Выбрать главу

Для яе не існуе майго шчасця. Для мяне не існуе яе шчасця. У нас зусім рознае разуменне шчасця.

Гэтыя дзве фразы захацелася вывесці тлустымі чырвонымі літарамі на белай падлозе. Але, па-першае, ужо не ставала месца - я быў ля самага парога. А па-другое, гэта ж форменнае глупства. Нешта ўвесь час пад'юджвае мяне на дурную выхадку.

А, можа, не я ашчаслівіў яе, а яна сама сябе, з маёй дапамогай. Можа, я толькі прылада ў яе руках для пабудовы таго шчасця, пра якое з дзяцінства марыла, а не будаўнік гэтага шчасця. Бо ў маім разуменні яно, шчасце, месціцца недзе на ўзроўні пачуццяў, а не рэчаў...»

Я машынальна, як робат вылізваў пэндзлем з самага дна бляшанкі рэшткі фарбы.

Пах ацэтону ачмурыў настолькі, што ўжо не хацелася выбірацца на свежае паветра.

Гукі.

Гукі перапляталіся, няпэўныя, незразумелыя, блыталіся ў галаве, і ўжо не разабраць было, ці то ўжо мае думкі агучваюцца ў затуманенай, здранцвелай галаве, ці абрыўкі слоў далятаюць аднекуль з вуліцы... Шамкае па падлозе пэндзаль.

- Шам-шам, шам, ш-ш-шам, шам...

- Нешта гняце... гняце, маркотны... маркотны...

- Сама што радавацца... Радавацца...

- Шчасце - вось. Што яшчэ трэба. Жыць і весяліцца. Весяліцца і жыць... Жыць... Шчасце...

- Ш-ш-шам шам, ш-ш-шам шам...

- Чым дагадзіць?.. Дагадзіць...

- Баюся... баюся... Нервовы... нервовы.

- Санаторый. Тэрмінова ў санаторый. Так... так...

- Жыць - у шчасці. Ратаваць - шчасце... Шчасце...

- Ш-ш-шам шам, ш-ш-шам шам...

Жоўтая пляміна ў небе звузілася да памераў сонца. Стракатая, як мазаіка ў калейдаскопе, пляміна раздваілася і звузілася да памераў дзвюх жаночых постацяў - Рытчынай і яшчэ нечай. Гэта сястра. Пстрычка. Ужо не пстрычка, а паўнацелая сур'ёзная дамачка. Так, менавіта дамачка, а не дама. Яны выплылі, яшчэ толькі выплываюць з сонечнага сувою.

- Вось ён які, ваш палац. Я зайздрошчу вам. Якое шчасце...

Шчасце...

У мяне яшчэ кружылася ў галаве.

- Кастусь, ты чаму такі знябожаны. Змарыўся? Здароў...

Сястра свяцілася ўсмешкаю, як сонца.

- Харомы дык харомы. Калі на ўваходзіны запросіце?

- Як перабярэмся, дык адразу, - замест мяне адказала Рытка. - Кастусь, падлогі гатовы?

- Амаль. Кроплі фарбы не хапіла.

- Кроплю пазычу ў суседзяў, у іх крышачку засталося. Усё адно высахне. Другую банку не пачынай.

Дагаворвала ўжо ад суседняга катэджа.

- Спёка, - я змахнуў з ілба рукавом пот, прысеў на каменны ганак.

- Спёка, - паўтарыла сястра. Ад яе веяла прахалодаю.

- У вёсцы была?

Сястра скончыла нейкі фінансавы інстытут і цяпер адбывала практыку ў другім горадзе. У банку.

- Ага. Папрыбірала. Маці хоча прыехаць, пабачыць. Яна ж таксама чакала гэтага катэджа. Радая. Усім расказвае, якія ў сына харомы.

- А ты?

- Што я? Я таксама радая...

- Я пытаюся, як табе там.

- А. Добра.

- Не знайшла шчэ сабе...

- Знайшла. - Сказала какетліва, нібыта падкінула гэтае слова. - Праўда, ён старэйшы. На сем год. Затое з кватэрай і машынай. І здар-ровы. Здаравейшы за цябе.

Кінула на мяне погляд-ацэнку:

- Ты наогул зрабіўся страшны. Звяў, схуднеў, сцягнуўся. Чым цябе Рытка корміць?

- О, корміць на ўбой.

- І маці трывожылася. Кажа, Кастуся пасля войска нібы хто падмяніў. Хлопцам быў: вясёлы, упэўнены, працавіты, за работу хапаўся без панукання... Цяпер нейкі задуменны, нерашучы, абыякавы... Гэта ёй Рытка нагаварыла. Дый сама не сляпая. Кажа, мо цябе Рытка і разбалавала. Сама ўсё цягне, ты і разляніўся. Цяпер у цябе і зусім не жыццё, а маліна. А ты нос павесіў...

- Ат, знайшла пра што гаварыць. У цябе здаравенны жаніх з кватэрай і машынай ёсць?

- Ёсць.

- А больш табе нічога і не трэба?

- А што яшчэ? Ён добры, пяшчотны, кахае мяне. Мы пасуем адно аднаму. Нават і па гараскопу ідэальная пара. Дзетак займеем, выгадуем, забяспечым усім, каб не горш, чым іншыя, жылі. Што яшчэ?..

- Малайчына, пстрычка, - я зірнуў на яе весела, нават гарэзліва (ва ўсялякім разе, так мне падалося), тады абняў яе за шыю, прыціснуў да сябе. - Дай я ўляплю табе пстрычку.

Яна выслізнула, адскочыла.

- Зусім здзяцінеў, дурань дурны.

У прынесенай Рыткаю бляшанцы крыху боўталася фарбы.

- Хопіць?

Нягледзячы на гарачыню, Рытка, як і сястра, пахла свежасцю.

- Пабачым.

- Заканчвай, ды заўтра будзем перавозіцца. Булах заходзіў, казаў, каб вымяталіся. Ён перасяляецца ў нашы апартаменты. Так і сказаў: «вымятайцеся, колькі ўжо вам займаць дзве хаты». А пасля, чуеш, Кастусь, пастаяў, нешта памяўся, і ведаеш, што сказаў. Кажа: «А мо і не жыць мне тут. Калі што са мною, сябе вініце». Напужаў.