Калі мяне другім разам запрасілі цмокнуцца на хусцінцы, я пасля «працэдуры», не раздумваючы, папраставаў да Рыткі. Яна не паверыла: пастаяла, утаропіўшыся ў мяне няўцямнымі шэранькімі вачыма, і тады ўжо паслухмяна пайшла на сярэдзіну. Калі нашыя вусны наблізіліся, гарманіст працяжна цмокнуў у мікрафон, і гэтае агромністае «цу-цу-цу», што лавінаю выкацілася з узмацняльніка, падалося мне здзекам. Але то быў бяскрыўдны жарт. Затое па-сапраўднаму здзекліва прагучала кінутае кімсьці з натоўпу: «Што за здыхлю выбраў наш Кастусь?» Пэўна, яна таксама пачула тую насмешку, бо ледзь чутна трапятнулася, і мне захацелася прыціснуць яе да сябе, захінуць ад нядобрых языкоў, супакоіць...
Я запрасіў яе «на хусцінку» і наступным разам, пасля чаго дзяўчына быццам бы папрыгажэла, вочкі яе засвяціліся, і яна ўжо не саромелася раз-пораз «пастрэльваць» у мой бок.
Мне было хораша на душы ад таго, што я гэтакі знаходлівы і што гэтак дапамог дзяўчыне. Я запрашаў бы яе яшчэ і яшчэ, але танец скончыўся. Запыленая, брудная хусцінка зацеляпалася на штыкеціне, нехта паліў мне з вядра на рукі, яшчэ нехта працягнуў цыгарку...
Мой добры настрой не астудзілі ні вечаровы халадок, ні нахабныя зануды-камары, ні кпіны сябрукоў. Хлопцы чамусьці ўпарта чапляліся за мае пацалункі з Рыткаю, і я ледзь паспяваў адбівацца.
- Бабёнка ў цябе, Кастусь, класная.
- Магу прадаць, калі няўцерп.
- Го-го-го. Колькі просіш?
- Да магілы разлічвацца будзеш.
- У-у-у. Яй-бо, я, калі б і мільён мне давалі, не пацалаваў бы гэтую паскубаную кураняўку.
- ...Хто такую брыдкую пад куст павядзе? - хіхікнуў ззаду пісклявы Кепка.
- А яна з такім здыхляком, як ты, пад куст не пойдзе.
- Бягом пабяжыць, гі-гі.
- А як дагоніць? Ты ж не ведаеш, што хлопцы робяць з дзяўчатамі пад кустом. З цябе Манькі Кулачковай хопіць.
- Не, хлопцы, я Кастусю палец у рот не паклаў бы. - Гэта ўжо азначала адступленне.
Мне закарцела дабіць праціўніка:
- Можна падумаць, я ўзяў бы твой брудны палец у свой рот.
- Наблатыкаўся ў тым сваім нівярсяцеце...
...І мы разышліся. Я хацеў яшчэ пастаяць на лёгкім, ледзь улоўным ветрыку, але гаспадар хадзіў па мяккай, як мука, паколатай абцасамі танцпляцоўцы-падворку і крапіў яе шматком сена, якое раз-пораз апускаў у вядзерца з вадою. Шаматнула дожджыкам і па маіх запыленых джынсах, чаравіках. Гаспадар занудліва паўтараў:
- У хату, госцейкі, у хату. Вып'ем, яшчэ патанцуем. У хату...
Уцякаючы ад гаспадарскага дажджу, я, перасмейваючыся з кімсьці, уваліўся разам з іншымі ў звонкую і мітуслівую, нібы вулей, хату.
І ўсё ж настрой у той вечар мне, як я ні выкручваўся, сапсавалі. Сапсавала матка.
Яна гукнула мяне, калі выбіраў, дзе сесці:
- Хадзі сюды, Косцік. Тутака во, каля мяне, свабодна.
- Не, мамо, я да хлопцаў праціснуся, там весялей.
- Кажу табе, хадзі сюды, пагаманіць трэба. - І яна неяк заклапочана зіркнула на мяне. - Сынок, - шапнула на вуха, калі сеў побач, - ці ты ўжэ сабе харашэйшай дзеўкі не знайшоў, га? Вунь Гаткін хлопец і насаты, і згорблены, і не вучаны - а бачыў, якую дзеўку водзіць? Пастухом робіць - ды з гэтым дзелам не промах. Ого-го-о. Умее мазгі запудрыць. Ніхто і не падумае, калі не ведае, што каровам хвасты круціць. На цябе скарэй падумаюць, што такі нехлямяжы. Глядзі мне, каб з гэтаю, як яе, я цябе не бачыла. Мне ж людзей сорамна. Ты ведаеш, які ў яе бацька?
- Ну?
- Што ну? Алкаш. І яна такою будзе. Кроў у яе чыя? Бацькава. Яна нават падобная на бацьку, сухара насатага.
- Ой, мамо, перастань! Людзі во пачуюць.
- Не перастану, пакуль не адчэпішся ад гэтага шчураняці праціўнага. Думаеш, яе бацьку так проста Шчуром завуць? Не, бо ў яго і мода, і морда шчурыныя. А яблыко ад яблыні недалёка падае.
- Ну ўсё. Не збіраюся я з ёю гуляць.
- То давай, сынок, давай вып'ем. Табе сённячы можна. Бач, цвярозы зусім, то грамулька мо не пашкодзіць.
- Зараз во разам з усімі і вып'ем.
Матчыны словы дапяклі мяне. Раззлавалі з-за таго, што нават яна не зразумела, чаму я танцаваў з Рыткаю. Мне захацелася (першы раз у жыцці) захмялець, і я наліў сабе поўную стограмоўку. Маці асцярожна тузанула за рукаў:
- Мо не піў бы поўную, га? Чуеш? Каб не вырвала з непрывычкі.
Мне хацелася ўзбрыкнуць, сказаць, каб не лезла ў мае справы, бо я ўжо дарослы і магу сам сабой распараджацца. Душыла крыўда, што і сябры, і матка, і, напэўна ж, усё вяселле гэтак прымітыўна вытлумачылі маю дабрыню да дзяўчыны, якую лёс зусім не па яе віне абдзяліў знешнасцю. Хацелася крыкнуць: «Разуйце вочы, не блытайце дабрыню з заляцаннем. І наогул: я маю права рабіць тое, што лічу патрэбным, а не тое, што вам падабаецца...»