- Што мне рабіць?
- Стукні мяне.
- Што?
- Стукні мяне.
- Як?
- Так. Проста. Стукні.
- Ты здзекуешся з мяне.
- Ты ж прыйшоў біць мяне.
- Я сам не ведаю, чаго я прыйшоў.
- Але ж табе хочацца біць мяне.
Я бачыў, як рука яго тарганулася назад, як вялізны, што гіра, кулак прачарціў паўкруг (я паспеў бы пры жаданні дзесяць разоў злавіць яго, але жадання такога не ўзнікла) і балюча шмаргануў па сківіцы каля самага вуха. Я, мусіць, на нейкі час страціў прытомнасць. Ачнуўся, распластаны на ліпкай падлозе, ад крыку.
- Людзі! Сюды! Забіваюць! Гад! Сволач! Каб у цябе рукі адсохлі. Людзі, людзі. Памажыце. Міліцыя! Міліцыю! У міліцыю пазваніце.
Адляпіўся гэтак жа лёгка, як і першы раз.
Рытка бегла да нас з даўжэзным дрынам.
- Біцца прыйшоў, ліхадзей пракляты. Я табе наб'юся. Кастусь, ты жывы? Людзі, сюды...
Некалькі чалавек і праўда павыходзілі са сваіх дамоў. Але не падыходзілі, стаялі ў нерашучасці, сачылі, што будзе далей. Следам за Рыткаю беглі толькі дзве незнаёмыя жанчыны.
- Я табе зараз раскрышу галаву гэтым дрынам.
Яна была ўжо зусім блізка.
- Бяжы, Булах. Яна заб'е цябе, - я паспрабаваў пасміхнуцца, але раптам моцна забалела сківіца. - Ну і даў ты мне.
Булах развярнуўся, злавіў жэрдку, вырваў яе з Рытчыных рук, разламаў аб калена, шпурнуў палавінкі далей ад сябе, пайшоў. Моўчкі, не азіраючыся.
- Кастусь, - Рытка кінулася да мяне, - што ён з табою зрабіў. Бедненькі мой. Бездапаможненькі мой. Кроў. У цябе на вуснах кроў.
Яна ўзяла ў рукі маю галаву, уважліва агледзела, пацалавала ў лоб, у нос, у шчокі...
- Кастуська ты мой. Дажыўся, каб баба бараніла. Ну, нічога, людзі бачылі. Я такі засаджу яго на суткі, каб рукі не распускаў. Ён нічога не зламаў табе? Не? Сёння ж пойдзем у бальніцу, здымем пабоі. Ён нам за ўсё заплаціць.
- Не трэба, Рытка.
Я зноў паспрабаваў пасміхнуцца. І зноў ледзь не войкнуў ад рэзкага болю. Вывіхнуў, ці што?
- Што не трэба? Баліць?
- Не трэба ў міліцыю. І ў бальніцу таксама не трэба.
- Як гэта не трэба? Збіў чалавека, і не трэба? Не, я гэтага так не пакіну.
- Сказаў табе, не трэба. Цяпер у ім няма злосці. Ён і так пакараны.
- Не баюся я яго злосці. Няхай ён маёй баіцца.
- Ён і баіцца. Бач, як хутка даў стракача.
- Ага. Палку зламаў. Думала: ну, зараз як агрэе па спіне. Падлога высахла?
- Высахла. Зірні, ці не запэцканы я ззаду.
Агледзела:
- Не, чысты.
Падлога, тым не менш, захавала сляды нядаўняй экзекуцыі. На ёй двойчы адбіліся мае накладныя кішэні.
- Бач, што нарабіў.
- Засцелецца.
Засцелецца. Забудзецца. Ці забудзецца?
- Хадзем снедаць. Сонца вунь як высока. Хутка абедаць пара.
Жанчыны, што беглі за Рыткаю, некуды зніклі. Наша новая вуліца была бязлюднай.
- Хадзем, заўтра ўжо будзем перавозіцца.
Якраз успомнілася Булахава: «Круціць яна з начальнікам гарадскім...»
Я ўважліва зірнуў на Рытку. Рытка? Круціць? Дурніца нейкая. Дзіўна, ні тады, калі слухаў Булаха, ні цяпер, калі ўспомніў яго словы, не адчуў аніякай рэўнасці. Ні на драбок. Можа, таму, што не мог сабе ўявіць Рытку здрадніцай. Не, гэта нейкае непаразуменне, нагавор. Гэта Булах знарок сказаў, каб пасварыць нас, адпомсціць, насаліць. А можа ў мяне не варухнулася ніякая рэўнасць па той простай прычыне, што я не кахаў Рытку. І, мабыць, ужо і не шкадаваў. Ва ўсялякім разе, так, як шкадаваў некалі тую, іншую, зацюканую Рытку. Я нават адчуў сябе лішнім у тым свеце, у якім жыла мая Рытка. Гэта занадта спрошчаны, крыху грубаваты ў сваёй прастаце, занадта рэальны, нават схематычны, загрувашчаны рэчамі, якія абмяжоўваюць кругагляд, заблытваюць позірк, чужы мне, нягледзячы на тое, што і я ў ім жыву, свет. Гэта не толькі Рытчын, але і Булахаў, і «хлыстоў», і сястрын, і нават матчын свет.
Я адчуў сябе бязмежна адзінокім сярод блізкіх і родных мне людзей.
Я ўсё-ткі звар'яцею. Гэтая меланхолія даесць мяне.
- Хадзем, заўтра ўжо будзем перавозіцца.
- Я ведаў, што дзеці нашы зараз у вёсцы, і ніхто не перашкодзіць нам высветліць адносіны, пагаварыць, расставіць усё на свае месцы, унесці ў наша сумеснае жыццё поўную яснасць.
Есці прыгатаваныя Рыткаю мінулагоднія грыбы са шкваркамі я не змог. Балела сківіца. Паеў рэдзенькага супу без хлеба. Папіў малака.
- Бедненькі. Пакутуеш. І я з табою пакутую. - Яна глядзела на мяне скрозь слёзы.
У яе позірку я прачытаў нешта новае: расчараванасць? Стомленасць?
- Ты пра што? Пра бойку?