

У горад ехаў у добрым настроі. Рытцы вёз паляндвіцу, тлушч і запрашэнне на сустрэчу выпускнікоў, у рэдакцыю - вершык. Вершык ухвалілі і хутка надрукавалі, чым мяне вельмі парадавалі. Рытку ўзрадавала запрашэнне. Яна тады ж кінулася перабіраць свае ўборы. Толькі пашкадавала, што не паспеем да свята купіць машыну, каб «усе ад зайздрасці пападалі». Мяне забаўляла, як сур'ёзна Рытка ставілася да сваёй знешнасці. Павыцягвала з шафы сукенкі, касцюмы, параскладвала на канапе, фатэлях, нават на тэлевізары. Стаяла, перабірала вачыма. Яе сур'ёзны выгляд мяне рассмяшыў.

- Што ты рагочаш? Няма чаго і апрануць.

- Як няма? Ды тут на ўсю вуліцу хопіць.

- Нічога ты не разумееш. У гэтай шаўковай я ўжо была на провадах, у шыфонавай мяне бачылі сто разоў у вёсцы, у гэтай таксама бачылі... Можа, во гэты, крэмавы?

- Апранай гэты. У ім ты, здаецца, яшчэ не ездзіла ў вёску.

- Не ездзіла то не ездзіла. Але ён не надта кідкі, няяркі.

- Затое элегантны.

- Быў элегантны. Цяпер быццам бы малаваты. А я хачу свабодны. Не, не буду апранаць яго. У мяне вунь ёсць яшчэ шоўкавы адрэз...

Выцягнула з антрэсолі адрэз.

- ... Праўда, малюнак яркі? І модны. Цяпер сама такія носяць.

- Што, пабяжыш шыць?

- Пабягу.

ХIII.

На сустрэчу ў школу прыбылі амаль усе. Рытку мала хто пазнаваў. Яна была ў навюткім, пашытым сяброўкай модным гарнітуры: доўгай, пашыранай знізу «спадніцы» з «глыбокімі» разрэзамі, якія хаваліся ў раскошных складках, і гэткай жа яркай жоўта-чырвона-чорна-сіняй кофтачцы. Зірнеш збоку: як ёсць гарадская пані: гордая, непрыступная, дагледжаная. Міжволі падумалася: калі б вось з гэтакай, цяперашняй Рыткай давялося знаёміцца, бадай, пабаяўся б і падысці, загаварыць.

Мы паселі за сталом разам, але на нейкі час нібыта адно на аднаго забыліся. Леваруч ад мяне прымасціўся сухенькі хваравіты настаўнік мовы і літаратуры Купрэевіч. Шмат хто баяўся яго нават пасля школы, гэтакі ён быў строгі на ўроках.

Рытка апынулася поруч з жонкаю аднакласніка. Яны як бач сышліся, хоць толькі што пазнаёміліся, нешта заўзята адна адной даводзілі.