Няўлоўна мігцяць далёкія і блізкія агні. Часам яны выцягваюцца ў доўгія бляклыя крэсы, перакрыжоўваюцца з лініямі дажджу, знікаюць... паяўляюцца зноў...
Цёпла, утульна, неспакойна...
Непадалёку ад хаты дождж сцішэў. А можа, яго тут не было зусім. Можа, тут не было суму?
- Дождж, ты прывёў мяне сюды, каб пакінуць каля самай мэты аднаго?- Раманавы рукі стомлена апусціліся на слізкія поручні мастка.
У бруднай канаве, на самым дне гнілога сметніка, злосна скавытаў прамокшы да ніткі вецер. Раман абыякава назіраў, як шалёна рваў ён з бліскучай кансервавай бляшанкі вузенькую палосачку паперы, перакульваў жоўтыя абрыўкі газет, гайдаў некалі ружовую бязногую ляльку, жудасна завываў у тоненькім рыльцы пляскатай бутэлькі з-пад адэкалону, забаўляўся, як футбаліст з мячом, з маленькім жаўтлявым клубочкам, падобным да...
- Яе сабачаня, - узрадавана падумаў Раман і збег уніз.
- Добра, што я знайшоў цябе. Але якое ты бруднае, мокрае. Нічога, я цябе выкручу і сагрэю каля свайго сэрца. Гэта гаспадыня выкінула цябе на сметнік, так? І колькі ж ты тут праляжала? Я занясу цябе на тваё старое месца, і ніхто больш не пакрыўдзіць цябе. Ты дапамог мне, ты, барбос. - Раман пстрыкнуў сабачаня па чорнай кнопачцы носіка і шчыра, упершыню за сем дзён, засмяяўся.
Шчанюк быў плюшавы і не чуў, як у грудзях, да якіх ён быў шчыльна прытулены Раманаваю рукою, горача калацілася ўзрушанае ЯЕ блізкасцю сэрца. А тым больш не чуў ён біцця яшчэ аднаго змучанага трывогаю і чаканнем сэрца. Ён не ведаў нават, хто вінаваты ў яго нядаўніх пакутах, як, зрэшты, не ведаў, ці пакутаваў ён увогуле.
Анатоль Крэйдзіч
Нарадзіўся 27 чэрвеня 1965 года ў в. Заверша Драгічынскага раёна. Да 1979 года жыў у в. Заверша, вучыўся ў Завершскай васьмігадовай школе. У 1979 годзе разам з маці пераехаў у в.Рудск Іванаўскага раёна. Тут пайшоў у 8 клас Рудскай школы.
Скончыўшы 8 класаў, паступіў у Ржэўскі саўгас-тэхнікум на агранамічны факультэт, які скончыў у 1984 годзе.
З 1984 па 1986 – на вайсковай службе ў гарадах Люберцы і Падольск Маскоўскай вобласці. Быў мастаком-афарміцелем.
У 1986 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі.
У тым жа 1986 годзе паступіў на працу ў калгас “Светлы шлях” (в. Рудск) інструктарам па спорце.
У 1987 годзе прыняты на працу карэктарам Іванаўскай райгазеты “Чырвоная звязда”. Хутка пераведзены на пасаду карэспандэнта газеты. Затым – загадчык аддзела, рэдактар раённага радыё, зноў загадчык аддзела газеты. Адначасова публікаваў свае творы – паэзію і прозу – у рэспубліканскай маладзёжнай газеце “Чырвоная змена”, літаратурных часопісах. У 1994 годзе ўбачыў свет у бібліятэчцы часопіса “Маладосць” празаічны зборнік “Права на ўсмешку”. У першай палове 90-х працу ў райгазеце сумяшчаў з працаю ў часопісе маладых літаратараў Беларусі “Першацвет”, у якім курыраваў Брэсцкую, Гомельскую і Гродзенскую вобласці, пасля быў пераведзены ў газету “Народная воля” на пасаду ўласнага карэспандэнта па Брэсцкай вобласці.
У 1992 годзе атрымаў дыплом журналіста ў БДУ.
Лаўрэат часопіса “Маладосць” (1992), прэміі БСМ у галіне журналістыкі і літаратуры (1995), прэміі часопіса “Беларуская думка” (2005), “Залатое пяро” (2009)...
З 1996 года – уласны карэспандэнт рэспубліканскай маладзёжнай газеты “Чырвоная змена” па Брэсцкай вобласці і Брэсцкай абласной газеты “Заря” па так званым Прыпяцкім рэгіёне Берасцейшчыны.
У 2003 годзе некаторы час папрацаваў намеснікам галоўнага рэдактара абласной беларускамоўнай газеты “Народная трыбуна” і зноў вярнуўся на ранейшае месца ў “Зарю”.
У 2001 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшаў зборнік прозы “Палескі Напалеон”. У 2002-м – зборнік прозы “Параненыя мары”. У 2005-м – дакументальная кніга “Анатоль Клімец. Жыццё і лёс”.
У студзені 2006-га абраны старшынёй Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 18 мая 2006 года гэтую пасаду сумяшчаў з пасадай рэдактара Брэсцкай раённай газеты “Заря над Бугом”. З 8 верасня 2008 года па сёння пасаду старшыні абласной пісьменніцкай суполкі сумяшчае з пасадай галоўнага рэдактара Іванаўскай раённай газеты “Чырвоная звязда”.
За час работы старшынёй аддзялення СПБ ініцыіраваў і ажыццявіў некалькі буйных праектаў у галіне літаратуры: 1.Стварэнне сумесна з філалагічным факультэтам БрДУ імя Пушкіна і пры падтрымцы Брэсцкага аблвыканкама энцыклапедычнага выдання “Літаратурная карта Берасцейшчыны” (2008); 2.Заснаванне штогадовай Літаратурнай прэміі Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта імя Ул. Калесніка (2007); заснаванне Берасцейскіх (кастрычніцкіх) нумароў у літаратурных часопісах “Маладосць” (з 2006 года) і “Нёман” (з 2009 года). Драбнейшыя праекты: штогадовыя літаратурныя падарожжы па рэгіёнах вобласці; заснаванне абласнога літаратурнага свята “Лунінская восень”, у межах якога адбываецца ўручэнне літпрэмій імя Ул. Калесніка; заснаванне штогадовага дзіцячага літаратурнага конкурсу, пошук маладых талентаў і рэдагаванне іх кніг; стварэнне сайта абласнога аддзялення СПБ у Інтэрнеце і іншыя. У 2009 годзе ў перакладзе на іншыя мовы выйшлі: урывак з аповесці “Меланхолія” у польскім часопісе “Люблін. Культура і грамадства” і апавяданне “На пероне” ў маскоўскім часопісе “Наш современник”.