Выбрать главу

- Рытка, я вяртаюся на філфак, пакуль не позна, кідаю - зараз жа, сёння, заўтра, к чорту яе - будоўлю, і... Еду, еду неадкладна... Яны прымуць мяне. Я ж быў выдатнікам. Дый інстытуцкія адзнакі не горшыя. Трэба пазбіраць дакументы. Я сёння ж пачну збіраць дакументы. Толькі...

Я зноў уважліва паглядзеў на Рытку. Яна па-ранейшаму захоўвала паўнейшы спакой. Нібы заснула з адкрытымі вачамі. Хіба толькі крыху збялела.

- Толькі я вельмі не хацеў бы, каб ты думала, што я патрабую ад цябе гэткую плату за катэдж. Я проста больш не магу так жыць.

Жыць...

І наступіла нейкая ненатуральная, сціснутая, выбухованебяспечная - прынамсі, так мне тады падалося - цішыня.

Цішыня...

У ёй яшчэ лунала рэха майго голасу.

Рытка сядзела нерухомая. Яе кулачок па-ранейшаму абыякава падпіраў галаву.

Праз нейкі час з цішыні выплыла ціканне гадзінніка, які вісеў над сталом. Ён паказваў палову на дванаццатую.

XVIII.

Калі я ўжо затрывожыўся, што Рытка, можа, прапусціла міма вушэй маю споведзь, адзіную маю надзею на паразуменне, яна варухнулася.

- Ты страшны чалавек, Кастусь. - Гэтую фразу яна прамовіла спакойна, проста, нібыта паведаміла, што сёння на абед будзе тое і тое: звычайная, без сюрпрызаў, ежа.

Прызнацца, я чакаў ад Рыткі любога адказу. Але каб гэтак.

- Я і праўда не ведала цябе да гэтай хвіліны. - Яна глыбокадумна перасмыкнула вуснамі, затрымала на мне пранізлівы погляд.

- А ведаеш, з цябе атрымаўся б неблагі свяшчэннік. Я нават заслухалася тваёй пропаведдзю. Не разумею толькі, навошта ты мне ўсё гэта казаў. Я была пра цябе лепшага меркавання. Ты патрабуеш ад мяне занадта многа. Па-твойму, з сённяшняга дня я павінна маліцца на ц ябе, як на святога? Ён, бачыце, кветачка, ён высока, а ты, Рытка, чарвяк зямны, які точыць зямлю і гэтым шчаслівы. Вой, забылася, кветачку ж падточвае, і тая, бедная, вяне. Усё я разумею, не такая дурная, як ты лічыш. І ведаю: на цябе не тое што маліцца, цябе і паважаць няма за што. Сапраўдны мужчына ніколі не сказаў бы таго, што сказаў мне ты. Ты не паспавядацца, ты як найбалючай укусіць мяне рашыў. І такі ўкусіў. Я ж верыла табе, верыла, верыла! - Паўтарала, нібы стагнала. - І цяпер веру, толькі не сённяшняму, а таму, юнаму, шчыраму, такому міламу Кастусю, па якім даўно ўжо сумую. Я чакала цябе, як Бога. Вось тады я сапраўды з радасцю малілася б на цябе. Ты прыходзіў і забіраў мае няўпэўненасць, нерашучасць, страх... Няпраўда, ты кахаў мяне. Я ніколі не забуду той час: так, як ты тады, паводзяць сябе толькі закаханыя. Але ж ваша, мужчынскае, каханне недаўгавечнае. Гэта нават навукай даказана. Таму мяне і не здзівіла тваё прызнанне. Хаця, ты мог і зманіць, каб зрабіць мне балюча. За што? Усяго толькі за тое, што нешта ў тваім жыцці атрымалася не па-твойму. Гэта занадта жорстка. Тысячы, мільёны мужоў аднойчы перастаюць кахаць сваіх жонак. Але калі нехта з іх і прызнаецца ў гэтым, дык не «мудруе», як ты, а так і гаворыць: «Я раскахаў цябе». Але табе аказалася мала і гэтага. Ну навошта, навошта табе хочацца мучыць мяне? Што табе яшчэ ад мяне трэба. Я ж сказала: выб'еш катэдж - кідай работу, вяртайся на свой філфак, калі ўжо жыць без яго не можаш. Ты мог бы зрабіць усё гэта без абраз, спакойна. Але ты не забыўся нават папікнуць мяне Сяргеем...

Цяпер ужо яна нарэшце назвала яго проста Сяргеем. Па імені.

- Калі ты разыграў гэтую сцэну з-за рэўнасці, дык ведай: якім бы ты ні быў мне агідным, я ніколі не здраджу табе, пакуль ты мой муж. Цяпер мне абсалютна ўсё роўна, раўнуеш ты мяне ці не раўнуеш, бо я таксама не кахаю цябе. Раней я пра гэта не думала, а таму не ведаю, калі знікла гэтае пачуццё. Затое я дакладна ведаю: цяпер яго няма. Як ведаю, што ты і толькі ты разбіў маё каханне. Я магла б зрабіцца палюбоўніцай Сяргея (ён гэтага чакае), але ніколі не буду ёю. Толькі не таму, што паважаю цябе, а таму, што паважаю сябе. Ты ні пры чым.