Выбрать главу

- Пра ўсё...

Я падумаў: добра, што Рытка сама пачала гаворку. Лягчэй будзе і мне пачынаць.

Рытка лёгка кранула маю сківіцу:

- У цябе тут гузачок.

- Пройдзе. Не бяры ў галаву.

- А я лічыла - ты здаравейшы за яго. Ты ж вунь які дужы. Дэсантнік. Гэта я павінна бараніць цябе?

- Не трэба было бараніць. Самі неяк разабраліся б.

- Ага, чакаць, пакуль ён заб'е цябе?

- Я не даў бы яму забіць сябе. Я даў яму вызваліць злосць, што назбіралася ў ім.

- Навошта? Ты страціў павагу і перад ім, і перад іншымі...

- І перад табой?

Яна завагалася. Значыць, магла ўжо і не адказваць. Яе нерашучасць пры выбары адказу гаварыла сама за сябе. Да ўсяго, яшчэ і адказала няпэўна, двухсэнсоўна:

- А што я? Я - жонка...

- І мушу прымаць мужа такім, які ён ёсць? Так? - Я лічыў, што прадоўжыў яе адказ, сказаў тое, у чым яна не рашылася прызнацца.

- Я проста не думала пра гэта. Але ты нейкі не такі, якім павінен быць. Ты заўсёды быў упэўнены ў сабе і мне было лёгка і хораша з табой. Цяпер мне страшна.

- Страшна?

- Так, страшна. Я так марыла, каб побач са мною быў нехта, хто заўсёды прыйдзе на дапамогу, абароніць, захіне ад нягод і ліхадзеяў. Мне так некалі не ставала гэтага. Цяпер тое, былое, пачуццё зноў вяртаецца да мяне. Ты, той, хто сваёй моцнай, упэўненай рукой зняў гэтае пачуццё, сам жа і вяртаеш яго мне. Ты не сёння, даўно ператварыўся ў слізняка. Але я не хацела даваць веры. Адганяла ад сябе ўсялякія думкі пра гэта. Цяпер ты сам даказаў, што не толькі мяне, сям'ю не здатны абараніць, але і сябе...

Яна праслязілася.

- Рытка, ты нічога не зразумела. Я бачыў яго вочы...

- Чые вочы?.. - Яе стомлены голас нібы дапаўняў пытанне, маўляў, Божа, чые яшчэ вочы, ты яшчэ хочаш нечым апраўдацца?

Але я і не збіраўся апраўдвацца. Мяне раздражняла тое, што Рытка не разумее мяне. Я проста хацеў, каб яна ведала праўду.

- Булахавы вочы. Я не мог ударыць чалавека, які глядзеў на мяне такімі вачыма. У іх былі роспач, пакута, зацкаванасць, асуджанасць. Не сумняваюся: яму баліць (і балела, калі біў) куды больш, чым мне. Па праўдзе, я хоць зараз саступіў бы яму гэты катэдж. Гэта яго жыццё. Разумееш? Гэта тое, чым ён жыў.

- Але ж гэта і маё, наша жыццё. У нас дзеці. Ты шкадуеш Булаха, а не сваіх дзяцей...

Я прыкмеціў: як толькі ў Рыткі канчаліся аргументы, каб адстаяць сваё, яна ўзбройвалася дзецьмі.

- Ты ж сам, сам падпойваў, улагоджваў Сяргея... - яна прыпынілася, і толькі праз паўзу дадала, - Сяргеевіча. - Яна ледзьве не назвала яго проста Сяргеем. У мяне варухнулася падазрэнне: што, калі Булах не маніў, калі ў яе і праўда з ім... нешта. - Чаму ж ты яму не сказаў: не трэба мне ваш катэдж, аддайце яго Булаху. Няхай бы яму сказаў. Але ты мне кажаш. Бо ведаеш, што я ўсё адно нікому нічога не аддам. Я ж не начальства. Ладна ў цябе ўсё атрымліваецца: і катэдж у руках, і рукі чысценькія. Ты, Рытка, уся ў брудзе, а я ні пры чым. Я вунь які сумленны. Каму яны патрэбны, гэтыя твае выкрутасы.

Выкрутасы.

Рытчыны словы і здзівілі, і расчаравалі, і разазлілі. Асабліва апошняя фраза. Атрымлівалася, чым больш шчырасці ўкладваў я ў свае словы, тым менш Рытка верыла мне, чым больш мы адкрываліся адно аднаму, тым шырэйшаю і глыбейшаю рабілася прорва між намі.

Але надзея знайсці паразуменне яшчэ цяплілася. Ды ўжо і цяжка было спыніць сябе.

- Рытка, ты павінна ведаць: я нікога не ўлагоджваў. На той пагулянцы мы пасварыліся з «хлыстом» і я пайшоў ў піўнушку. Вось і ўсё.

Рытка крыва, з'едліва пасміхнулася. Яна не верыла мне. Яна так і сказала:

- Ты ўсё маніш. Навошта табе гэта трэба? Ты заўсёды абыходзіш піўнухі. Сяргей... - яна замялася. - Сяргей Сяргеевіч чаму, скажы на ласку, гэтакі быў лагодны і абыходлівы і з табой, і са мной. І зрабіў усё, каб мы як мага хутчэй атрымалі ордэр. Ты ж сам хадзіў за ордэрам. Нічога сабе, пасварыліся. Калі б ад сварак было гэтулькі карысці, я толькі тое і рабіла б, што з людзьмі грызлася...

- Але ж так усё і было.

Я раптам злавіў сябе на думцы, што апраўдваюся перад Рыткаю. І запнуўся. Чаго-чаго, а апраўдвацца, тым больш зараз, калі настроіўся на сур'ёзную гутарку, я не тое што не мог, але і не меў права.

У рэшце рэшт, хопіць прытварацца адно перад адным, што між намі ўсё гладка, усё нармальна. Рытка (яна даказала гэта ў чарговы раз), аказваецца, зусім не ведае мяне. Можа, гэтак ведаю і я яе, хоць яна і здаецца мне цалкам зразумелай. Мы павінны ведаць адно пра аднаго праўду. Гэта ж элементарна.

Праўду.

Я міжволі зірнуў на сябе як бы збоку, вачыма чалавека, які фіксуе адно знешнія праявы майго жыцця і на іх падставе выбудоўвае ўласнае меркаванне пра мяне. Спачатку, атрымліваецца, мяне жэніць на сабе небарака Рытка. Першае падзенне ў вачах назіральніка. Пасля яна забірае мяне з універсітэта і вымушае паступіць у будаўнічы інстытут. Другое падзенне. Выбівае катэдж, з-за якога мяне збівае не надта каб паважаны ў калектыве чалавек, а я нават не супраціўляюся. Напэўна, таму, што баязлівец. Трэцяе падзенне. Рытка (жанчына!) уратоўвае мяне ад хулігана. Зноў падзенне.