...Толькі калі аўтобус мінуў наступны прыпынак, чалавек адважыўся зірнуць праз шкло на сіратлівую вуліцу. Якраз перад ягоным тварам бялела на шыбіне снежная пляма. Відаць, нехта хацеў пацешыцца. А можа, тое было зроблена наўмысна, каб лішні раз напомніць, што яго не збіраюцца пакідаць у спакоі і будуць дапякаць яшчэ доўга.
Натуральна, сам па сабе выпадак трывогі ў пасажыра не выклікаў бы. Але гэтаму папярэднічалі падзеі, успаміны пра якія выводзілі яго з раўнавагі. На вуліцы тэмпература была плюсавая, і сплюжаная снежка паціху расцякалася вадзянымі пасмачкамі.
Гэтак і ў людзей: памрэ нехта - спачатку пра яго памятаюць, пасля гэтая памяць паціху сціраецца і, нарэшце, знікае зусім. Быццам і не жыў чалавек на зямлі.
Чыста інтэлігенцкі роздум - ні больш ні менш. Ды яшчэ прыпраўлены меланхоліяй.
Але што, што ўсё ж здарылася? Чаму звычайная снежка выклікала ў ім цэлую плойму ўспамінаў і разваг, чаму яна напалохала яго? Напэўна ж, не без прычыны. Прычына ёсць. Яна простая. А можа, і не вельмі. Паспрабуй разбярыся...
* * *
Мужчыну, які спалохаўся снежкі, супрацоўнікі рэдакцыі звалі Максімавічам, дома - суседзі і сваякі - Максімам; свае артыкулы ён падпісваў так: «М.Шагалевіч». Або ставіў псеўданім «М.Максімаў» - проста і без выкрутасаў, якіх ён саромеўся.
...Быў першы дзень вясны. Пра гэта сведчылі хіба што лісты календароў. На вуліцы ж яшчэ панавала зіма. Ляжаў досыць тоўсты пласт снегу і дзьмуў такі сцюдзёны вецер, што калі б гэты снег не быў мокрым, ніяк без завеі не абышлося б.
Шагалевіч на канечным прыпынку саскочыў з аўтобуса апошнім. Людзі хутка паразбягаліся хто-куды, а ён яшчэ крыху пастаяў, калі шалёны парыў ветру апёк твар, схамянуўся. Бляклыя вочы пасвятлелі, вусны варухнуліся - вецер падхапіў ледзь чутную фразу: «Ат, ёсць у жыцці і радасць, не адно толькі гора». Выраз жа твару быццам бы дадаваў: шчасце ўжо ў тым, што я жыву, бачу дамы, раўнюткія шыхты таполяў, кармушкі для птушак, адчуваю дотык ветру, іду, баючыся паслізнуцца і ўпасці.
Ён праверыў дзіравыя кішэні - ці ўсё там на месцы: пакратаў кашалёк, скамячыў праязны квіток і выкінуў яго ў сметніцу, пальчаткі... А вось адной пальчаткі не было. Азірнуўся - нідзе не відно. Подбегам вярнуўся да аўтобуса (на канечным ён стаіць доўга), падышоў да свайго месца, дзе сядзеў і, убачыўшы патрэбную рэч, уздыхнуў з палёгкай.
* * *
«Чортава сямейка. Трэба ж было звязацца з ёю. Тут у сабе паспрабуй разбярыся, не тое што ў чужой сям'і. Дык жа - павучаць палез».
Шагалевіч жыў адзін - сям'і не завёў, часу не было - на чужыя праблемы патраціў. Адчыніўшы халадзільнік, дастаў яйка, адламіў кавалачак нарачанскага сыру, пачаў есці.
На ім быў цёмны, паношаны гарнітур, блакітная сарочка і сіні гальштук.
«А ўсё ж... Як трэба было зрабіць?.. Але давай, Максіме, пракруцім з самага пачатку... Злашчасны недарэка-скаржнік завітаў да Івана Іванавіча. І той стары мудрэц адфутболіў яго да мяне: маўляў, Максімавіч якраз займаецца сацыяльнай абаронай асобы, ён і разбярэцца. Але ж якая тут сацыяльная абарона, калі гаворка - пра абарону ад уласнай жонкі. Ды пойдзем далей. Госць паведаміў, што пакуль ён ляжаў у бальніцы, жонка павывозіла з хаты ўсё дашчэнту і падала на развод. Плакаўся: з ім паступілі вельмі жорстка, несправядліва. Здаецца, я вагаўся, ці брацца за гэтую справу, але ён вельмі прасіў. Ды яшчэ й быццам бы незнарок падхваліў - сказаў, што сам ён ніколі не дадумаўся б прыйсці ў рэдакцыю - сябры па палаце параілі, запэўніўшы, што няма больш справядлівай інстанцыі за газету. І ён здаўся. Пайшоў па суседзях, пагаварыў з цесцем, сустрэўся з жонкаю. І сапраўды, нават родны бацька тае нахабніцы характарызаваў майго наведвальніка як чалавека гаспадарлівага і працавітага. Пра яе ж, былую афіцыянтку рэстарана, якая паўгода таму падпала пад скарачэнне і дагэтулуь нідзе не ўладкавалася, гаварылі толькі дрэннае: і выпіць не супраць, і паліць, і з кампаніямі сумніцельнымі водзіцца. Карацей, склалася ўражанне, быццам яна для сямейнага жыцця зусім непрыдатная. І гэта пацвердзілася пад час сустрэчы з самою віноўніцаю. Сімпатычная, хоць і паўнаватая, бландзінка; яна нават і не збіралася апраўдвацца. «Няхай пабегае, патрасецца, дробязнік смярдзючы», - зласліва ўсміхнулася і абыякава махнула рукой, тым самым даючы зразумець, што размова скончана».
Максім Максімавіч запаліў.
«Я пачаў ужо рабіць накіды да артыкула, як раптам пазваніў скаржнік і, паўтарыўшы разоў дзесяць слова «прабач», папрасіў нічога не пісаць. Але чаму? Аказалася, хутка адбудзецца суд і ягоную маёмасць вернуць. Як і трэба было чакаць, маёмасць яму вярнулі, хоць і не ўсю. Што ж да артыкула, дык ён, нягледзячы ні на што, з'явіўся і меў вялікі поспех.