Выбрать главу

- І ты яшчэ даказваеш, што ведаеш мяне. Божа, як ты толькі магла да такога даўмецца. Я ніколі, ні пры якіх абставінах не ўдару цябе. Так што можаш расслабіцца і адысці ад дзвярэй.

Я запэўніваў не толькі яе, але нібыта і сябе.

- Рытка, - я пастараўся, каб мой голас быў як мага спакайнейшы, - калі мы збіраемся і надалей жыць разам...

- На што ты намякаеш? - перапыніла яна, папраўляючы пышную прычоску і прысядаючы да мяне за стол, якраз насупраць.

Стол перагавораў, дый толькі.

- Я не намякаю. Проста калі мы збіраемся жыць разам, то жыццё гэтае павінна быць абодвум у радасць.

- Чацвярым.

- Так, чацвярым, прабач. Гэтая гутарка раззлавала і цябе, і мяне. На жаль, мы так і не паразумеліся. Але калі ўжо жыць вось так, не паважаючы адно аднаго - лепей наогул не жыць разам. Хоць гэтага ніхто і не жадае: ні я, ні ты, ні, тым больш, нашыя дзеці.

- Хітрун жа ты, Кастусь. - Рытка нібыта пасвятлела. - Нагаварыў бочку арыштантаў, і зноў назад, у кусты... Усё добра, давайце жыць дружна. І гэта пасля таго, як выліў на мяне гэтулькі бруду.

- Па-мойму, ты адрэагавала дастойна. Але што ты хацела гэтым сказаць? Ты не хочаш згоды?

- Будзем жыць, як і жылі. Што мы зменім? Гэтыя твае пошукі згод, паразуменняў... Пустое... Нікому яно ўсё непатрэбна. От, жыві проста. Бо як пачынаеш мудрыць - бачыш, што атрымліваецца.

- Усё, Рытка, - я такі ўзарваўся, стукнуў кулаком па стале. - Калі ўжо не хочаш мяне зразумець, дык хаця б не вучы. Божа, калі ты... Калі вы ўсе паразумнееце...

Яе позірк зноў насцярожыўся. Я падумаў: варта мне зараз варухнуцца, зрабіць выгляд, што ўстаю, яна як бач зноў апынецца ля дзвярэй, ушчаперыцца за клямку. Ад усяго гэтага мне зрабілася горка і смешна.

- Вось і паразумейся з табой, - сказала Рытка. - Калі ты гэткі разумнік, а ўсе вакол дурныя.

- Прычым тут разумнік, прычым дурныя! Ну што ты зводзіш усё да аднаго і таго ж, - я вымушаў сябе гаварыць спакойна, але, відаць, мяне выдавалі дрыжачыя вусны і нецярплівы пагляд. - Я ні разу за ўсё жыццё не сказаў, што разумнейшы за іншых. Дый не лічу сябе такім. Я не лепшы, я - іншы. Але дзеля цябе, дзеля твайго шчасця прытвараўся такім, як усе. І вось цяпер, - я разрываў словы, нібы першакласнік склады, каб падкрэсліць важнасць кожнага слова, - калі адчуў, што ўжо не маю сіл прытварацца, вырашыў пагаварыць, каб ты ведала, што са мною адбываецца і чаму, і каб гэтая перамена ўва мне не шакіравала цябе, не застала цябе знянацку. Я хачу масціць свой шлях для сваёй мары, бо ў нас з табою шляхі і мары розныя. І калі ты не збіраешся памагаць мне, як памагаў табе я, дык хаця не замінай. Зразумей - гэта не дзівацтва і не выбрык - і не замінай.

- Я ніколі і не замінала табе будаваць, ці як ты там кажаш, масціць нейкі свой шлях. Я проста жыла, як жывуць усе людзі. Гэта не я, ты сам сябе стрымліваў, бо баяўся адказнасці...

- За што - адказнасці?

- Вядома за што: за гэты самы свой шлях. Праўду ты сказаў, прытвараўся. Так лягчэй. Калі б ты рабіў усё па-свойму, то і адказваў бы за тое, што робіш: перад сабою, перада мною, перад дзецьмі, перад людзьмі... Але ты і работу, і адказнасць пераклаў на мае плечы. І яшчэ папракаеш...

- Гэта не папрок, Рытка. Гэта споведзь. Ты ўсё правільна рабіла...

- Але не па-твойму.

- Так, не па-мойму, але ты ў гэтым не вінаватая...

- Дзякуй і за гэта...

- Не блазнуй, Рытка. Няўжо мы для таго пачыналі размову, каб вось гэтак недарэчна скончыць яе?

Рытка стомлена маўчала. Бачна было, што ёй надакучыла гэтая пустая балбатня. Яна апусціла галаву і нецярпліва церабіла кутасікі абруса. З цішыні зноў выплыла ціканне гадзінніка. Зірнула на стрэлкі:

- Божа, абедаць пара. Мы прабалбаталі з табою амаль тры гадзіны.

- Мы позна паснедалі.

Мне не хацелася на гэтым спыняць гаворку. Прадчуваў: калі зараз не знойдзем хоць якое паразуменне, то ўжо не знойдзем яго ніколі. Але ці можна знайсці тое паразуменне ўсяго за некалькі гадзін, калі яго не было ніколі.

Ні-ко-лі.

Я ажно схамянуўся.

Рытка заклапочана зірнула на мяне.

- Табе трэба адпачыць, Кастусь. Паспі. Альбо спачатку мо паясі, а тады ўжо паспіш? Што мы зменім? Будзем жыць, як жылі. Не горш, чым хто іншы, жывем.

Яна ўжо намерылася рушыць да пліты, каб падагрэць абед, але я спыніў:

- Я не буду есці. Калі хочаш, падагравай толькі сабе.

- Як хочаш.

Рытка зноў знерухомела за сталом.

Будзем жыць, як жылі. Як? Не кахаючы? А, можа, я ўсё-ткі кахаю яе? Можа, у мяне гэтакае адмысловае каханне? Можа, і яна толькі са злосці сказала, што не кахае, і не ўсё яшчэ страчана? Можа, гэта часовае расчараванне. У жанчын пачуцці хутка змяняюцца.