- Ну, як?
- Калі б ты выглядала не гэтак сексуальна, я сказаў бы: як анёл. Але ж на вуліцы халаднавата. Ніхто яшчэ ў басаножках не ходзіць.
- Тады я пайду ў боціках, а басаножкі ў хаце абую.
Рытка падскочыла да мяне, паправіла гальштук.
- Там, Кастусь, будуць і твой начальнік, і гарадское начальства. Дык ты будзь баявейшы, пагавары пра катэдж. Калі яшчэ такая магчымасць надарыцца. Можа, сёння ўсё і вырашыцца.
Напачатку ў кватэры Рытчынага сваяка было шмат мітусні. А Рытка дык наогул амаль не сядзела за сталом. Бегала, памагала цётцы. А найбольш круцілася каля майго шэфа. «Вам усяго дастае, Сцяпан Сцяпанавіч?» «Наце вам сурвэтку, Сцяпан Сцяпанавіч». Як толькі паяўлялася ў ягонай талерцы костка ці лупінка, як бач прыбірала, ставіла чысценькі посуд.
Крыху пазней з'явілася гарадское начальства ў асобе нейкага маладога «хлыста». Рытка гэтак жа заўзята завіхалася і каля яго.
- Твая? - шэф, каранасты, з цёмным, пабітым воспаю тварам, падміргнуў мне. - Шустрая, страказа. Малайчына.
«Хлыст» трымаўся неяк адасоблена. Ні з кім не загаворваў. На ўсіх пазіраў як бы звысоку. Пэўна, ганарлівец. Рытцы спачатку дзякаваў, калі ўвіхалася каля яго, а як падпіў - піў ён многа - перастаў.
Добра пад'еўшы і падпіўшы, госці запатрабавалі танцаў. Але ж у кватэры, на трэцім паверсе, не надта разыдзешся. Падаліся на вуліцу, стоўпіліся ля пад'езда. Знайшліся і гармонік, і гарманіст.
Рытка выскачыла ў басаножках. Вярнулася. Прыбегла ў боціках.
- А ты, Кастусь, схадзі наверх. Там шэф твой з дзядзькам адны сядзяць.
Зайсці ў кватэру я, аднак, не асмеліўся. Нешта як не пускала. Пастаяў на лесвічнай пляцоўцы, папаліў. Калі вярнуўся на вуліцу, Рытка кружылася з «хлыстом». Я не ведаў нават, як яго завуць. Дый навошта. Я не збіраўся з ім гаварыць. Таньчыць мне таксама не хацелася. Наогул, я ніяк не мог настроіць сябе на вясёлы лад. Прыхінуўся да нейкага слупа, зноў запаліў.
Гармонік сціх, і Рытка павяла да мяне «хлыста».
- Знаёмся, Кастусь: гэта Сяргей Сяргеевіч, харошы чалавек, - зірнула на яго гарэзліва, - і вялікі...
- Высокі, - падправіў той жартам.
- Вя-лі-кі. - Рытка залілася смехам. Я нават падумаў: ці не п'ная часам? Занадта порсткая. І ўсё не адпускала ягоную руку. - А гэта мой муж, Кастусь. У яго да вас адна маленькая, во таку-усенькая, - паказала вялікім і ўказальным пальцамі, нібы трымала імі нябачную гарошыну, - справа.
І знікла. Пабегла наверх.
«Хлыст» агледзеў мяне невідушчымі вачыма, па звычцы звысоку, хоць мы былі аднаго росту.
- А што, уласна, у вас за справа да мяне?
Ён звярнуўся неяк занадта афіцыйна.
- Ат, якая там справа, - я замяўся.
- А ўсё-ткі. - Ён нібы забыўся, што стаіць не ў сваім кабінеце, а я не на прыёме ў яго.
Прасіць? Прыніжацца?
Але ж я ніколі не прыніжаўся. Ні ў школе, ні пасля школы, ні ў войску. Мяне заўсёды хапала не толькі на тое, каб адстаяць свой гонар, але і заступіцца за слабейшых.
- Да цябе? - цяпер ужо я зірнуў на яго звысоку. - Да цябе ў мяне ніколі не будзе ніякіх спраў.
Нешта яшчэ казаў яму: што ў войску такія, як ён, чысцілі мае боты, што ён нікчэмны ганарлівец, што мне непрыемна не тое што гаварыць з ім, але і стаяць побач...
І адразу ж адышоў. Але не вытрымаў, азірнуўся: госці таньчылі, яны нічога не чулі, «хлыст» пасміхаўся, гледзячы ў мой бок. У руцэ ягонай, ля самых вуснаў, дымілася цыгарэта. Ён зусім не выглядаў пакрыўджаным. Хутчэй пераможцам.
Напэўна, пакрыўджаны выгляд у гэты момант меў я, хоць і імкнуўся трымацца з годнасцю.
Гэтак, з высока ўзнятай галавой, натапыраны, пакрочыў дахаты. Па дарозе зазірнуў у кавярню-забягалаўку, заказаў гарэлкі. Пасля аднекуль з'явіўся Аляксей, мастак. Здаецца, з ім мы таксама пілі і пра нешта горача спрачаліся.
* * *
Раніцою Рытка расказала, што я прыйшоў апоўначы гэтакі напіты, што яна распранала мяне і ледзь паклала ў ложак. Я нешта мармытаў пра «хлыста». Яна спытала, ці не з ім я гэтак напіўся. А я, аказваецца, адказаў сцвярджадьна. З Рытчыных слоў я зразумеў, што «хлыст» таксама некуды знік з пагулянкі. І ўсе вырашылі, што мы адышліся, каб паталкаваць сам-насам, а затрымаліся, бо, можа, замочвалі дамову.
Рытка аж свяцілася ад радасці.
- З тваім начальнікам я ўжо ўсё ўладзіла. Зараз збегаю яшчэ да гэтага, як яго...
- Да «хлыста»?
- Ну, навошта ж гэтак груба?