- Ён калі і змешваў нас з граззю, дык не з чыёй-небудзь, а з нашаю, якой нам не пазычаць...
Мы крыху паслухалі яшчэ, але хутка зразумелі, што канца дурной спрэчцы не будзе, і загаманілі пра сваё, закідваючы адно аднаго пытаннямі. Праўда, Вераніка яшчэ паспела, перш чым мы поўнасцю адасобіліся ад кампаніі, кінуць колькі слоў у гэтае месіва абвінавачванняў. Глыбакадумна зацягнулася цыгарэткаю, эфектна прыцерусіла попелам абгрызеныя костачкі ў талерцы, пасля не то для сябе адной, не то і для мяне таксама сказала:
- Чаго яны дабіваюцца адзін ад другога? Усё адно ж не знойдуць ісціны. Бо сама спрэчка - гэта і ёсць ісціна, бо жыццё - гэта суцэльная супярэчлівасць, няхай сабе і жыццё аднаго чалавека.
Такім чынам Вераніка разбіла ўсе довады «пракурораў» і «адвакатаў» і зрабіла спрэчку пустой і непатрэбнай. Я ж ад гэтых слоў устрапянуўся, адчуўшы, што маю справу зусім не з тою гарэзай-дзесяцікласніцай, з якою да самазабыцця цалаваўся больш чым дваццаць год таму ў хвойніку паміж яе і маёй вёсачкамі. Поруч са мной сядзела, выставіўшы кругленькае крамянае каленца, занадта сур'ёзная, нават, падалося, суровая жанчына, якая, магчыма, перанесла нямала душэўных выпрабаванняў. У гэты момант яна выглядала чужою не тое што ў нашай кампаніі, але і наогул у чалавечым жыцці - такім дробязным і нікчэмным. Пад яе пранізлівым позіркам я пачуваў сябе не вартым увагі мурашком. Уважлівей прыгледзеўшыся да сваёй даўняй знаёмай, я знайшоў, што ўся гэтая кідкая апратка, якую яна нацягнула на сябе, - звычайны маскарад. Ні чырвоная кароценькая спаднічка, ні пушысты, вельмі багаты з выгляду пярэсценькі пуловер, ні доўгія бліскучыя кліпсы зусім не пасавалі ёй, бо тое, што было патрэбна ёй, - гэта шэры касцюм з якім-небудзь някідкім маленькім упрыгожаннем на лацкане пінжака і гэткая ж строгая (для дзелавой жанчыны) прычоска.
Мае развагі, відаць, занялі шмат часу. Вераніцы надакучыла выпрабоўваць на сабе мой хутчэй задубелы, чым задуменны, пагляд, і яна падхапілася, падсунулася бліжэй і зазірнула мне ў вочы:
- Ты хоць калі-небудзь успамінаў пра мяне?
- А ты?
- Божачкі, Андрэй, ты зусім не змяніўся. Ты як быў маўчуном, так ім і застаўся. Гаварыць не любіш, затое гатовы бясконца слухаць і слухаць... Помніш, калі ты праводзіў мяне дахаты і мы садзіліся на лаўку пад парканам, дык заўсёды не знаходзілі пра што пагаварыць. І ты плёў мне дурныя анекдоты, бо далей нашае маўчанне нельга было трываць.
- Помню, Вераніка. Я тады вельмі дакараў сябе за сваю маўклівасць. Баяўся, што стану табе нецікавы, што абрыдну табе і мы расстанемся. Мусіць, я кахаў цябе.
- А цяпер?
- А што цяпер. Цяпер у мяне ёсць жонка, трое дзяцей. Я іх вельмі люблю. Сям'я для мяне - святое. Дый хіба ў такім узросце гавораць пра каханне? Глупства.
Вераніка капнула сабе трошачкі «Рускай», паставіла на месца маленькі кругленькі графінчык. Сябры заўважылі гэта і накінуліся на мяне:
- Ты што, не можаш прыслужыць даме? - Сцяпан хутчэй узяўся падкладваць у яе талерку салату, мяса.
- Кавалер саплівы. Давай разлівай, вып'ем разам з госцяй.
Я моўчкі напоўніў шкляначкі, даліў Вераніцы, спустошыўшы графін.
- Дзеля такой сустрэчы трэба было б яшчэ заказаць якую мачынку. А то нейкі сціплы прыём атрымліваецца, - падаў голас Васіль, які бутэльку заўсёды называў мачынкай. Калі хто заходзіў да яго ў госці, ён заўсёды прапаноўваў: «Ну што, па мачынцы?»
Я запытальна паглядзеў на Вераніку.
- Не, болей піць не буду. Я і так вельмі ўдзячна вам за такі прыём.
- Ну, тады з Богам. За сустрэчу.
Мы выпілі, але ад выпітага я не п'янеў, а, здавалася, толькі цверазеў. І ўсё прымушаў Вераніку добра закусваць. Тая ж для выгляду пакорпалася відэльцам у сваёй талерцы, а пасля, крыху аб нечым падумаўшы, нахілілася да мяне і шапнула:
- Мне пара...
- Дзе ты жывеш? Далёка? Я правяду. - Я таксама перайшоў на шэпт і ўжо выціраў сурвэткаю рукі, рыхтуючыся пакінуць наседжанае месца.
- Хіба так важна, дзе я жыву? Няўжо, калі далёка, дык не захочаш правесці?
- Не-не, што ты.
- Дзякую. Ты не забавішся. Да майго дома - адзін аўтобусны прыпынак.
- І гэты шлях мы пройдзем пешшу.
- Так, пройдзем пешшу.
* * *
- Ведаеш, Вераніка, а я нядаўна праязджаў тою дарогаю, па якой праводзіў цябе тымі даўнімі вечарамі-начамі дахаты. Ехаў, і нічога асаблівага, надзвычайнага ў тым лесе не прыкмячаў. Нават не пазнаў спярша, пакуль не агледзеўся і не вызначыў дакладна месцазнаходжанне аўтобуса. А тады мне ўсё здавалася надзвычайным: і тое, што ў лесе было шмат варання, якое ад майго свісту ўзнімалася ў фіялетавае вячэрняе неба і рабіла яго чорным, а цябе палохала, і тое, што на дарозе было шмат пяску, таму ты здымала туфелькі, ішла басанож. Цяпер там - асфальт і няма крумкачоў. Быццам бы нехта знарок гэтак усё зруйнаваў, каб не пакінуць і напаміну пра нашае шчасце. Няхай сабе тое і не было каханнем, але ж нам было добра, мы пачувалі сябе як у сне, як у прыемным, цёплым, лагодным сне.