Выбрать главу

Напэўна, я ўпаў і працягваю падаць у вачах многіх, хто - хоча ён таго ці не хоча - выпадкова ці знарок назірае за нашым з Рыткаю жыццём.

Гэтая ўяўная праўда, за якой хаваецца, як за сямю замкамі, праўда чыстая, паўстала перада мной ва ўсёй сваёй пачварнасці і бязлітаснасці. Я ажно застагнаў. Уголас.

Рытка, якая прыбірала са стала, спынілася з талеркай і анучкай у руках:

- Што, так моцна баліць? Ты ўвесь збялеў.

- Баліць.

- Каб пералому не было. Зараз жа сходзім у бальніцу.

- Якая бальніца. Не сківіца ў мяне баліць.

- А што?

- Ужо нічога. Сядзь лепш. Мы не дагаварылі з табой.

- Што яшчэ гаварыць. Ты чысты, я запэцканая. Ты праўдалюбец, я хітрунка. - Яна сцерла са стала хлебныя крохі, кінула ў сметніцу, стала ў нерашучасці: хапіцца яшчэ за якую работу ці ўсё ж сесці, пагаварыць. - Я згодна. Мне ўсё роўна.

- Рытка.

- Ну што ты ўсё дамагаешся ад мяне. Я ж сказала: я - дрэнь, ты - харошы... Ты гэта хацеў пачуць?

Яна ўсё стаяла ў нерашучасці. Я таксама ўстаў, адышоўся да акна, каб не гэтак балюча ўпіваўся ў мяне яе калючы позірк.

- Ты ўсё ж выслухай мяне. Думаю, я не пакрыўджу цябе, калі скажу, што не кахаў цябе. Ты, напэўна, і сама гэта ведала, ці, можа, адчувала. Я ажаніўся толькі таму, што пашкадаваў цябе. Я і цяпер шкадую, але табе ўжо такое маё шкадаванне не трэба, табе патрэбна іншае шкадаванне. Не падумай, я не раскайваюся. Я паступіў бы гэтак і цяпер, і, напэўна, праз дзесяць год. Згадзіся, табе патрэбна была мая дапамога. А мне, відаць, патрэбна была ты. Можа, без цябе я не адчуваў бы гэткай паўнаты жыцця, не адчуваў бы сваёй значнасці, патрэбнасці на гэтым свеце.

Замест кахання нас звязала нешта іншае, але не адно і тое ж. Я з юначай безагляднасцю ахвяраваў табе ўсяго сябе, цалкам, разам... з марай. Я не думаў пра будучыню. Але мая мара не адпускае мяне. А цяпер я зразумеў і яшчэ адно: усё, што я мог зрабіць для цябе, я ўжо зрабіў. Мы разам выбудоўвалі, выкрышталізоўвалі з кожнага наступнага дня тваю мару. Але мара, аказваецца, бясконцая. Яна паглынае. Варта да яе наблізіцца, як яна хапае цябе за рукі і цягне некуды далей, абяцаючы ўсё новыя і новыя, усё больш і больш прывабныя скарбы. І не дае табе спыніцца. І ты, ашчасліўлены мараю, імкнешся да ўсё большага і большага шчасця. Раней я не разумеў гэтага. Я быў занадта малады. Цяпер, калі зразумеў, мне зрабілася страшна. Я стаміўся. Я баюся звар'яцець ад гэтай бясконцай і абрыдлай мне гонкі.

Рытка, пакуль я захоплена гаварыў, апусцілася на крэсла, падперла кулачком галаву, глядзела на мяне соннымі, прыплюшчанымі вачыма. Нібыта я расказваў ёй перад сном казку, каб закалыхаць яе.

Я працягваў, блытаючыся ў сваім шматслоўі, атрымліваючы асалоду ад таго, што яна слухае і маўчыць. У мяне нават варухнулася надзея, што мы нарэшце можам паразумецца.

- Мы маглі б... Калі б... У нас не магло, не можа быць агульнага на дваіх шчасця. Як і агульнай на дваіх мары. Я не ведаю, ці былі б мы шчаслівейшыя, калі б я павёў цябе да сваёй мары. Але каб такое сталася, я павінен вярнуць тваю павагу да сябе. Нават болей, я павінен закахаць цябе ў сябе. Я павінен зрабіцца для цябе нават болей, чым проста мужам, проста каханым. Бадай, ужо гэта адно і ёсць шчасце. Толькі ці магчыма такое? Шчаслівы, я таксама кахаў бы цябе. І вярнуў бы сабе сваю ўпэўненасць. У намаляванай тваім уяўленнем карціне агульнага нашага шчасця я гэткі ж непадобны на сябе, як непадобныя чалавек і манекен. Я - сапраўды - выглядаў бы чужым сярод намаляванага табою. Я не ўпісваюся ў тваю мару, у якой усё занадта простае і занадта зразумелае. Як не пасавалі б сціплыя, някідкія, лясныя ці лугавыя кветачкі да ярка-бухматых крыклівых прымітыўных кветак на зашклёных карцінах, якіх поўна ў вясковых хатах. Першыя - загадкавасць, непаўторнасць (кожная непадобна адна да адной, па-свойму прыгожая), свежасць, жыццё, натуральнасць... Другія - фарба, шкло, палатно, рамкі... Аднастайнасць...

У тваім жыцці я заўсёды буду нікчэмнасцю. Не тое, што... «хлыст».

Апошняе сказалася неяк знячэўку, нечакана...

Я гэтак хацеў быць зразумелым, нібыта ўжо і сам ператварыўся ў гэтае жаданне. Хацеў, каб мае словы былі не проста словамі, а самім нашым жыццём, ва ўсёй яго паўнаце. Хацеў, каб яны пранікалі як мага глыбей у Рытчыну свядомасць, яе сэрца, каб Рытка пасля маёй споведзі зірнула нарэшце на мяне іншымі вачыма, не замглёнымі аніякімі ўмоўнасцямі. Я захапіўся, і, відаць, не прыкмеціў, што з мяне суцэльным патокам выліваюцца агульныя фразы, як абгортка, тлумачэнне, разжоўванне таго, што яна павінна была пачуць. Я расказаў тое, што было «за кадрам», але не паказаў сам кадр. Паказаў сутнасць. Але ў тэорыі. Калі б Рытка не была прыбіральшчыцай, пасудамыйкай, непераўзыдзенай хатняй гаспадыняй, ёй, напэўна, няцяжка было б убачыць і сам «кадр». Хаця... Яна досыць праніклівая, кемлівая. Але яна ўсё ж іменна прыбіральшчыца, пасудамыйка, хатняя гаспадыня па сутнасці сваёй, па складу свайго светаўспрымання. Тады я, карыстаючыся Рытчыным маўчаннем (яна нібыта і не дыхала, а ў вачах не чыталася хоць якога-кольвек пачуцця, застыла), дадаў: