Выбрать главу

Рытка пасля майго прызнання зрабілася нейкаю лягчэйшаю, вальнейшаю. Так заўсёды бывае, калі напружанне змяняецца разняволенасцю.

- А я помню. - Яе вочы зноў па-маладому засвяціліся, а ў голасе нават з'явілася нотка какетлівасці. - Ад цябе было не адчапіцца. У цемнаце ты схапіў мяне на рукі і панёс у хлеў, на сена.

- Па драбінах?

- Ну, не па паветры ж.

- Гм. Ранкам адзін злазіў, і то баяўся, каб не трэснулі.

- Дзіва што - цвярозы. - Яе вочы зноў насцярожыліся.

Шкада - я не ўмеў тады разгадваць вочы. Чытаць чытаў, а разгадваць не ўмеў. Я разгадваю іх цяпер, як рэбусы, узнаўляючы ў памяці.

Мы маўчалі добрую хвіліну. Яна глядзела ўдалячынь, убок, туды, дзе каля малінавага ляску ўзбягала на пагорак дзвюма глыбокімі каляінамі мяккая попельная дарога. Пасля рашуча зірнула на мяне (так глядзяць у бездань, у якую даўно наважыліся паляцець, але ўсё не рашаюцца) і сказала тое, чаго я ніяк не чакаў пачуць:

- Я цяжарная, Кастуська.

Мяне быццам абдалі кіпенем.

- Як? - Іншых слоў не знайшлося.

- Так. Пайшоў трэці месяц.

Я збоку зыркнуў на яе жывот.

- У два месяцы на жывот ніхто не глядзіць. - Яна ўсміхнулася, стомленая, а ў вачах быў страх.

- Што ж цяпер рабіць? - Я зрабіўся поўным ідыётам і не разумеў, што адбываецца з намі і вакол нас.

- Не ведаю. - Яе голас задрыжэў. У ім чулася мальба. Але вырашыць, а тым больш абяцаць нешта ў гэты момант я ўжо не мог і дамовіўся сустрэцца з ёю заўтра, пад вечар, на гэтым жа месцы. Яна пакорліва згадзілася, і мы, нават не развітаўшыся, разышліся.

Ідучы дахаты, я ўсю дарогу паўтараў: «Чортава груша, чортава груша...» А калі сцяміў, што трызню ўголас, змоўк. У галаве блыталіся думкі пра вучобу, пра маці, якая, калі што, з'есць мяне, пра сястру, якая абавязкова будзе насміхацца, пра магчымы шлюб з Рыткаю, які здаваўся мне вялікаю недарэчнасцю і нават глупствам.

Да сямейнага жыцця я быў не падрыхтаваны, і добра ўсведамляў гэта: не адвучыўся, не адслужыў у войску, і наогул яшчэ зусім малады. Мне хацелася спазнаваць свет, быць вольным і ні ад кога не залежаць. Хацелася безаглядна радавацца жыццю.

IV.

Пасля таго, як Рытка абвясціла пра сваю цяжарнасць, я шчэ не ведаў, што мне не дадзена самому распараджацца сваім лёсам, што гэтыя абавязкі ўзяла не сябе нейкая вышэйшая сіла, якая дзейнічала па-за маёй свядомасцю.

Я мог толькі фанабэрыцца або, наадварот, хадзіць змрочны і разбіты, быццам мяне выключылі з першага курса ўніверсітэта, і трэба наважыцца сказаць пра гэта маці.

А сказаць пра свае пакуты я не рашаўся.

Прыйшоўшы ў той дзень дахаты, з галавой зашыўся пад коўдру на драўлянай ляжанцы за печчу, быццам ад некага ці ад нечага хаваўся. На двары, за сцяною, усчаўся вятрыска. Ён разгайдаў галлё «пепінкі», што расла на рагу нашай хаты, і ў акно забохкаў невялічкі, з тэнісны шарык, яблык. Гэта раздражняла мяне, і я сарваўся з ляжанкі, выскачыў на двор і са злосцю ірвануў недаспелае гарэзлівае стварэнне.

І толькі калі ўкусіў яго - засмяяўся. Я паспрабаваў уявіць сабе, як выглядаў толькі што збоку: выскокваю, як ашалелы, з хаты, кідаюся на беднае, ні ў чым не вінаватае яблычаня, упіваюся ў яго, вылупіўшы вочы, зубамі, як у заклятага ворага.

Праўду кажуць: ад трагічнага да смешнага - адзін крок.

З поўдня на вёску насоўвалася чарнюшчая, нібыта размешаная з фіялетавай акварэллю сажа, хмара.

- Сынок, памажы качак у хлеў загнаць, - паклікала ад канаўкі маці.

Пакуль мы заганялі пісклівае птаства (качка са скрыўленай шыяй па-ранейшаму адным вокам глядзела ў неба, а другім у зямлю, але была добра ўкормленая), зграбалі з бацькам і накрывалі рэшткі сена, памагалі маёй малодшай на год пстрычцы-сястры здымаць бялізну, у сцежку, у драўляны ганак, у бульбоўнік урэзаліся буйныя, як тыя недаспелыя пепінкі, кроплі.

Калі дождж ашалеў не на жарт, я ўжо стаяў ля акна і таропіўся ў шыбіну, забыўшыся пра ўсё на свеце, нават пра Рытку, якая апошнім часам не выходзіла з маёй галавы ні днём, ні ноччу. Я склаў і тут жа дэкламаваў уголас, вершык:

Люблю часіну непагоды, як вёску хваля захлісне. І, твар насупіўшы, прырода міргае бліскавіцай мне. Лісточак рве віхор-свавольнік з галінкі тонкай у акне. Я за акном, як той нявольнік. Пад хвалі б твар падставіць мне.

Вершык атрымаўся нейкі асенні, з адным лісточкам, і я адразу ж забыўся на яго. Цяпер, успамінаючы той час, згадаў яго адразу і да апошняга слоўца.

- Хі-хі, нявольнік.