– Можа, яшчэ і нічога, але неяк верне ад яго. Пагледзімо, што будзе далей, – сказаў Мірон і палажыў пугача пад дрэвам.
Падклалі ў вогнішча таўсцейшых дроў і пайшлі «на паляванне». Накіраваліся ў сярэдзіну лесу, дзе яны яшчэ дагэтуль не былі. Па іх меркаваннях, яны тады прайшлі навакол кіламетраў дваццаць, значыцца, можна было лічыць, што невядомая ім мясцовасць мае кіламетраў шэсць упоперак. Прастора немалая.
– Ліха яго ведае, што там хаваецца, – казаў Віктар. – Можа, нават і небяспечнае што-небудзь для нас, бяззбройных. Разводдзе зрабіла гэты лес востравам, на якім павінны ратавацца ўсе жывёлы, што жывуць у гэтых месцах.
І сапраўды, праз некаторы час спудзілі зайца, потым другога. Яны шмыганулі пад самым носам, але нашы «паляўнічыя» нічога не маглі ім зрабіць.
– Якая прыкрасць! – гарачыўся Віктар. – Гэтак яны хутка пачнуць здзекавацца з нас. Хоць бы лук які зрабіць.
– Мусіць, яно так і прыйдзецца, – адказаў Мірон, – а пакуль што хоць бы якую спажыву знайсці, каб можна было ўзяцца за будаўніцтва. Зірні, вунь каля таго дупла круціцца вавёрка. Кажуць, што часам у іх можна пажывіцца.
– Пэўна, можна! – павесялеў Віктар і мігам пачаў караскацца на дрэва.
Вавёрка спалохана крыкнула, пераскочыла на верхавіну і пачала там трывожна мітусіцца.
Дупло было не надта высока, каля яго ад ствала адыходзіла вялікая сухая галіна. Віктар хутка ўзлез, ёмка прыладзіўся на галіне і запусціў у дупло руку. Мірон выцягнуў сваю доўгую шыю і затаіў дыханне.
– Ну, што? – нецярпліва запытаўся ён.
– Нічога нельга дастаць, рукі не хапае, – азваўся Віктар.
– Давай тады я палезу: мае рукі даўжэйшыя.
– Нічога не будзе. Ніякіх адзнак, можа, і зусім нічога няма, – адказаў Віктар і збянтэжана ўсеўся на галіне.
Памаўчалі крыху.
– Вось што! – крыкнуў раптам Віктар. – Гэты бок дрэва тонкі і спарахнелы. Падай мне які-небудзь кол, я ім здолею развярнуць дзірку так, што нават і сам улезу.
Мірон зламаў тонкае дрэўца і падаў Віктару. Засунуў Віктар палку, націснуў – і зараз жа пасыпаліся трэскі і труха. Праз некалькі хвілін замест дзіры была доўгая шчыліна, і нарэшце Віктар мог дастаць гняздо.
– Ёсць нешта! – крыкнуў ён.
– Што? Што? – захваляваўся Мірон.
Віктар яшчэ папоркаўся, а потым як гаркне на ўсё горла:
– Арэхі! Шмат арэхаў!
Напхаў поўныя кішэні, потым пачаў сыпаць за пазуху, а там усё яшчэ было.
– Сып на зямлю, я ўсё падбяру! – крычаў Мірон.
Пасыпаліся арэхі, буйныя, поўныя, усе як на падбор. Нарэшце запасы скончыліся, і Віктар нават выцягнуў і пусціў па ветру гняздо.
– Навошта ты гняздо разбурыў? – закрычаў Мірон. – Хай бы ў падзяку хоць гнязда не чапаў!
– Усё роўна яна больш не будзе тут жыць, – сказаў Віктар і злез з дрэва.
Калі сабралі ўсе арэхі, то іх набралася кілаграмы са тры.
– За здароўе гэтага мілага стварэння! – сказаў Віктар, лузгаючы арэхі.
Панапхалі сабе арэхаў дзе толькі можна было і весела накіраваліся «дадому».
Праз некалькі крокаў Віктар спыніўся.
– Глянь! – крыкнуў ён. – Нібы грыбы нейкія. Можа, і іх можна скарыстаць? Але, здаецца, яны воўчыя.
Мірон нахіліўся. Ён убачыў бурыя грыбы, – нібы сушаныя грушы, панатыканыя вострымі канцамі ў зямлю. Безліч тонкіх, далікатных зморшчак надавала ім нейкі асаблівы выгляд.
– Гэта смаржы, – сказаў Мірон, калі ўважліва разгледзеў іх.
– А іх можна есці?
– Можна, і нават яны вельмі смачныя, але гэтыя занадта старыя. Смаржы – першыя нашы грыбы. Яны з'яўляюцца зараз жа пасля таго, як растане снег.
– Калі можна есці, дык няма чаго перабіраць, старыя ці маладыя.
– Ну, не. Старыя небяспечныя, атрутныя. Ды ў гэтых дробных зморшчках столькі пяску і рознага бруду, што іх і вымыць нельга.
– Пашукаем тады маладзейшых.
– Пашукаем.
Пачалі шукаць, але справа была вельмі марудная, бо амаль для кожнага грыба даводзілася складаць «камісію», каб вызначыць, стары ён ці малады. Пад пагрозай атруты выкінулі нямала і добрых грыбоў, але ўсё ж такі знаходзіліся і надзейныя. Вось ужо зараз будзе поўная шапка…
Але тут на шыю Мірона капнула некалькі кропляў дажджу.
– Дождж! – закрычаў ён не сваім голасам, нібы гэта капнула гарачая смала, кінуў шапку і паляцеў на сваіх цыбатых нагах так, што Віктар адразу згубіў яго з вачэй.
Адчуў некалькі кропляў і Віктар, але, зірнуўшы ўгору, убачыў, што вялікай небяспекі няма: лёгкія хмаркі хоць і пакрапалі крыху, але вялікім дажджом, здаецца, не пагражалі. Ён ухапіў Міронаву шапку і пабег за ім. Праз некалькі крокаў ён заўважыў на зямлі арэхі, спачатку невялікую палоску, а потым і спорную кучу. А кроплі болей не капалі.
– Стой! Назад! Арэхі рассыпаў! – закрычаў Віктар і пачаў збіраць арэхі.