Выбрать главу

Яны пераглянуліся з сястрою і абедзве пырснулі смехам.

- А калі і праўда? Грэх возьмем на сябе.

- Чорт яго не возьме. Будзе жыць. Ён ужо некалі накладаў на сябе рукі. Фокуснік. Помніш?

- А калі ўсё ж?

- Што табе да яго. Сябе глядзі. Высахнеш хутка на шчэпку. Вось зануда...

Яны зноў захіхікалі.

Зануда...

Яны пайшлі, угрузаючы кароценькімі абцасікамі ў свежанасыпаны жоўценькі пясочак. Рытка азірнулася:

- Упраўляйся ды прыходзь хутчэй. Смачненькім пачастую.

- Чакаем, - адазвалася і сястра.

* * *

Сонечны жаўток расцякаўся на пляскатай нізкай аблачыне. Гэта яшчэ не захад. Гэта прадвеснік заходу.

Я, зачараваны, сачыў за пералівамі фарбаў: аранжавай, крывава-чырвонай, сталёва-блакітнай, сіняй і глыбокай-глыбокай, як вочы дзіцяці...

А мне такі не пазбегнуць высвятлення адносінаў. Трэба жыць, а не рабіць выгляд, што жывеш. Вось толькі... Не для таго я падарыў ёй шчасце, каб пасля разбурыць яго. Я толькі спытаю: ёй патрэбен быў муж, саломінка, за якую толькі б учапіцца, а там ужо будаваць жыццё па свайму густу, ці ўсё ж патрэбен быў менавіта я...

Я пачну так: «Мне патрэбна была толькі ты, Рытка...» Я не парушу яе шчасця.

Жаўток праліўся за гарызонт.

XVI.

Высвятляць адносіны мне выпала толькі назаўтра. І не з Рыткаю, а з Булахам. Зрэшты, і з Рыткаю таксама. Толькі пазней. Перш чым перавозіцца, зайшоў праверыць, ці высахла падлога. Раніца была цёплая, значыць, і ноч таксама. Над канаваю віселі абрыўкі туману. Прыпарвала. Такая ноч не магла не высушыць. Не магла...

Пальцы злізгалі па гладкай паверхні. Калі націснуў, прыліплі, але адарваліся лёгка. На падлозе засталіся толькі запацелыя плямінкі - адбіткі пальцаў.

- Ранавата, яшчэ б дзянёк...

- Ага, ранавата...

- Што? - азірнуўся.

- Рана радуешся, кажу.

Вочы. Чырвоныя, з белымі камячкамі па кутках. І... дыхалі. Нянавісцю. З-за Булахавай галавы ўзыходзіла сонца. Як арэол. Як карма. Як...

Што табе?..

- Рады?

- Рады...

- Ну, ну...

- Што яшчэ...

- На касцях маіх... Дом гэты...

- Твае косці пры табе.

Па праўдзе, мне хацелася павінаваціцца. Але як. І... навошта.

- Так?

- Так.

- Глядзі, бо свае косці не збярэш.

- Гэта ўжо мае праблемы.

Булах ірвануўся, загроб пяцярнёй усю правую палову маёй сарочкі разам з рукавом, са ўсяе сілы тузануў, прыцягнуў да сябе:

- Хацеў не казаць табе. Думаў, чалавек ты. Але ўжо скажу: Рытка твая, а не ты, зарабіла гэты катэдж. Круціць яна з начальнікам гарадскім. З гэтым...

- З «хлыстом»?..

- Во, з гэтым, з даўжэзным, з жардзінаю... - Мы так і стаялі - твар у твар. Ён усё трымаў мяне за сарочку, якая ажно вылезла са штаноў, адкрыла жывот.

- Пусці.

Я адарваў ягоныя рукі ад сваёй вопраткі. Яны былі хоць і масіўныя, але слабыя, ватныя.

Відаць, Булаху падалося, што я намерваюся ўдарыць яго, адпомсціць за абразу, і ён абрушыў на мяне ўсю сілу ватнага свайго кулака. Я яшчэ ўбачыў ягоныя вочы. Бадай, злосці ў іх і не было. Была нейкая ўсеахопная роспач, разгубленасць, нямы крык аб дапамозе ў абрамленні сівой раскідзістай расліннасці, глыбокіх рухомых раўчукоў, чырвоных беражкоў...

Уліп. Менавіта ўліп у падлогу, а не прыліп да яе.

Не надта балюча засмылела сківіца.

Любы нармальны чалавек, акрамя, хіба, апошняга баязліўца, пасля такога ўсхапіўся б і кінуўся бараніць свой гонар. Кажучы папросту - даў бы здачу.

Здачу...

Гм, пра здачу я тады нават і не падумаў. Мяне, разам з думкамі, праглынулі ягоныя вочы.

Вочы...

- Яшчэ?

- Дурны ты, Булах...

Я паспрабаваў адляпіцца. І адляпіўся. Лёгка. Як ліпучка ад ліпучкі. На падлозе застаўся адбітак кішэняў маіх джынсаў.

- Дурны ты...

- А што мне рабіць? Што мне рабіць? - Ён пытаўся.

Ён быў няшчасны, і я добра разумеў, чаму. Катэдж для яго - усё. Жыццё. Шчасце. Мара. Уявіце, што некаму дасталася ваша жыццё, шчасце, мара... Вы напэўна ўзненавідзелі б гэтага некага... Для мяне катэдж не быў ні першым, ні другім, ні трэцім... Маім жыццём было нешта іншае, яшчэ дакладна не акрэсленае. Маім жыццём было прадчуванне. Катэдж нават замінаў мне насалоджвацца гэтым прадчуваннем, а можа нават ператварыць яго ў рэальнасць. Па праўдзе, калі б я не быў гэтакі абыякавы да новага свайго жытла, я, напэўна, узненавідзеў бы яго.

Нейкае бязладнае яно, жыццё наша. Таму, хто просіць шчэпку, кладзе ў рукі бервяно, а хто просіць бервяно, нат і шчэпкай не адорыць.

Мне не хацелася даваць здачу. Хацелася абняць Булаха, сказаць яму нешта прыемнае, пагаманіць. Хацелася адказаць яму на яго пытанне. Хацелася, урэшце, прыняць ад яго яшчэ адзін удар і паляцець на бліскучую, як лёд, падлогу.