Выбрать главу

Ты ні пры чым.

Рытка гаварыла пра нашыя адносіны, бадай, тое ж, што і я. Толькі па-свойму. Яна так і не зразумела мяне, прыняла маю споведзь (пропаведзь - гм, дадумалася) за абразу. Але ж без гэтай, няхай непрыемнай для яе, праўды я нічога ёй не сказаў бы. Я хацеў толькі аднаго - паразумення. А атрымаў крыўду і... здачу.

Я скрывіўся, як ад зубнога болю.

- Рытка, ты мяне не так зразумела. - Я яшчэ хапаўся за надзею, як тапелец хапаецца за саломінку.

- Правільна я цябе зразумела. Ты нават час для высвятлення адносін разлічыў як нельга лепш. Калі ўжо катэдж у тваіх руках. Раней трэба было аддаваць яго Булаху.

- Я і раней казаў. Ты ведаеш гэта.

- Ты мне казаў. А не Булаху. Не свайму начальніку. Не Сяргею. Мне - загадзя ведаючы, што я буду супраць. Бо ты і сам, калі б я табе прапанавала тое ж самае, быў бы супраць. Любы нармальны чалавек, нават і святы, не даў бы сцвярджальны адказ. Дык вось: ты не толькі ведаў, што я выкажуся супраць, але і сам хацеў гэтага. Табе трэба было іншае: прынізіць мяне, маўляў, глядзі, якая ты зайздросная, сквапная, дробязная... Адным словам, нядобрая. І які я высакародны, шчодры... Святы, дый толькі. І святы - і з катэджам! Табе чамусьці пазарэз трэба выглядаць лепшым за іншых, хоць паступкі твае не лепшыя, а можа нават яшчэ і горшыя. Як я пагляджу, ты проста памешаны на гэтай сваёй надакучлівай ідэі. Яно, гэтае тваё хваравітае імкненне выглядаць лепшым, губіць, псуе цябе. У рэшце рэшт з-за яго ты выглядаеш, ды не выглядаеш нават, а робішся яшчэ горшым: вартым жалю, наіўным, нават агідным, невыносным. І чаго табе ўсё няймецца? Чаму не хочаш быць самім сабою? Мне зусім не патрэбны гэтыя твае... крыўлянні, бо я ведаю цябе сапраўднага.

- Ты якраз не ведаеш мяне сапраўднага. - Я падскочыў да яе, схапіў за руку, відаць, моцна, бо яна войкнула і пачала адмахвацца. Я не адразу ўцяміў, што не гавару, а крычу ёй: - Што ты вярзеш!? Ты зусім, зусім не ведаеш мяне! Ты не маеш права!..

Яна такі вырвала сваю руку з маёй. Адскочыла да дзвярэй. І ўжо адтуль, трымаючыся за клямку:

- Так і знай, Кастусь, паднімеш руку - цярпець не буду. Як бач загрыміш у мяне...

Увесь яе рашучы, натапыраны выгляд, шырока раскрытыя вочкі, надрывісты голас пацвярджалі - гэта не пустыя словы, яна выканае абяцанне.

У мяне ніколі не ўзнікала жадання не тое што ўдарыць, але і пакрыўдзіць Рытку. Натуральна, не было яго і цяпер. І вось з'явілася. Пасля гэтай яе абразлівай для мяне пагрозы. Я нават фізічна адчуў, што ледзь стрымліваю сябе, каб не схапіць яе за плечы і добра такі патрэсці, каб выцерусіць, вытрэсці з яе галавы падобную брыдоту. Але я стрымаў сябе.

- Ну што яшчэ за дзікунства, - прастагнаў у адказ. Адразу ж адчуў сябе страшэнна стомленым, апусціўся ў крэсла, аблакаціўся аб стол і абхапіў рукамі галаву.

Дзікунства.

Што ж цяпер? Трэба на нешта рашацца, нешта рабіць. Прызнаўшыся Рытцы, што не кахаў і не кахаю яе, я, тым не менш, зноў востра адчуў, што яна як бы частка мяне самога. Я ўсё яшчэ быў упэўнены, што патрэбны ёй. Толькі не такі, якім яна мяне бачыць, а які я ёсць насамрэч. Шкада, што яна сама гэтага не разумее і, па ўсім, не хоча разумець. Страшна было нават падумаць, што паміж намі ўсё скончана. Ці скончыцца. Бадай, яна патрэбна была мне не менш, чым я ёй. Нас з'ядноўвалі ў адно цэлае не толькі дзеці. Калі б іх і не было, растанне з ёю азначала б тое самае, што рэзаць па жывому. Што азначае апошняе, разумее, пэўна, кожны: гэта боль, пакуты... Гэтае наша непаразуменне цягнулася, нягледзячы на тое, што мы як бы і не заўважалі яго, столькі часу, колькі мы жылі з Рыткаю сумесным жыццём. Непаразуменне не штучнае, а натуральнае, якое, тым не менш, вельмі лёгка зняць. Для гэтага патрабавалася дробязь: усяго толькі ўвайсці ў становішча адно аднаго. Што да мяне, то я ўваходзіў у яе становішча пачынаючы ажно з таго далёкага ракавога для нас абодвух вяселля. Уваходзіў, пакуль не адчуў, што гэтага мала, што патрэбен і яе крок насустрач мне. Здавалася б, гэта так проста - усяго толькі зразумець, увайсці ў становішча. Гэта лягчэй, чым пераставіць з месца на месца крэсла, чым проста ўстаць з гэтага крэсла. Няма аніякай патрэбы варухнуць хоць бы адным мускулам. Толькі зразумець... Зразумець...

Відаць, Рытцы лягчэй было пераставіць у хаце ўсю мэблю, перарабіць шмат іншай работы, чым дайсці вось да гэтага простага і лёгкага: зразумець. І я не знаходзіў, чым яшчэ можна перайначыць яе стаўленне да мяне.

Рытка ўсё яшчэ не рашалася адысці ад дзвярэй.

- Ты што, сапраўды думаеш, што я магу ўдарыцьь цябе?

- Нічога я не думаю.

- Але ж ты ледзь не ўцякла ад мяне на вуліцу.

- Бо я не збіраюся чакаць, пакуль ударыш. Гэта Булаха, здаровага мужыка, ты і пальцам не зачапіў. А я не Булах - мяне не цяжка пабіць, слабую жанчыну. Толькі не на тую нарваўся. Запомні раз і назаўсёды: я не дам сябе ў крыўду, ніколі, што б там ні было.