Выбрать главу

- Мне падабаецца, што наш дом - апошні. Такі краявід, - я захапляўся ўголас. - А неба, неба... Як тады, калі мы ляжалі з табой на пляжы, а нас падсмажвала сонца. Толькі тады яно было вышэй...

- Гэтае не горш пячэ, хоць і ніжэй.

- Майскае.

- Ага. Хай бы ўжо дожджык прайшоў. Паспець бы дзе-што пасадзіць у гародчыку.

- А здорава, што канал пад самай хатаю. Прыгожа. Наш дом - нібы абкапаны ірвом замак.

- Канава - добра. Будзе чым гародчык паліваць, дзе бялізну папаласкаць...

- Скажу Аляксею, каб напісаў гэты краявід. Павесім карціну на сцяне, разам з сямейным партрэтам.

- Няхай піша. Толькі не ў нашым доме. Я лепш заплачу яму, чым цярпець ягоныя выбрыкі, карміць і паіць яго.

- Нашто ты так?

- А, пайшоў ён.

У наступныя дні мы, скарыстоўваючы гарачае сухое надвор'е, фарбавалі падлогі, вокны, дзверы, клеілі сцены...

Пачуццё вінаватасці, наогул, любыя іншыя думкі не пра катэдж і прадстаячае перасяленне ў яго, павінна была б выцесніць загружанасць шматлікімі «навасельнымі» клопатамі. Наадварот, гэтае пачуццё расло. Замест таго, каб радавацца добраму гняздзечку ў прыгожай мясціне, да самазабыцця захапіцца прыемнай работай, я еў сябе перажываннямі. А рабіў усё машынальна. Часам нават забываўся, што раблю.

Ледзь улоўнае шорганне пэндзля закалыхвала: ш-ш-шам шам, ш-ш-ам шам.

«Божа, што табе яшчэ трэба, Кастусь, - дакараў самога сябе, слізгаючы па падлозе вялікім пэндзлем. - У цябе ўжо ёсць усё, што трэба для жыцця. Рабі цяпер, што табе па душы. Рытка ж казала: выб'еш катэдж - рабі тады, што толькі ў галаву ўзбрыдзе. Мне і гэтага мала? Мала. Хочацца большага? Але чаго? Паразумення? Поўнага? Відаць, так. Знешне яно нібыта і ёсць. А вось калі па вялікаму рахунку, шмат чаго не хапае для ўзаемнага шчасця. Наогул, я працягваю жыць для яе, цалкам ахвяруючы сабою. Я ператварыўся ў яе паслухмяны прыдатак: усім распараджаецца яна, а я толькі падпарадкоўваюся і выконваю. Няўжо яе гэта задавальняе? Ці яна нічога не разумее. Гм, выб'еш катэдж - рабі што хочаш. Якая геніяльная здзелка. Дзеці? Усё гэта дзеля дзяцей? Хіба яны былі б менш шчаслівыя... Ці не мог і я некалі заключыць з ёю здзелку, маўляў, пажанюся з табою, але з умоваю: ні ў які політэх паступаць не буду, скончу філфак і цалкам аддамся літаратуры, паэзіі... Усё роўна, чаму, проста літаратуры. І школе. Першаму і другому. Але ж хіба яна была супраць? Гэта я, я сам бяздумна спяшаўся выканаць яе прапанову. З ласкі, з дабрыні. Дзеля яе, якую бязмежна шкадаваў. Божа, я ператварыўся ў невыпраўнага меланхоліка. Я павінен сказаць ёй, што не кахаў і не кахаю яе. Што ажаніўся з ёю з жаласлівасці, з дабрыні. Усё трэба паставіць на свае месцы. Зраблю ёй бплюча? Так. Няхай. Затое здыму ўсе непаразуменні. Зірні, Кастусь, у каго ты ператварыўся? Ты - усяго толькі яе цень. Служка. Дадатак. Але ж ты свядома пайшоў на гэткае прыніжэнне, каб ашчаслівіць бядачку. Так, свядома, толькі яна ўжо ніякая не бядачка. Здаецца, мы паціху мяняемся (ці ўжо памяняліся?) ролямі. Толькі ці разумее гэта яна? Калі не разумее, то павінна ў рэште рэшт зразумець. Мы павінны паразумецца. Без гэтага яе шчасце ўсё адно не будзе поўным. Вялізны дом, дастатак, дагледжаныя мілыя дзеткі... Так, гэта шчасце, але яшчэ не поўнае. Гэта папросту норма жыцця. Як норма для жывёлы ці птушкі цёпленькае дупло, нара, гняздо, спадарожнік ці спадарожніца, дзеткі... Жывёлы не горш, нават лепш за людзей выконваюць свае бацькоўскія абавязкі. Але ж мы не жывёлы. Жывёлы не шукаюць скарбы, яны шукаюць толькі спажыву. А мы шукаем скарбы. Кожны свае: нехта - залаты злітак для сябе, нехта - для людзей, а для сябе іх залатую ўдзячнасць. Не, я ўсё-такі хранічны меланхолік. Калі-небудзь я абавязкова звар'яцею ад гэтай сваёй меланхоліі. Мне неадкладна трэба пагаварыць з ёю, іначай сапраўды звар'яцею.

А, можа, яна ўсё добра разумее, бачыць маё прыніжэнне, і ёй гэта падабаецца? Можа, пасля доўгага, даўжынёю ў цэлае дзяцінства, гібення, яна нарэшце атрымала асалоду вяршэства нада мною. Напэўна, яна бачыць, што я калі і не няшчасны, то і не шчаслівы. Чаму не кіне ўсё і не кінецца мне на дапамогу, як некалі кінуўся я? Гэта ж найвялікшае шчасце - ашчаслівіць іншага. Чаму не дапаможа мне пабудаваць маё, асабістае, уласна маё шчасце, якім я з юначай шчодрасцю падзяліўся з ёю? Можа, я ёй усё ж не дастаткова ясна растлумачыў, чаго дамагаюся ад яе? Здурнеў, здурнеў.