Выбрать главу

- Можа, Рытка кахае мяне так, як Маргарыта кахала свайго майстра?

Праўда, чытала ўжо ціха-ціхенька.

- Там нешта рамантычна-містычнае, а тут...

Уздыхнула. Падперла кулачком з заціснутай у пальцах асадкай галаву. Задумалася.

На мяне хваляю накацілася нейкая пяшчота да яе, зрабілася няёмка за сваё раздражненне. Калі ў пальцах зашамацела чарговая цыгарка, спытаў:

- Можна... запаліць?

Я не пазнаў свой голас. Нібыта ён, як і твар, зарос шчэццю, і драпаў па горле.

- Вы ж увесь час паліце, не просячы на тое дазволу.

У яе голасе было чыстае, без прымесяў дакору ці незадаволенасці, здзіўленне.

- Прабач.

- Што Вы... Мне нават прыемна: дым, падвал, рукапіс... І я... Гэта так рамантычна.

Здаецца, гэтага не было. Ці было?

Мурашнік

«Як людзі.., як мой народ».

Алесь Наварыч

Чалавек ужо і не думаў, і не гадаў, што мурашнік, які вырас ля самай лясной сцяжынкі, выжыве, адродзіцца. Некалі ён быў такі маленькі, што не закрываў нават напаўструхлага пянька. Але паступова рудая варушлівая горка большала, спачатку яна падабрала пад сябе пянёк, а пасля пачала няспешна прыцярушваць збіты на ток падзол - светла-шэрую стужку між травы і ігліцы.

Па сцежцы людзі хадзілі не часта, хоць і бывалі дні, калі сноўдалі адзін за другім: то пехатою, то на роварах, а то і на матацыклах.

Тым часам мурашнік рос. Дробненькія, але дужыя і ўпартыя стварэнні з усяго наваколля безупынна сцягвалі сюды патрэбны будаўнічы матэрыял, і да восені горка заняла ўсю сцяжыну.

- Дурніцы, - скрушна схіліў галаву чалавек у форменнай апратцы з дубовым лісцем на пятліцах. - Што ж вы, гіцлі, лепшага месца не знайшлі, га? Чорт матацыклам як шмаргане, ад вашага дома адно ашмоцце і застанецца.

Чалавек прыпаў на адно калена, схіліўся:

- Ну, чаго ты тузаешся? А бач жа, якое ўпартае. Ледзь здужае, а пнецца. Дзіва, такое бервянішча. Каб у цябе хто спытаў - для чаго стараешся? Для жыцця, можа? Не, скажу я вам, не для жыцця, а каб зараза якая ўсё гэта параскідала і прабачэння не папрасіла. Папомніце маё слова.

Мураш трымаў перад сабою разоў у пяць большую за яго трэсачку, тузаўся то ў адзін, то ў другі бок, упіраўся то задам, то перадам, але, здавалася, не пасоўваўся ні на крок. Зрэшты, такое ўражанне было падманлівым - праз хвіліну чалавек зноў глядзеў сабе пад ногі, туды, дзе толькі што поркалася няшчаснае насякомае, і не ўбачыў яго. Светлая трэсачка варушылася каля самага падножжа рудога конуса.

- Бач, ледзь варушацца, а работа спорыцца. - Мужчына неяк спачувальна ці то вінавата пасміхнуўся і падаўся прэч.

Што ні дзень - мурашнік большаў. Ён ужо перагарадзіў сцежку, і калі ехаць па ёй не зварочваючы, лінія праходжання колаў размясцілася б зусім блізка да вяршыні конуса. Ва ўсе бакі ад мурашніка працягнуліся крывымі, нібы карані дрэў, стужачкамі прыкметныя здалёк мурашыныя сцяжыны. А людзі пачалі вытоптваць па адным з яго бакоў дугу, змяняць форму свайго ляснога тратуара. Пройдуцца, абмінаючы перашкоду, прыгнуць траву, уціснуць у зямлю якую ламачыну, адфутболяць да бліжэйшай хвоі сухую і таму растапыраную, як злы індзюк, шышку, спатыкнуцца аб схаваны ў яшчэ зусім слаба вытаптанай траве тоўсты смаляны корань, тупнуць нагой, страсаючы мураша - і абхадны шлях пазначаны. А тыдзень-другі зацішку зноў зацягвае дугу зялёна-рудым дываном.

Мурашоў, праўда, нічога, акром сваёй справы, не хвалявала - ні людзі, ні іх сцежка, ні што б там ні было. Яны нібыта заведзеныя цягнулі і цягнулі да горкі-хаты ўсялякае лясное смецце ды пажыткі - зялёных вусеняў, чорных жучкоў, белых тлустых лічынак.

Аднаго разу на мурашоў неспадзеўкі абрушылася бяда. Яна мела выгляд вузкіх веласіпедных колаў з чорнымі пакрышкамі і бліскучымі нікеляванымі абадамі і гарластых няўрымслівых падшыванцаў. Першы - рабы і ўскудлачаны - угледзеў наперадзе перашкоду і набраў разгон, каб не завязнуць у рыхлай горцы. Паляцелі пырскі лёгкага друзу. След у след за сваім нячэсаным атаманам праляцеў, тузаючы педалі, каб затармазіць, другі. Трэці імчаў крыху воддаль. Ён паспеў зарыентавацца, прытармазіў і абагнуў разрэзанае на дзве амаль роўныя паловы жытло мурашоў. Чацвертым ехала малое і замурзанае. Яно вісела, падобнае да малпы, пад рамаю і неяк ухітралася круціць босымі, чорнымі парэпанымі нагамі скрыўленыя педалі. Адолець мурашнік яно не паздужала і мякка апусцілася на яго левую палову. Заенчыла. Грабянула задубелымі падэшвамі тое, што па крупіцах, гадамі збіралі маленькія будаўнікі, дый саміх будаўнікоў таксама, адскочыла, абабіла падгорнутыя да лытак калашыны, пачало пад смех старэйшых выцягваць ровар, руйнуючы жалезнаю рамаю правую палову конуса.