Выбрать главу

Мне ўсё карцела адкрыцца Рытцы, выгаварыцца, памеркаваць разам з ёю, што мне рабіць далей, як знайсці сябе.

Калі ранічкаю наступнага дня ад бацькоў вярнуліся ў сваё ціхенькае, без звыклага дзіцячага звону, жытло і Рытка заспяшалася да сваякоў па дзяцей, я схапіў яе за руку, прыцягнуў да сябе... «Ну, вось і ўсё, зараз скажу ёй, што кідаю будоўлю, вяртаюся ва ўніверсітэт, буду настаўнічаць, пісаць... Карацей, рабіць тое, што мне даспадобы».

Рытка лёгка паддалася, можа, нават хацела, каб я затрымаў яе. Пэўна, падумала, што хачу пацалаваць, і пацалавала першаю.

- Я хачу цябе, - нечакана для сябе самога прамовіў зусім не тое, што круцілася на языку. Чаго-чаго, а блізкасці з ёю ў гэтыя хвіліны мне якраз не хацелася.

Яна ўзяла маю галаву ў далонькі, доўга ўзіралася ў мяне. Гэтак яна, пэўна, аглядала б салодка-сакавіты гарбуз перад тым, як з'есці. Сказала, нібы праспявала:

- А я з учарашняга вечара не дачакаюся, каб застацца ўдваіх, каб прытуліцца да цябе, каб нам доўга-доўга ніхто не мяшаў цешыцца.

Я, відаць, доўга стаяў у нерашучасці, і Рытка, не чакаючы, пакуль пачну дзейнічаць, сама пачала распранаць мяне. Заўсёды акуратная, цяпер яна абы-як скідвала ў фатэль мае касцюм, гальштук, сарочку. Яе ўзбуджанасць перадалася і мне. Хутка мы забыліся на час, на дзяцей, на ўсё, акром сябе.

Пасля блізкасці ахвота пагаварыць не прайшла, але ўжо не хацелася быць такім катэгарычным. Мы ляжалі на канапе нічым не прыкрытыя, разамлелыя.

- Мусіць, праўду казаў на сустрэчы Купрэевіч. Не трэба было мне ні ўніверсітэт кідаць, ні мулярам уладкоўвацца. - Я нібыта разважаў уголас, гледзячы ў столь.

- Ён так і сказаў?

- Так і сказаў.

- Зусім здурэў стары. У чужую сям'ю лезе. На сябе няхай бы паглядзеў. Настаўнік, а апрануўся горш, чым мае алкаголікі. Канечне, пра іншых лёгка клапаціцца. А яго дзеці хто? Адна хвасты каровам круціць, другая трэцяга мужа памяняла.

- Прычым тут ягоныя дзеці.

Я нешта доўга і захоплена тлумачыў Рытцы, махаў рукамі, урэшце заблытаўся ва ўласных словах і змоўк.

- Ты сам не ведаеш, чаго хочаш, - абыякава адазвалася Рытка. Я зразумела толькі, што ты хацеў бы вярнуцца на свой філфак і працаваць настаўнікам. І гэта ўсё цябе так гняце?

- Так, гняце.

- Чаму ж ты раней нічога такога не казаў? Думаў, не зразумею? Няхай бы тады яшчэ, перад вяселлем, настаяў на сваім, я ўсё адно за цябе выйшла б.

Яна і цяпер верыла, што я кахаў яе і баяўся згубіць. Бадай, сапраўды баяўся, але зусім не так, як баяцца згубіць сваю абранніцу закаханыя.

- Тады я думаў не пра сябе, а пра цябе.

- А зараз ужо пра сябе думаеш?

- Купрэевіч развярэдзіў душу.

- Ён ведае, што табе трэба, лепш за цябе?

- Бадай, што і лепш.

- Кастусь! - Рытка ўсхапілася, яе маленькія грудзі гайдануліся перад самымі маімі вачамі. - Ведаеш, што... Вось выб'еш катэдж, купім машыну і... і к чорту гэтую кантору. Паступіш зноў у свой універсітэт. Можаш нават нідзе не працаваць. Хочаш - чытай, хочаш - пішы. А калі заманецца, папросішся панастаўнічаць.

Словы «філфак», «універсітэт» Рытка, падалося, вымаўляла неяк зняважліва, абавязкова дадаючы да іх вось гэтае прыніжальнае «свой». На першы погляд, яна паступала вялікадушна. З іншага ж боку паводзіла сябе як гандлярка. Маўляў, ты нам - катэдж, я табе - цацачкі-філфакі.

Але што ж я ўсё-ткі хацеў пачуць ад яе? Можа, вось гэтае: к чорту той катэдж, рабі, як знаеш, абы каб я бачыла цябе шчаслівым.

Колькі хвілін мы маўчалі. Рытка прыўзнялася, зірнула на сцяну, на гадзіннік, падхапіася.

- Вой, абед ужо. Затлуміў ты мне галаву. Пабягу, малечу карміць пара. А ты тут папрыбірайся, добра?

Вярнулася хутка. Сяргейка з парога аб'явіў:

- Тата, а мы ў суботу ў госці пойдзем. Будзем мядовы торт есці.

- У суботу ў дзядзькі юбілей. Ён сыходзіць на пенсію, - Рытка была радасна ўзбуджаная. - Вой, нешта так па-а-ахне. Ты ўжо гатуеш абед? Дай я цябе пацалую.

Дзеці распрануліся і таксама кінуліся да мяне:

- І я пацалую.

- І я.

Светчыны рукі прыліплі да маіх валасоў.

- Ты што гэта з ліпкімі рукамі лезеш цалавацца? А-ну, памый ва ўмывальніку, - насварыўся.

- Гэта мне баба Марта смактунчыка дала.

- То і рукі, значыць, трэба пэцкаць. Куды мама глядзела?

Рытка пагнала малых на кухню, да ўмывальніка:

- Не гарэзуйце, тата наш сёння строгі.

- А чаму строгі? - Не сунімалася Светка.

- Бо яго злая муха ўкусіла.

- А дзе тая муха? Я заб'ю яе.

ХIV.

Да сваякоў на юбілей Рытка апранула лёгкую вечаровую сукенку. У ёй яна выдавала некалькі вышэйшаю і нібы прасвечвалася. Да яе смуглявага твару пасаваў і колер: зеленавата-блакітны, з россыпамі бліскучых кропак. Праўда, з абутку пад гэты колер знайшліся толькі басаножкі. Рытка абула іх, крутнулася перада мною.