Выбрать главу

Тым часам нехта гукнуў: «Кастусь, не зявай», - і я перакуліў стограмоўку. Пасля другой крыху зашумела ў галаве. Яшчэ раз супакоіў матку і перайшоў у іншы пакойчык, дзе весялілася маладзейшая, якраз па мне, кампанія. Там хмялеў далей, пакуль гарэлка не адабрала памяць.

II.

Раніцою доўга не расплюшчваў вачэй. А калі ўсё ж асмеліўся, доўга не мог зразумець, дзе я. Напэўна, на маім месцы спалохаўся б любы, калі б замест чысценька пабеленай столі ўбачыў над сабою дзіркаваты канёк пакрытага шыферам хлява, аброслыя павуціннем кроквы і перагародкі. Пада мною шамацеў вялізны пахучы матрац - сена. Воддаль, бліжэй да квадратнай дзіркі лаза, валяліся некалькі вілаў-трайчакоў, драўляныя граблі... З дзіркі тырчэлі дзве жэрдкі-драбіны.

Сціснуўшы далонямі скроні, падняўся. Аказалася, ляжаў не на голым сене. Пада мною была пасцелена нечая куртка. Перавярнуў і жахнуўся - яе, Рытчына. «Няўжо я спаў тут з Рыткаю?» Ад такой згадкі галава разбалелася яшчэ больш, і я, ледзь не страціўшы прытомнасць, зноў бухнуўся ў абдымкі сена і водару...

Калі прачнуўся другім разам, з усіх шчылін старога даху ўжо тырчэлі залацістыя коп'і-промні.

У галаве пасвяжэла, толькі цела трымцела асінавым лістком і ныла, быццам учора цэлы дзень насіў каменне.

Згадка пра бацькоў, якія, напэўна, вельмі хвалююцца, куды я прапаў, падганяла. Але колькі хвілін ляжаў яшчэ, не маючы сілы паварушыцца.

За тыя хвіліны праз маю свядомасць пранеслася плойма супярэчлівых думак.

«Рыта, Рытка, Маргарытка, мне і сорамна і брыдка (пасміхнуўся рыфме). Што было гэтае начы? Нашто я зачапіў цябе? Як я зірну на цябе сёння? Пашкадаваў на сваю галаву. А ці трэба было? Маці казала, што не трэба. Яна старэйшая і мудрэйшая. А я дурны. Але ж я не рабіў нічога дурнога. Вось толькі гэтае сена. Толькі б ніхто не ўведаў. Божа, толькі б не дайшло да маткі».

Трывога прагнала і санлівасць, і слабасць. Да мяне, нарэшце, з усёй яснасцю дайшла недарэчнасць маіх учарашніх паводзін.

* * *

На падворак выбіраўся з вялікай асцярожнасцю. На кожнай прыступцы драбін спыняўся і пільна прыслухоўваўся, гатовы ў любую хвіліну шмыгануць угару, зашыцца ў сена. Ад маёй учарашняй упэўненасці не засталося і следу.

Унізе акуратна, не спяшаючыся, абабіў ад сена светла-карычневую сарочку, джынсы, знайшоў нейкую анучку, працёр запыленыя карычневыя туфлі. Прычасаў валасы, павыдзімаў з грабеньчыка смецце. Крышачку, на адзін палец, адчыніў рыпучыя, вышчарбленыя з-пад нізу дзверы, прытуліў да шчыліны вуха. Недзе блізка пішчалі качаняты, какатала квактуха. Адчыніў дзверы болей і прасунуў у шчыліну галаву. Качаняты паласкалі ва ўкапанай у зямлю бляшанцы з-пад селядцоў чорныя і жоўтыя насы. Побач спала, схаваўшы пад крыло галаву, маці-качка. Пад квактухай ля парослага імхом чорнага плоту варушыліся, шукаючы цяплейшага месца, рознакаляровыя пушыстыя шарыкі. Чмыхнуў вецер, і на падворку закружыўся рой парашуцікаў-дзьмухаўцоў, якія насцярожылі і качку, і квактуху. А малеча бегала і лавіла іх.

На хвілінку я забыўся пра асцярожнасць і паплаціўся. Невядома адкуль з'явілася Рытка. У выцвілым халаціку на вострых хлапечых плечках і старых, заляпаных гноем і брудам бясколерных растоптах, яна была яшчэ больш пачварная, чым учора.

- Не бойся, дома нікога няма, бацькі пайшлі пахмяляцца. - Рытка стаяла і па-змоўніцку, схіліўшы на бок галаву, зазірала сваімі маленькімі шэранькімі вачыма ў мае вочы. У позірку чыталася ўпэўненасць у тым, што яна падабаецца мне...

Рытка трымала пагнутую алюмініевую міску з нейкім змесівам, і рука яе таксама была выпацканая.

- Ідзі туды, за агарод. Там ніхто не ўбачыць.

Я выслізнуў з дзвярэй.

- Чакай, Кастуська. Мне трэба табе нешта сказаць.

- Ну?

- Прыходзь да старой грушы. Ну, дзе ў дупле чэрці водзяцца. Там скажу.

- Ага. - І я вопрамеццю кінуўся прэч, пераскочыў цераз канаўку за агародам, знайшоў у траве сцежку і паплёўся, збянтэжаны і спалоханы, дахаты.

* * *

Дома, на шчасце, ніхто пра мае начныя і ранішнія прыгоды не ведаў. Маці адно насварылася, што не начаваў, дзе трэба, і ўзялася тачыць бацьку.

- Я цябе калі, панчоха старая, прасіла, каб узмежкі павыкошваў, бо трава зараз спруцянее пад гэтакім сонцам? Каб сённячы ж касу накляпаў і павыкошваў усё на свеце, бо як бач валёнкам па шыі заробіш.

- Каса ў мяне гатовая, баба. Гатовая. Я не кашу, бо ўвесь узмежак у дзьмухаўцах. Праз дзень-другі пух пазлятае, тады і зраблю ўсё як трэба.

- Каб ты ўжо ў глухое балота зляцеў...

Бацька прапусціў гэтыя словы паўз вушэй. Ён працягваў мне качыныя яйкі.