- Х-хэ, рыцар знайшоўся, - ацаніла яго ўчынак правадніца і знікла за дзвярыма.
Жанчына дрыготкімі рукамі разгарнула паперку, узяла дзве тоненькія белыя цаглінкі... У шклянцы жвавай сінічкай зацінькала бліскучая лыжачка.
У яго маці такія ж патрэсканыя, грубыя, абветраныя рукі. Праўда, грубыя яны толькі з выгляду, а на самой справе вельмі пяшчотныя і мяккія - гэта хлопец добра памятае яшчэ з дзяцінства.
У Валі таксама пяшчотныя рукі. Але іх пяшчота зусім іншая - узбуджае, дурманіць, падбівае да неабдуманых дзеянняў. Рукі ж маці супакойваюць, наганяюць здаровы і моцны сон, лечаць ад усялякіх стрэсаў, душэўнага прыгнечання, перажыванняў.
Дотык Марыіных рук ён чамусьці ўжо не памятае. Ды і вабіла ў ёй Жэніка нешта зусім іншае. А што, ён і сам дакладна не ведаў: ці то ўнутраная нейкая прыгажосць, ці шчырая, з ямачкамі на шчоках, усмешка, ці жывыя і бойкія, з затоенай недзе ў глыбіні дзікаватасцю чорныя выразныя вочы. Хутчэй за ўсё, вабілі ўсе яе вартасці, узятыя разам.
Жэнік раптам акінуў адным усеабдымным успамінам сваё жыццё, пачынаючы аж з таго далёкага часу, які ён толькі мог узнавіць у памяці. І хаця жыццё было пакуль што вельмі і вельмі кароткае - нядаўна размяняў трэці дзесятак, - ён склаў з яго па нейкай сваёй, нікому не вядомай схеме цэлы горад - горад успамінаў. Шчаслівыя выпадкі набывалі ў ім формы раскошных палацаў і шырокіх праспектаў, няшчасныя або нежаданыя з'явы нагадвалі маленькія, увагнаныя па вокны ў зямлю хаткі, якія даўно патрабуюць злому, хвіліны смутку юнак абазначаў вуліцамі без асфальту, на якіх заўсёды вільготна і няўтульна... Вось так і атрымліваўся ў Жэніка цэлы горад, вельмі падобны на сапраўдныя гарады, якія ён паспеў убачыць.
Цяжкія колы цягніка грукаюць манатонна, быццам адбіваюць мелодыю, а хлопец у вагоне, закалыханы ёю, блукае і блукае па няўтульных вуліцах свайго асабістага гарадка, час ад часу зазірае ў маленькія скасабочаныя хаткі: у адной з іх маці плача над памёрлай бабуляй, у другой ляжыць цяжка хворы бацька і просіць пасядзець з ім. «Няўжо ў маім горадзе прыбавіцца яшчэ адна такая чорная хаціна? - думае хлопец. - Нашто яны ў горадзе? Няхай бы ўсё было добра». Раптам брудная вузкая вулачка выводзіць яго на новы светлы праспект, высланы рознакаляровым зіхатлівым брукам, які ўпіраецца ў велічны палац; такой прыгажосці ў сваім горадзе юнак яшчэ не бачыў ніколі. Ахоплены цікаўнасцю, ён адчыняе запаветныя дзверы і... нечакана трапляе ў абдымкі Валянціны. Яе лёгкія, быццам крылы матылька, рукі песцяць ягоныя шыю і твар, дрыготкія вусны слізгаюць полымем па яго вуснах. Залаціста-зялёныя вочы яе на залацістым твары і пад залатою кудзеляю валасоў сабралі ў сабе, здаецца, усе знічкі, якія толькі ёсць на небе. Яны блішчаць і іскрацца. Іскрыцца і ўвесь пакой у палацы. Здаецца, усё тут выраблена з золата.
«Чаму я ні разу не наведаў палац, у якім жыве Марыя? - спытаў ён у самога сябе перад тым, як заснуць, а можа, нават і ў сне.
* * *
Пад цёплымі промнямі чыстага вясенняга сонца цямнее, плавіцца снег на палях. Ноччу ён падмярзае, пакрываецца зверху нетрывалым шурпатым панцырам, а днём зноў слязіцца, яшчэ больш асядае, прыпадае да чарназёму, робіцца порыстым, нібы гумавая мачалка. Пасля поры растуць, выядаюць апошнія снежна-ледзяныя крышталікі, і сонцу адкрываюцца бліскучыя чорныя камячкі зямлі. У некаторых месцах глеба набрыняла, і вада, не маючы куды дзецца, застойваецца на паверхні, утвараючы невялікія лужыны.
На прысядзібным участку Андрэя Галубка лужын не бывае ніколі. Ён не дае ім застойвацца. Своечасова адводзіць раўчукі (адзін паміж полем і мяжой, астатнія - у залежнасці ад нізкіх месцаў), па якіх цёмная, змяшаная з брудам вада сцякае ў невялічкі штучны вадаём, выкапаны Галубком яшчэ ў тыя далёкія часы, калі ён працаваў на калгасным экскаватары.
Зараз ён чысціць ад усялякага бруду - камякоў зямлі, ламачча, шэрых каменьчыкаў - тоненькія водныя шляхі, падганяе рыдлёўкаю ваду...
Выпростваецца. Заганяе рыдлёўку ў неадталую яшчэ зямлю, і на вяршок адпаліраванага дзяржальна апускаецца яго шырокая цяжкая пяцярня з набрынялымі карэнішчамі венаў.
Бацька засяроджана назірае, як збягае па раўчуку ўчарашні снег, як спяшаюцца ў вялікую ваду маленькія крохкія льдзінкі, якія нават тут дахітраюцца налазіць адна на адну, крышацца на яшчэ больш дробныя часткі, імітуючы сапраўдны рачны крыгаход.
- Дзень добры, тата, - вітаецца сын.
- Здароў сынок, здароў, - не хаваючы радасці, адказвае, павярнуўшыся, бацька. - Ты што, на канікулы?
- Якія зараз канікулы, тата.
- А як жа ты прыехаў? З заняткаў уцёк?