Я паспрабаваў запярэчыць, маўляў, ніякая гэта не крэмзаніна... Субяседнік у адказ адно паблажліва ўсміхнуўся. Калі гаспадыня прынесла гарачую гарбату і самапечаныя пернічкі, ён, падзынькваючы лыжачкай, прапанаваў:
- Я хацеў бы прачытаць тую сваю споведзь. Але не ў рукапісе, а апублікаваную. Падпрацуй яе і выдай пад сваім імем. Бо я пад сваім усё адно публікаваць не буду. А табе будзе маральная кампенсацыя за клопаты.
- Вы адцураліся ад свайго?.. - я ледзь не сказаў «дзіцяці».
Ён зноў паблажліва ўсміхнуўся, прыгубіў гарбаты:
- Не ў гэтым справа, зямляча. Дык згодзен?
- Згодзен.
Я адказаў сцвярджальна толькі таму, што ў той міг мяне ахапіла пачуццё жалю да няшчаснага, як мне тады ўявілася, рукапісу, і адначасова пачуццё непрыязнасці да яго аўтара. Ён нібыта прапаноўваў мне ўсынавіць сваё дзіця, якое не падабалася яму і падабалася мне. Праўда, на нейкі міг, расказваючы па маёй просьбе пра першы свой празаічны твор, ён, падалося, усё ж расчуліўся.
- А ведаеш, - уздыхнуў апавядальнік, - хацеў яго, героя свайго, алкаголікам зрабіць. Але - от, трэба ж такому - сон прысніў, нібыта ён, гэта значыць, я, спіўся... Нібыта, чуеш, назбіралі мне хлопцы грошай на білет у сталіцу, каб рукапіс «звёз», а я на тыя грошы набраў гарэлкі, закускі, і пайшоў пешшу. І вось прасынаюся ранічкаю ў лесе пад кустом (куст запомніў - калінавы), азіраюся, мацаю вакол сябе рукамі - няма рукапісу. А тут нейкая гамана зусім блізка. Вызіраю з-за куста, гляджу: маім рукапісам паляўнічыя вогнішча распальваюць. Я стаю і плачу. Моўчкі. Доўга. А сэрца баліць-баліць...
Мне падалося, што расказанае было не сном, а праўдаю. Аднак здагадку пакінуў пры сабе.
Літаральна за некалькі дзён я паправіў, як мог (а мог я дагэтуль правіць адно журналісцкія, газетныя тэксты), выцягнуты з дальняга кута шуфляды рукапіс, разбіў яго на часткі і раздзелы, раздзелам даў назвы, закрэсліў слова «раман» і замест яго напісаў «Гісторыя адной меланхоліі» (усё-ткі, падумаў, гэта сапраўды споведзь, і я не вызначыўся пэўна, які жанр найлепш ёй пасуе), рэдакцыйная машыністка ўпотай перадрукавала ўсё гэта на машынцы і... І на папцы, у якую паклаў «гісторыю», вывеў сваё прозвішча, імя...
Частка першая
РЫТКА
- Танец з хусцінкаю! Сем на сорак! - абвясціў у мікрафон музыка і аперазаўся расцягнутым мехам гармоніка.
Як і ўсе, я перабіраў нагамі, тоўк і перамешваў пясок на падворку, штурхаў локцямі суседзяў: злева безаблічна-непрыкметную аднагодку Рытку, справа незнаёмага мне мужычка, п'янаватага, а таму вельмі энергічнага і смешнага.
Танцоры стварылі жывое пярэста-рухавае кола пад адзіным на ўвесь двор, затое яркім, ліхтаром.
На мяне часам зіркалі дзяўчаты, і я лавіў іх запаленыя гарэлкаю, рухам, вясельнаю ўзрушанасцю позіркі.
Адным, можа, падабалася мая знешнасць, бо я тады быў статны і на галаву вышэйшы за сваіх аднагодкаў, іншым, як сам лічыў тады, абыходлівасць і самастойнасць, у адрозненне ад многіх я амаль не піў за сталом, быў цвярозы, але вясёлы, востры на слова, якое, прынамсі, нікога не крыўдзіла.
Рытка не зыркала. Яна пазней прызналася, што не асмельвалася «страляць» па мне, бо, па-першае, не было чым - вочы колькі ні фарбавала, а прыгожымі, выразнымі яны так і не рабіліся, а па-другое, даўно звыклася з думкаю, што яна нікому-нікому не патрэбна, нават самаму бядотнаму хлапчыне.
Мяне не здзівіла, што я апынуўся калені ў калені на пасцеленай на доле хусцінцы з нейкай мілай істотай адным з першых. Мы цмокнуліся ў вусны - у яе былі густа напамаджаныя, бессаромна блішчалі. Я крутнуўся з дзяўчынаю, твар якой начыста сцёрся з маёй памяці, у вальсе, пакінуў яе і пайшоў, прытанцоўваючы і памахваючы над сабой хусцінкаю, па крузе, выбіраючы «партыю». Мне падалося, што запрасіць якую прыгажуню было б занадта банальна, і я апынуўся перад самаю старэйшай з усяго гурту жанчынаю, без году бабуляю. Кола загуло і запляскала ў ладкі. Гарманіст крыкнуў у мікрафон:
- Бабуля, у засос яго, у засос!
Танец са смехам і гоманам працягваўся. Паспелі пастаяць каленьмі на хусцінцы ці не ўсе, хто быў у коле, а спрытнейшыя нават двойчы ці тройчы, толькі маю суседку Рытку ўсе абміналі. Яна перастала ўжо ўсміхацца, часцей глядзела сабе пад ногі, чым на танцораў, а пасля я прыкмеціў, як у вачах дзяўчыны няўлоўна бліснула слязінка. Я маліў Бога, каб хлопец, што якраз важна праходжваўся паўз гаманкі ланцужок, спыніўся каля яе. Ну, хоць бы дзеля жаласлівасці. Але па-мойму не атрымлівалася. Я пачаў злавацца: чаму гэта яны такія безуважныя, чаму не хочуць парадаваць бядачку?