- Глянь, Кастусь, у цябе вочы лепш бачаць. Ці варушыцца там што-небудзь? - Пакуль я то вокам, то вухам абследаваў яйкі, бацька мармытаў:
- Качка дурная. З тымі, што вылупіліся, да вады пабегла, а гэтых, бач, пакінула. То я на печ іх паклаў. А адно, чуеш, Кастусь, бегчы не здужала, дык на зямлі ляжала. Прыхаладзіла шыю. Цяпер яна ў яго як усё адно скручаная - дзюбка не прама, а ўбок глядзіць. Што з ім рабіць?
- Глянь, тата, гэтае ўжо наклёўваецца. Вунь трэшчынкі. І шалясціць-шалясціць. І гэтыя варушацца. А гэтае ці захалола ў хляве, ці спяклося на печы.
- Захалола. Зірні на скрыўленае.
Я ўзяў у рукі скрыўленае качаня.
- Што яму рабіць, сынок, каб выпрамілася?
Выйшла меншая за мяне на два гады сястра. Яна хмыкнула, маўляў, гэтае качаня трэба закапаць у разору і не дурыць галаву. Маці падхапіла яе.
- Ёсць вывадак - хопіць. А то будзеш днямі валаводзіцца каля небаракі.
Я выпраміў качаняці галаву і заціснуў між пальцамі. Яно падрыгалася і сядзела ўжо ціха, адно лыпала чорнымі вачанятамі.
- Калі б гэтак колькі дзён пасядзела, напэўна выпрасталася б.
- Выпрастаецца яно ў яме, - бразнула клямкаю маці.
Цэлы дзень я правалэндаўся з пакалечаным качанём. Вечарам таксама да поўначы не выпускаў з рук. А на Рытчына запрашэнне спаткацца ля грушы забыўся.
На трэці дзень маё качаня трымала галаву прыкметна раўней. Яйкі апусцелі, і малеча, якая з іх вылупілася, ужо галёкала следам за качкаю. Я яшчэ колькі дзён павыпраўляў бедачыну і пусціў у гурт. Скрыўленасць засталася, але цяпер яна не перашкаджала качаняці есці, піць, рухацца, развівацца і хутка расці.
За пятнаццаць з лішнім гадоў многае забылася з таго юначага, даармейскага жыцця, а гэты эпізод чамусьці помніцца вельмі яскрава і з усімі падрабязнасцямі. Я дакладна ведаў, што ратую пачварнае птушаня не дзеля таго, каб пад восень мець лішні кавалак мяса, але я не ведаў, дзеля чаго раблю гэта.
Наступная мая сустрэча з Рытай адбылася праз два месяцы, у сярэдзіне лета, пасля маёй сесіі ва ўніверсітэце, дзе вучыўся на філалагічным факультэце. Я ўжо быў пераведзены на другі курс.
Гэтыя два месяцы былі для мяне вельмі насычаныя самымі рознымі справамі. Я павыкошваў на ўзмежках траву, абагнаў бульбу, пакалоў і пакастрыў пад клуняю дровы, перачытаў Булгакава, Сартра, Разанава, Ванегута і Межэлайціса, адолеў без троек сесію, схадзіў у тэатр на прагляд «Трохграшовай оперы», выпіў з дзесятак вёдраў кавы, некалькі разоў пацалаваўся з прыгожанькай верціхвосткай-аднакурсніцай, накрэмзаў паўблакнота вершыкаў, якія, аднак, нікому не паказаў, паправіўся на паўкілаграма і ні разу ні аб чым не пашкадаваў.
А з Рыткаю сустрэўся выпадкова пад грушкаю, у дупле якой водзяцца чэрці. Якраз там, дзе дамаўляліся. Толькі са спазненнем на два з гакам месяцы. Паўз гэтую грушу прабягала сцяжына, якая разам са старым дрэвам падзяляла вёску на дзве паловы. Мы ішлі па ёй насустрач адно аднаму, быццам знарок дзеля таго, каб спаткацца.
Рытка зазірнула ў велізарнае спарахнелае па краях дупло, агукнула, засмяялася:
- А шкада, што мы ўжо выйшлі з таго ўзросту, калі вераць у казкі, у чарцей.
У нашай вёсцы бацькі па традыцыі расказваюць сваім малалетнім дзецям казку, якую ім расказвалі іх бацькі, што апоўначы з дупла старой грушы выскокваюць чэрці, ператвараюцца ў авечак і палохаюць людзей, таму вечарам нельга доўга бадзяцца па вуліцы. Груша зелянела толькі адным сваім бокам, другі, мёртвы, чарнеў голымі рагамі галля.
- А я цябе чакала тады. - Рытка апусціла вочы і прасавала наском басаножка сцежку. Справа-налева, злева-направа - як шчотачка аўтамабіля. Валасы ў яе былі рэдзенькія, прамыя, колеру нездаровай збажыны. Нос, здавалася, засланяў сабой і вочы, і вусны, якія губляліся на твары.
- Даруй, - адказаў я, каб нешта сказаць і каб не пакрыўдзіць яе. - Я не мог прыйсці, і вельмі шкадаваў аб гэтым.
- Праўда? - Яна ўскінула вочы. Яны блішчалі.
Я ўсміхнуўся, як мне тады падалося, шкадобнай, бацькоўскай усмешкай:
- Ведама ж, праўда. - Я хлусіў.
- А ведаеш, што я хацела сказаць табе?
- Не.
Агеньчыкі ў яе вачах патухлі, іх месца заняла насцярожанасць і нешта яшчэ. Можа, пакута.
- Я хацела сказаць пра сенавал.
- Што?
- Ну, гэта, расказаць, што і як было між намі.
Яе вочы неяк па-даросламу ўважліва вывучалі мяне.
- А хіба што-небудзь было?
- А ты нічога не помніш?
- Не, я зусім нічога не помню. Я нават не помню, як скончылася вяселле.
Гэтым разам я казаў праўду.