Выбрать главу

Гэта сястра не прамінула пакпіць з мяне. Ад яе я заўсёды меў адны непрыемнасці. Што б ні рабіў, яна насміхалася і цвяліла мяне.

- Праўда, скора Рытка Шчурыха зробіць цябе нявольнікам. Ужо ўсё сяло ведае, што яна цяжарная ад цябе. Во пацеха будзе - Рытка з хвастом.

- Ідзі адсюль, дурная, бо як трэсну мухабойкай, дык і прыліпнеш да гэтага куфра (яна сядзела, звесіўшы ногі, на куфры, у якім, між іншым, ляжаў яе пасаг).

Пстрычка пырхнула на кухню. У мяне разбалелася галава і я, не распранаючыся, заснуў трывожным сном на ляжанцы за печчу.

Штораз прахопліваўся, але спаў да самай раніцы. Мяне супакойваў толькі дождж, які, нібы бабка-шаптуха, усю ноч прамаўляў нада мною свае гаючыя замовы-малітвы.

Ранічкою маці зірнула на мяне і затрывожылася:

- Ты бытта нездаровы, сынок. Бач, змаркатнелы зусім, і вочы блішчаць. Каб часам не грып.

- Які яшчэ грып? Улетку.

- Думаеш, улетку грыпу не можа быць? Ён калі хочаш прычэпіцца. Жару няма? - Яна даланёй паслухала мой лоб: - Не, няма.

Пасля ўхапілася за доўгі вільчак і пачала выцягваць ім з печы, з гарачага зіхоткага вуголля вялізны чыгун з вадою. Я ледзь паспеў адскочыць, каб яна не прапарола знянацку мой нічым не прыкрыты бок.

- Дай мо я памагу табе, мама.

Я абгарнуў анучкаю чорную пузатую пасудзіну, перанёс яе ў сенцы і выплеснуў кіпень у цэбар са свінячай мешанню.

У гэты дзень я ўсё рабіў неяк машынальна і бяздумна. Усе мае думкі займала Рытка, яе цяжарнасць, як і маё безвыходнае становішча, магчымы шлюб. Я ўжо змірыўся з тым, што мне давядзецца ажаніцца з гэтай нягеглай, заморанай дзеўкаю, з гэтым, гэтым... брыдкім качанём, бо іначай яна зробіцца ў вёсцы яшчэ большым насмішчам і ўсё жыццё будзе пакутаваць. А я напоўню лік тых, хто гэтыя пакуты памнажае. Яе і без дзіцяці ніхто не возьме замуж, а тым больш з дзіцем.

Мне зрабілася да слёз шкада яе, такую адзінокую і няшчасную, усімі адрынутую і аднаму Богу вядома колькі разоў зняважаную.

Збіраючыся з абеду на спатканне, я цвёрда вырашыў даць Рытцы згоду на шлюб. І нават уяўляў сабе, як засвеціцца ад гэтае навіны яе твар, як пакута і трывога, што пастаянна дрыжаць у яе вачах, у адзін момант ператворацца ў радасць, як на маіх вачах няшчасны чалавек пераўвасобіцца ў шчаслівага.

Ад такіх думак мяне самога ахоплівала шчымлівая радасць, і я здаваўся сабе лёгкім, бы аблачынка. Аднак варта было ўспомніць пра маці, пра тое, як яна адрэагуе на мой намер, радасць як бач лопалася.

І ўсё ж да грушкі я ішоў, поўны рашучасці абнадзеіць дзяўчыну. Мне здавалася, што крочыў не вельмі хутка, а на самой справе ледзь не ляцеў. Дзядзька, з якім я размінуўся, нават гукнуў у спіну:

- Кастусь, дзе пажар?

- Які пажар?

- Я думаў, ты на пажар гэтак грабеш.

- Ат. - Я махнуў рукой і пайшоў не так хутка, а дзядзька ззаду задаволена рагатнуў.

Па ўтравелай сцежцы ўздоўж парослай альхою і вербалозам канавы падышоў да мастка з неабкораных бярозавых круглякоў. Вакол усё зелянела, вышараванае цёплым летнім дажджом.

V.

Рытка чакала. Я згледзеў яе, яшчэ не ступіўшы на масток. Адсюль можна было адгадаць, які ў яе настрой.

Рытка вельмі нервавалася. Яна прысядала, зрывала травінку, заціскала ў зубах і зараз жа выплёўвала. Зрывала зноў, кусала, выплёўвала. Выпроствалася, папраўляла кароценькую сукенку так, што мне здавалася, быццам яна выцірае аб бёдры свае кволенькія далонькі.

Мяне яшчэ больш ахапіла шкадоба да яе. Я падышоў і адразу ж узяў яе ручаняты ў свае.

Што гэта былі за ручаняты! Халодныя і безжыццёвыя, як лапкі збянтэжанага птушаняці. Аб тым, што яны жывыя, напамінала толькі ледзь улоўнае трымценне.

- Ну, прывітанне, птушанятка маё.

Я сказаў гэтыя словы неяк па-даросламу, па-бацькоўску. Зусім не так, як іх прамаўляюць закаханыя юнакі.

- Дабрыдзень, Кастусь. - Яна не паднімала на мяне вачэй, глядзела на зробленую кратом купіну каля маіх ног і быццам чакала прысуду.

- Можа, мы прыселі б вунь на грудку?

Рытка, не ўзнімаючы вачэй, згодна хітнула галавой.

Грудок, і праўда, быццам бы прызначаўся для таго, каб на ім утульна сядзелася. Па той бок ад грушы ён пераходзіў у ямінку, і мы селі амаль як на лаўку, засцеленую гусінаю лапкаю, крываўнікам, жорсткаю грудавою травой.

- Рытка, я хачу сказаць... Ты носіш маё дзіця. Значыць... Значыць мы павінны пажаніцца. - Я ўважліва і сур'ёзна зірнуў на яе. І толькі зараз прыкмеціў глыбокі разрэз на яе сукенцы збоку.

Сукенка была не новая, але чысценькая і акуратная, нават сімпатычная. Вось толькі здорава выгаралая: ад зялёнага колеру амаль нічога не засталося. Я нават не здолеў вызначыць, які на ёй некалі быў малюнак. А вось нітка, якою Рытка падрубіла разрэзы, зелянела вельмі ярка. Значыць, яна зрабіла гэтыя разрэзы нядаўна, можа, нават учора. Зрабіла, у гэтым не было ніякага сумнення, спецыяльна для мяне. Помню, мяне яшчэ здзівіла, што яны, тыя разрэзы, былі аж занадта глыбокімі, амаль да пояса, і я міжволі падумаў, чаму з іх не вызіраюць трусікі.