3 верасня 1969 года. Верачка, мы просім цябе ўзяць шэфства над адстаючымі вучнямі твайго класа...
26 студзеня 1970 года. У мяне закахаўся самы прыгожы вучань з 9 класа Андрэй К., з якім за шчасце палічыла б сябраваць любая дзяўчына школы. Ён таксама выдатнік і друкуецца ў газетах...
8 красавіка 1970 года. Маці сказала: «Веранічка мая, і ў каго ж ты такая разумненькая ўдалася. Матка ж твая дурніца з дурніц, а бацька і зусім п'яніца...»
- Чакай. Я хачу вярнуцца да папярэдняга запісу. Хіба ты магла напісаць такое пра мяне? Ты ж кахала мяне. Кахала, так?
- Гэта яшчэ дробязі. Паслухай, што я працытую далей.
«...На ўроку ваеннай падрыхтоўкі праходзілі стральбу. Я адстралялася горш за ўсіх. Тады ваенрук заявіў, што паставіць мне адзнаку «добра», і не болей. Я пачала пярэчыць, маўляў, тое, як я страляю, не павінна ўплываць на адзнаку. Галоўнае - я добра ведаю дысцыпліну. Ён зараз жа задаў некалькі пытанняў, і я заблыталася ў іх, бо была занадта ўзбуджаная: мяне вельмі страшыла, што ў маім бездакорным дзённіку можа з'явіцца цёмная пляма. Калі ён папрасіў дзённік, я паглядзела на яго гэтак жаласліва, што пусціў бы слязу і камень, і прашаптала: не магу, вельмі вас прашу. Ён лагодна ўсміхнуўся (так лагодна, як можа ўсміхацца забойца, стоячы над сваёй ахвяраю) і прапанаваў застацца ў ціры пасля ўрокаў, каб трошачкі патрэніравацца. Але мы не трэніраваліся...»
- Вераніка, я не веру табе. Ты была сапраўдным анёлам. Я не хачу, каб ты расказвала мне пра гэта.
- Не, я буду працягваць. У нас не дайшло да ГЭТАГА...
«...Ён папрасіў мяне распрануцца, але я ўся дрыжэла ад страху і не магла скрануцца з месца. А гэты паскудны чалавек, які падобны быў на кій, і калі ішоў, то здавалася, што ў яго хранічны радыкуліт, супакоіў мяне: я не зачаплю цябе, я хачу толькі палюбавацца табою. І я зрабіла, як ён прасіў. Каб ты бачыў, як ён захапляўся маім целам, як цалаваў мае ногі, бёдры і жывот. Не скажу, што гэта было прыемна мне, але перад вачыма маімі ўсплыло самае галоўнае: уціснутая ў клетачку дзённіка дробненькая пяцёрка і сшытак у белай вокладцы, у якім наступны запіс будзе гэткім жа прыемным, як і папярэднія...»
- Гэты запіс у цябе атрымаўся вельмі доўгі. Але ты забыла назваць дату, калі ён рабіўся.
- Гэты запіс захаваўся толькі ў маёй памяці. У сшытку ён выглядаў бы занадта пачварна. А яго ж разграфаваныя лісты былі маім жыццём. Я сама ператварылася ў гэты сшытак.
- Ты падманвала сябе.
- Магчыма. Але так было.
- Са мною ты таксама цалавалася дзеля запісу ў сшытку?
- Гэта пытанне-папрок?
- Не, я задаў яго з цікаўнасці.
- Тады адкажу. Не варта скідваць з рахунку, што я ўсё ж была дзяўчынаю. І дзяўчынаю дарослай. Я нават пачувала сябе жанчынай, і з табою зусім забывалася на сваю хваробу. Яна мяне ненадоўга адпускала. Але ў рэшце рэшт мне наканавана было так і застацца разграфаваным сшыткам. Хочаш, я пакажу табе свой адбітак?..
Не чакаючы адказу, яна падхапілася, скіравала да кніжнай шафы, і я ўбачыў перад сабою зусім не тое, чым любаваўся колькі гадзін таму. Гэта была постаць няшчаснай, стомленай жанчыны. І я падумаў: гэтая хвароба ўсё ж даканала яе.
Не, яна не горбілася. Але рухалася так, нібы наперадзе стаяла гільяціна і ёй трэба горда пакласці на яе сваю галаву. Горда і толькі горда, каб не выклікаць жаласлівасць у некага з тых, хто з прыкрасцю сочыць за кожным яе рухам. Здаецца, ззаду, з бакоў жанчыну акружылі вясковыя бабкі-балбатухі і скрушна ківаюць галовамі: «Хто б мог падумаць, хто б мог падумаць. Які жах, які жах. Жыві проста, кажуць, пражывеш год да ста. Не хоча «проста», не хоча».
Шафа была вялізная і са шклянымі дзвярыма, за якімі я знайшоў вачыма чорныя вокладкі Поўнага збору твораў Леніна і мноства бліскучых, яркіх пераплётаў. Можа, гэта былі кнігі з серыі эратычных бестселераў. А калі адчыніліся ніжнія непразрыстыя дзверцы, увагу прыцягнулі цэлыя стосы тонкіх і агульных сшыткаў. Напэўна, сярод іх ляжалі і вучнёўскія дзённікі. Вераніка ўзяла самы верхні, абцягнуты бялюткаю штучнаю скураю. Выглядаў ён як новы: чысценькі і акуратны.
Я падхапіў яго з вялікай асцярожнасцю. Адчуваў - я першы пасля Веранікі, хто гартае гэтыя пазначаныя чужою таямніцаю старонкі. Большая палова іх аказалася спісаная раўнюткім курсівам і разграфаванымі на тры гарызантальныя паловы: першая - дата, другая - асноўны запіс і трэцяя, самая вузкая (прыкладна два-тры сантыметры шырынёй) аддзяляла чыстае поле. Почырк на першай і апошняй старонцы мала чым адрозніваўся. Можа, з часам ён стаў хіба толькі болей размашысты.