Выбрать главу

Я знясілена махнуў рукою.

- Ты ляжы, адлежвайся. «Напрацаваўся» учора. Можа, піва прынесці? Галава не баліць?

Яна знікла гэтак хутка, што я не паспеў патлумачыць, дзе і з кім бавіў учарашні вечар.

Вярнулася з півам і прыемнаю весткаю.

- Ну, Кастусь, праз які тыдзень пойдзеш да свайго «хлыста» па ордэр. Як ты, ачомаўся? На, мо піва паможа?

У мяне і праўда шумела ў галаве. І ад учарашняй п'янкі, і ад здзіўлення, што ўсё гэтак абярнулася з катэджам.

Не маючы, што сказаць, моўчкі адкаркаваў піва, доўга піў з гарла. Адчуваў, як свяжэе ўсярэдзіне, як вяртаюцца сілы...

- Смачнае, - выдыхнуў, адарваўшыся ад паўлітэркі.

- Дзіва што. А «хлыст» прывітанне табе перадаваў. Пытаўся, як сябе пачуваеш. Сказаў, каб я берагла цябе. Чым ты яго гэтак улагодзіў? Між іншым, ён свежанькі, нібыта і не піў учора. А кампліментаў мне нагавары-ы-ыў...

* * *

«Хлыст» загадаў мне загадку, адгадаць якую аказалася справай няпростай. Ну чаму, чаму ён на маю знявагу адказаў іменна так, а не іначай? Чаму не прагнаў Рытку з кабінета, чаму не адмовіў у просьбе, не сказаў што-небудзь накшталт: «Няхай твой псіх спачатку навучыцца гаварыць з людзьмі»?

Можа, гэтак ён паказваў сваё вяршэнства нада мною, маўляў, глядзі, які я ўсемагутны і велікадушны, і які нікчэмы ты: я нават і не заўважыў, што ты там мне на пагулянцы прапішчаў...

А, можа, я і праўда спадабаўся яму? Тым, што не прынізіўся, адстаяў сваю годнасць, не прамяняў яе на выгоды. Але ж такія, як «хлыст», самі непераўзыдзеныя кан'юнктуршчыкі, і не бачаць у гэтым нічога заганнага.

А што, калі ордэр быў ягоным падарункам Рытцы, да якой займеў пэўныя сімпатыі, а можа нават і спадзяванні на ўзаемнасць, на больш блізкія адносіны?

Ці проста пашкадаваў? Чыста па-чалавечы.

Я заблытаўся не толькі ў гэтых пытаннях, але і ў самім сабе. Аднойчы (гэта здарылася, калі ішоў ад дэманстратыўна абыходлівага «хлыста» з заціснутым у руцэ ордэрам) наогул злавіў сябе на думцы, што ўжо не здольны адрозніць дабрыню ад зла, ветлівасць ад грубасці, высакароднасць ад подласці, узвышэнне ад прыніжэння...

Частка трэцяя

МЕЛАНХОЛІЯ

ХV.

У нейкую хвіліну я адчуў сябе лішнім у гэтым вялізным, ажно на чатыры прасторныя пакоі, не лічачы кухні, будынку. Лішнім і вінаватым і перад Булахам, і перад Рыткай і, здавалася, перад усім светам.

Чаму? За што?

Гэтыя пытанні даймалі, калі аглядалі з Рыткаю новае жытло, якое пахла дрэвам і свежым цэментам. Тупалі па масіўным каменным ганку, правяралі нагамі, ці нідзе не прагінаецца, не рыпае белая гладзенькая падлога, краталі рукамі атынкаваныя сцены.

- Ладна скляпалі, як сабе, без недаробак. Толькі пафарбаваць ды паклеіць... - сказала Рытка.

Перад намі важна паходжваў вялізны пярэсты кот, цёрся аб жоўценькі вушак, пераходзіў з пакоя ў пакой, нешта вынюхваў, высочваў. Рытка такі пазычыла яго ў суседзяў і пусціла першым, як раіў дырэктар школы.

Яна, апранутая ў яркія майку і шорты, энергічна жэстыкулявала рукамі, шчабятала, іграла мімікай, твар яе свяціўся, нібыта па ім няспынна бегалі сонечныя зайчыкі.

- Тут мы паставім лядоўню, тут газавую пліту, тут мыйка будзе, - і да мяне: - Кастусь, табе падвесці трубы, газавую да акна, водаправод сюды, у кут. Так-так-так, - прыставіла да вуснаў указальны палец, - сюды шафкі павесім, сюды... Не, стол павінен тут стаяць, а лядоўня там, у кутку ля акна. А гэта што ў нас такое? Вой, здорава, шафка ў сцяне, ды якая прасторная, зірні, Кастусь...

У спальнях (дзіцячай і нашай) яна гэткім жа чынам жвава расстаўляла ложкі, шафы, тумбачкі, трэльяжы, развешвала дываны, люстэркі, карціны, у зале - сценку, тэлевізар, мяккую мэблю... Нарэшце заключыла:

- Так, у кухні ў нас усё будзе чырвонае, у зале карычневае, а ў спальнях зялёнае і ружовае.

Я моўчкі згаджаўся.

На вуліцы мне прадстаяла больш работы: загарадзіць падворак і гародчык, пасадзіць дрэўцы і кусты (Рытка размеціла, дзе будуць расці яблыні, дзе парэчкі і агрэст, дзе разбіць грады і газоны). За лета трэба было ўсё паспець зрабіць, каб зімою спакойна, з пачуццём выкананага абавязку і ва ўтульнасці адпачываць.

- Ты заўважыла, у якой прыгожай мясціне мы будзем жыць? - сказаў я.

Наш катэдж стаяў на самай ускраіне новай вуліцы. Гародчык агінаў невялічкі, але паўнаводны канал. За каналам зелянеў поплаў, а за поплавам клубіліся бязважкія аблачынкі бярозавага гаю на фоне цёмна-сіняй зубчатай сцяны старога бору. Сям-там асобныя бярозкі па адной ці купкамі павыбягалі на поплаў... І ўсё гэтае хараство раскінулася крышачку ўнізе, як на далоні. Здаецца, збег бы туды, пагарэзаваў разам з бярозкамі, з рэдкім хмызняком. Канал перахоплены, нібы палец вузкім пярсцёнкам, невялічкім мосцікам з жоўтымі, яшчэ не пафарбаванымі драўлянымі парэнчамі. За мосцікам наша жоўтая, ад навезенага сюды пяску, вуліца ператвараецца ў выбоістую, яшчэ не падсыпаную светла-шэрую дарогу.