Выбрать главу

Мавр Янка

Палескія рабінзоны

I

Адважныя падарожнікі. – У моры. – Крушэнне карабля. – Падарожжа ў вадзе. – Невядомы бераг. – Падлік маёмасці.

– Кіруй туды, вунь у той лясок! Цікава паездзіць у чоўне па лесе.

Доўгі Мірон сядзеў на кукішках на дне выдзеўбанага чоўна – «душагубкі». Калені яго датыркаліся да самага носа; рукамі ён трымаўся за бакі чоўна. Раптам ён падняў рукі, паказаў на лес і нават крыху прыўстаў. Човен захістаўся.

– Ды не хістай! Бачыш, што…

Віктар, які стаяў і кіраваў чоўнам, не паспеў скончыць і паваліўся на дно. Душагубка яшчэ больш захісталася, зачарпнула вады. Абодва хлопцы прыціснуліся да дна і не толькі рухацца, але і дыхаць перасталі. Нарэшце човен супакоіўся; на дне яго плюхалася вада.

– Ну вось, бачыш, што ты зрабіў! – з дакорам сказаў Віктар. – Навошта было ўставаць ды варушыцца? Вычэрпвай цяпер ваду!

– Дык ты ж сам вінаваты, – агрызнуўся Мірон. – Перад кім было фанабэрыцца, што спрытна спраўляешся з гэтай праклятай душагубкай?

– Ну і справіўся б, каб ты сядзеў ціха.

– Я ж і сядзеў, а вось ты забыўся, у якім чэрапе едзеш. Навошта стаяў ва ўвесь рост?

Пры гэтым Мірон прыпадняўся. Зноў захістаўся човен.

– Зноў устаеш?! – грозна крыкнуў Віктар. – Калі хочаш тапіцца, дык лезь у ваду сам адзін, а я яшчэ пачакаю.

Мірон крыху засаромеўся.

– Ну-ну, – адказаў ён лагодна. – Давай лепш вычарпаем ваду.

– А чым будзеш вычэрпваць? Чарпак узяў?

– А ты ўзяў?

– Ды хто ж ведаў, што гэтая калода будзе цячы.

– Цячы не пацякла, а зверху, бачыш, налілося.

Хлопцы нерухома сядзелі адзін супраць аднаго, нібы буслы ў гняздзе, і пазіралі то на дно лодкі, дзе было пальцы на чатыры вады, то адзін аднаму ў вочы.

Човен, які і без таго мала высоўваўся з вады, цяпер яшчэ больш апусціўся. І яшчэ больш небяспечным быў кожны рух.

А навакол разляглося неабсяжнае каламутнае мора. Далёка ззаду ледзь віднеўся бераг, ад якога яны ехалі, а наперадзе, яшчэ далей, паўставаў той лес, на які хацеў паглядзець Мірон. Да лесу гэтага было яшчэ далёка, але затое ехаць туды было цікавей. Улетку тут канчалася возера і пачыналася непраходнае балота, якое цяпер было заліта вадой. Гэтай вадзе не відаць было канца-краю, апрача той палоскі лесу на даляглядзе. І на ўсёй гэтай прасторы то там, то там вытыркаліся з вады верхавіны дрэў і кустоў – то паасобку, то групамі.

Надвор'е было ціхае, цёплае. Веснавое сонца грэла ўжо як след. Дрэвы зелянеліся. То была ўжо другая паводка на Палессі ў гэтым годзе. Першы раз адбылася яна з месяц назад, з крыгамі, замаразкамі. Пасля таго тыдні са два трымалася сапраўдная, цёплая вясна. Вада амаль сышла, але потым зноў пачаліся дажджы і снег. Ужо тыдзень, як скончылася і гэтая непагадзь. У іншых месцах прыступілі ўжо да ворыва, сяўбы, а ў гэтай нізіне ўсё яшчэ збіралася вада з далёкіх аколіц, асабліва з поўначы.

У такі час і трапілі сюды гэтыя два хлопцы. Яны былі аднагодкі і мелі абодва разам гадоў трыццаць пяць. Але выгляд, а таксама і характары іх былі зусім адметныя. Мірон быў худы, цыбаты дзяцюк, з блакітнымі вачыма, доўгім птушыным носам і доўгімі светлымі валасамі. Віктар, наадварот, – прысадзісты, карчасты, чарнявы, з круглым пляскатым тварам.

Мірон быў больш разважлівы, спакойны хлопец, а Віктар – жвавы, імклівы. Яны заўжды спрачаліся паміж сабою, але былі найлепшымі сябрамі і жыць не маглі адзін без аднаго.

Абодва вучыліся ў тэхнікуме ў адным з акруговых гарадоў Беларусі і былі самымі стараннымі ўдзельнікамі краязнаўчага гуртка. Можа, таму яны так і цікавіліся краязнаўствам, што нарадзіліся ў горадзе і ўвесь свой век пражылі ў ім.

З маленства яны былі суседзямі і таварышамі, таксама як і іхнія бацькі. Бацька Мірона працаваў у млыне, а Віктара – на шкляной гуце.

Прыроду, лес, вёску хлопцы ведалі толькі з тых экскурсій, якія рабілі, калі вучыліся ў сямігодцы. Далей як за дзесяць кіламетраў ад горада ім ніколі не даводзілася быць.

Вучыліся абодва добра, чыталі шмат кніжак, асабліва прыгодніцкіх – Жуля Верна, Майн Рыда, Купера і г.д. Цікавілі іх розныя далёкія краіны, дзікуны, індзейцы, якіх цяпер бадай ужо зусім няма. Захапляліся рознымі прыгодамі з іх жыцця, што адбываліся гадоў 60-80 назад. Марылі пра пальмы, джунглі, а не бачылі добрай пушчы, якая была за некалькі дзесяткаў кіламетраў ад іх. Уяўлялі сабе розныя паляванні на тыграў, сланоў, ільвоў, а вавёркі на волі не бачылі. Марылі пра мора, караблі, а не бачылі вялікага возера, якое ляжала за кіламетраў дваццаць ад іх.

У краязнаўчым гуртку яны даведаліся, што ў Беларусі наогул, а ў іх раёне асабліва, ёсць шмат куткоў, не горшых ад заморскіх. Ёсць пушчы, не менш цікавыя, чымся далёкія трапічныя лясы. Ёсць азёры і балоты, якія ўвесну робяцца морамі. Ёсць звяры, якія радзей сустракаюцца на свеце, чым сланы і тыгры.