- Жалезнага мустанга ў мяне таксама няма.
- Я ж, здаецца, сказала, што мне мустангі не патрэбны.
- Як жа тады мне цябе называць?
- Маё імя Валянціна. Так і называй.
- А маё - Жэнік.
Жытлом Валянціны аказаўся інтэрнат. Высокі, нібы слуп, абкладзены барвовай пліткай, ён узвышаўся над суседнімі будынкамі.
- Ты мне пазвоніш? - запыталася яна каля дзвярэй. І, не чакаючы адказу, прадыктавала нумар свайго рабочага тэлефона. - Гэта бальніца. Я там працую медсястрой, - дадала, амаль прытуліўшыся да вуха. Цмокнула яго ў шчаку і знікла. Быццам і не было. Толькі за дзвярыма гулка зацокалі абцасікі.
«Ну і гісторыя», - крутнуў галавою Жэнік і засмяяўся. Затым ён імчаў на аўтобусе да свайго студэнцкага інтэрната. Ужо змеркалася, і перад вачыма праляталі, быццам вялізныя снежкі, блакітна-белыя плямы ліхтароў. Сёння яны здаваліся асабліва яркімі, нават урачыстымі. Хацелася імчацца ўсю ноч, каб хоць крыху астудзіць узрушаныя, узбунтаваныя пачуцці.
* * *
На наступны дзень яны сядзелі ў маленькім рэстаранчыку за столікам ля самай эстрады. Жэнік упершыню наведаў такую ўстанову і адчуваў сябе не зусім ёмка. Але не толькі гэта было прычынай ніякаватасці. Усяго некалькі гадзін назад ён атрымаў ліст ад сваёй дзяўчыны з вёскі, поўны пяшчоты і нейкай, цяпер ужо, здавалася, наіўнай шчырасці. Хлопец глядзеў на багата сервіраваны стол, на ўсе гэтыя закускі, салаты, крышталёвыя шклянкі, бутэлькі; глядзеў на асляпляльную, свежанькую Валянціну ў белай вязанай сукенцы, якая пакідала адкрытымі прыгожыя крамяныя плечы і частку грудзей. Ён бачыў перад сабою Валянціну, а сам успамінаў спатканні з Марыяй у дамоўленым месцы за ваколіцай. Божа, як адрозніваліся гэтыя сустрэчы - тыя, што былі ў вёсцы, і сённяшняя. Як не падобны адна на адну Марыя і Валя. Прыкладна так, як не могуць быць падобныя саматканая сялянская світка і модная імпартная кофтачка.
З Марыяй ён адчуваў сябе лёгка: мог сказаць што неўпапад - яна даравала, не баяўся быць наіўным, дзяліўся самым патаемным. Ёй таксама было лёгка з ім. Аднойчы яны аж да самага світання прастаялі, захутаныя шчыльным туманам, каля хаты, усё цалаваліся, мілаваліся, не маглі развітацца. А калі з-за сяліб прасачыліся першыя сонечныя промні, адкуль ні вазьміся - Марыіна маці і давай хвастаць дзяўчыну хвартухом па спіне. Здавалася, пасля такой знявагі яны не змогуць больш зірнуць адно аднаму ў вочы, але пры першай жа сустрэчы ён неяк па-простаму, па-сяброўску спытаў: «Што, дасталася ад маці?». «Дасталася, - гэтак жа проста адказала Марыя. - Але нічога, яна добрая. Толькі каля хаты ўсё роўна стаяць больш не будзем. Лепш за ваколіцай». І яны доўга і весела смяяліся, руйнуючы ўсялякую ніякаватасць.
...Тут жа трэба сачыць за кожным словам і рухам. Сабранасці патрабуе сама атмасфера іх яшчэ няпэўных, нявызначаных адносін. Добра, што за два гады вучобы крыху асвойтаўся ў горадзе, іначай даўно ўжо абняславіўся б. Валя - не Марыя. Ледзьве што - засмяе.
Пасля некалькіх чарак гарэлкі ніякаватасць прайшла. Марыя паціху знікала, адыходзіла на другі план, а вочы прагна лавілі Валю. Вось яна акуратна прабіла нешырокае кола танцораў, і яе зграбнае цела пачало вырабляць хуткія выкрутасы ў такт музыцы. Яркія кофтачкі, кароценькія спаднічкі, чорныя сетачкі калготаў, джынсы, касцюмы адразу ж расступіліся, прыпынілі рух, залюбаваліся невядомай танцоркай. Валя не ведала стомы. Яе рукі мільгалі то пад самай столлю, то плылі ў бакі, галава плаўна адкідвалася назад, цела выгіналался, нібы спружына. Жэніку захацелася раптам абняць яе, прытуліць да сябе, пацалаваць адкрытыя спакуслівыя плечы, злавіць гарачыя месячыкі вуснаў...
Да Валі пачалі падыходзіць мужчыны. Яна круціла галавою, гарэзліва смяялася, пасля крутнулася некалькі разоў з шырокаю джынсаваю курткаю, пакінула яе, падбегла да Жэніка... І яны сталі героямі вечара. У інстытуце ён навучыўся нядрэнна танцаваць, таму трымаўся з Валяй больш-менш упэўнена. Пасля па яе просьбе заказваў музыку, замяняў на эстрадзе гітарыста і нават не заўважыў, як яны, яшчэ не астылыя ад гарэлкі, музыкі і танцаў, апынуліся на аўтобусным прыпынку, пасля ў інтэрнаце, у яе маленькім утульным пакойчыку.
Ноч ператварылася ў казку. Казкаю былі яе трапяткія рукі, якія аблытвалі цела мяккаю казытлівай павуцінкаю, яе хуткае, гарачае дыханне ў самае вуха; яно пранікала глыбока-глыбока ў сэрца, пераварочвала ўвесь свет, вымушала дзейнічаць... Казкаю быў яе дзівосны шэпт у цішы пакоя. Казкаю была яна, тоненькая, але не худая, налітая маладой свежасцю, загарэлая амаль да чарнаты, быццам адлітая з воску, са светлымі ўзгорачкамі палаючых грэшным, пякельным агнём грудзей, уся такая звабная і жаданая на белым прастакутніку канапы.