Выбрать главу

Яна заўважыла мой позірк і паспрабавала неяк прыкрыць аголеныя бёдры, якія падаліся мне не такімі ўжо і кастлявымі, але ў яе нічога не атрымалася.

- Што? - схамянулася дзяўчына на мае словы.

- Ты згодна выйсці за мяне замуж?

Рытка колькі часу ўзіралася ў мяне, вывучала, ці не блазную, а тады прыхінулася да майго пляча ілбом і яе плечыкі сутаргава закалаціліся. Рытка плакала.

Мне трэба было б счакаць, пакуль яна супакоіцца, але я ў тую хвіліну таксама збянтэжыўся і таму перапытаў трэці раз:

- Ну што, згодна?

Замест адказу яна толькі хітнула галавой (гэты рух я адчуў сваёй рукою), шмарганула носам, выцерла даланёй шчаку. Праз хвілінку зірнула на мяне вільготнымі вачыма і прамовіла:

- А ты як думаеш?

- Думаю, што згодна.

- Ну, вядома ж, Кастуська. Я цябе так кахаю.

Тут і мне самы час быў пусціцьь скупую мужчынскую слязу. Але я стрымаўся.

Не ведаю, колькі часу мы маўчалі зноў, толькі прыкмеціў, што сонца, якое вызірала з-за сакавітай звонкай кроны вялізнай ліпы, паспела схавацца за ёю зусім. Я спытаў:

- Ты да доктара ездзіла?

- Не яшчэ. Скора паеду. - Рытка ўсхліпнула і, як мне падалося, насцярожылася.

- А адкуль уся вёска ведае, што ў цябе ад мяне дзіцёнак будзе?

- Як гэта ўся вёска ведае?

- Так. Мне ўчора сястра сказала.

- Адкуль жа ёй ведаць?

- Я і пытаю, адкуль?

- Я нічога нікому не казала.

У Рытчыных вачах чыталася шчырае здзіўленне, і я пачаў нават падумваць, ці не прагаварыўся ўчора ў сне. Але ж не, я ніколі не размаўляю ў сне.

- Я ўспомніла. - Рытка вінавата і нават спалохана, як баючыся ўдару, скасілася на мяне. - Я, гэта, калі адчула, што са мной нешта не тое, запыталася ў маткі. Яна мне патлумачыла, што да чаго, і яшчэ спытала, з кім магло здарыцца... Ну, сам ведаеш, што. Я і сказала, што з табою.

Я добра ведаў Рытчыну маці. Яна крыху дурнаватая і любіць закінуць за каўнер, як і бацька. Маты гне лацвей за любога мужыка. Калі яе зачапіць, будзе праклінаць на ўсю вёску тры дні. Паверыць Рытцы, што яе маці разнесла паведамленне пра цяжарнасць па ўсёй вёсцы, гэта тое самае, што назваць белае белым, а чорнае чорным.

Я ніколі не кпіў з гэтай жанчыны, але заўсёды недалюбліваў, а цяпер нават узненавідзеў. Рытку ж мне было шчыра шкада. Мне так хацелася, каб у яе жыцці было хоць трошачку болей святла.

VI.

Пакуль я «кахаўся» з Рыткаю, пакуль мы назіралі з ёю, як па-важнецку няспешна апускаецца за высокую калгасную зернесушылку агромністае чырвонае сонца, дома ў мяне выспявала навальніца.

Пстрычка-сястра высачыла, з кім і дзе я баўлю час, і нават расказала маці, што Шчурова Рытка цяжарная ад мяне.

Калі б я адразу пасля такога паведамлення з'явіўся перад яе вачыма, яна, напэўна, забіла б мяне сваім цяжкім зашмальцаваным пярэднікам. Але я з'явіўся пазней, і маці біла мяне словамі:

- Я табе казала, каб не бачыла больш з гэтым шчуранём праціўным? Казала?

- Ну, казала.

- Не паслухаў мяне?

- ...

- То для цябе што маці кажа, што сабака брэша, адно і тое ж, га?

- Не, не адно і тое ж.

- Чаму ж тады не паслухаў мяне?

- Я і не хадзіў да яе.

- А грубая яна ад каго?

- Я на вяселлі тады напіўся і не помню нічога. А прачнуўся ў Шчуроў у хляве, на сене. Рытка сказала, што тады і... Ну, гэта самае...

Маці як бач змяніла тон і ўжо накідвалася больш не на мяне, а на Рытку.

- Не вер. Не вер, кажу табе, ёй. Маніць, як ёсць маніць, сучка. Ёй замуж свярбіць, дык і лезе без мыла, куды не трэба. Точна нічога не помніш?

- Кажу ж, не помню. Калі б помніў, хіба ж я...

- Такое нельга не помніць. Гэта табе не па-лёгкаму за хлеў схадзіць. Значыць - не было нічога. Успомніш маё слова - не грубая яна ніякая. А калі й грубая, то чаму ты бегаеш да яе, як прыручаны цюцька, чаму нос па зямлі валочыш, што я ажно пра хваробу падумала? Чаго ты мітусішся? Няхай яна думае. Мо не тваё гэта, мо хто іншы дабег. Адкуль табе ведаць? Э-эх, дурань! Яна цябе водзіць за нос, а ты, як той баран, і ходзіш следам. Ты ж хлопец, табе пра гэта не трэба думаць. Хлапечая справа вядома якая. Кінь і забудзь яе! Хай сабе гадуе на здароўе, хай выкручваецца, раз такая хітрая, раз сама падлезла.

- А калі ўсё ж маё? Да яе хлопцы і блізка не падыходзяць.