Паступова выявілася, што Мірон цікавіўся больш батанікай, а Віктар – заалогіяй. Чытаючы кнігі, кожны з іх галоўную ўвагу звяртаў на сваю галіну навукі. У жывым кутку Віктар важдаўся з трусамі, мышамі, жабамі, а Мірон – з рознымі раслінамі. Паступова кожны з іх досыць сур'ёзна азнаёміўся са сваім любімым прадметам.
Калі прыйшла вясна і дзесяцідзённыя канікулы, хлопцам вельмі захацелася зрабіць вылазку за горад, куды-небудзь падалей, на некалькі дзён, пабачыць славутае палескае разводдзе. Такая вылазка ім здавалася цікавейшай, чым арганізаваная экскурсія ўлетку.
– Там усё ідзе па раскладзе, як заняткі ў класе, – казалі яны. – Загадзя ведаеш, дзе калі будзеш і што цябе там чакае. Не можаш пайсці, куды захочаш, спыніцца, дзе сам хочаш, рабіць, што табе падабаецца. Такія падарожнікі ў дарозе адчуваюць сябе як дома, не ведаюць незвычайных прыгодаў і небяспек. Якое ж гэта падарожжа?!
Калі яны сказалі аб сваім плане некаторым з таварышаў, дык тыя паднялі іх на смех:
– Ну і выдумалі! Якая карысць ад такога падарожжа, які сэнс?
– Нічога вы не разумееце! – пакрыўдзіліся сябры і больш ужо ні з кім не распачыналі гаворкі на гэтую тэму.
Але цвёрда пастанавілі выканаць свой намер чаго б гэта ні каштавала, каб даказаць усім, што незвычайнае падарожжа цікавей, чым звычайнае.
І вось нашы падарожнікі апынуліся ў чоўне сярод бязмежнага мора. І пакуль што былі задаволены.
– Давай вычарпаем ваду шапкамі, – прапанаваў Мірон.
– Ды нічога іншага не застаецца, – згадзіўся Віктар. – Толькі баюся, што ты пачнеш варочацца, як мядзведзь, і перакуліш лодку.
– А я баюся, каб яна не перакулілася ад руху твайго языка, – спакойна сказаў Мірон і, зняўшы шапку, пачаў вычэрпваць ваду.
Зараз жа далучыўся Віктар, і вада хутка была вычарпана. Можна было ехаць далей.
– А да таго лесу, мусіць, далёка, – прамовіў Мірон.
– А што, можа, спалохаўся? Можа, назад хочаш ехаць? – упікнуў Віктар.
– Каб толькі ты не спалохаўся, – насмешліва адказаў Мірон.
– Ну, гэтага, брат, не дачакаешся! – свіснуў Віктар. – Першы раз па моры еду.
– Толькі карабель наш псуе падарожжа, – уздыхнуў Мірон.
– А ты сядзі спакойна, і ўсё будзе добра, – сказаў Віктар і ўзяўся за вясло.
– Ды навошта ты зноў становішся? – крыкнуў Мірон. – Дай лепш буду я, а ты адпачні.
– Паглядзім, – усміхнуўся Віктар і аддаў вясло.
Мірон асцярожна, але цвёрда прыладзіўся на каленях і пачаў веславаць.
– Ну, і якая ж розніца? – засмяяўся Віктар, – Ты на каленях стаіш нават вышэй, як я на нагах.
– Розніца ёсць, – сур'ёзна адказаў Мірон. – Цэнтр цяжару ніжэй, калі памятаеш фізіку.
– Наўрад ці сам ты ведаеш, дзе ў цябе цэнтр цяжару, – нездаволена буркнуў Віктар.
Асцярожна, мерна і моцна гроб Мірон, і човен пасоўваўся досыць шпарка. Вось наблізіліся першыя кусты, часам сухі чаротнік вытыркаўся з-пад вады: значыцца, скончылася возера і пачаўся бераг. Але праз некаторы час зноў выехалі ў другое, меншае возера.
– Бач, як яно тут – па некалькі азёраў ідзе, – заўважыў Віктар.
– Гэта яшчэ невядома. А можа, гэта толькі балота? Хто яго цяпер разбярэ? – сказаў Мірон.
Нейкі белаваты струмень, нібы рака, перасек ім дарогу і пачаў адносіць човен убок. Мірон упарта стаў з ім змагацца.
– Сцеражыся! – раптам крыкнуў Віктар.
На іх нёсся вялізны, рагаты корч. Сутычка была немінучая: праскочыць з такім нязграбным чоўнам было ўжо нельга.
– Кладзіся! – крыкнуў Мірон і сам прыціснуўся да дна.
Потым працягнуў наперад вясло, упёрся ў корч і паступова пачаў паслабляць руку, каб зменшыць штуршок. Корч не стукнуўся аб човен, але затое яны сашчапіліся і далей паплылі ўжо абодва разам.
– Вось прынесла яго ліха на нашу галаву! – злаваў Віктар. – Як жа цяпер ад яго адчапіцца?
– Пачакай, не гарачыся толькі, адчэпімся, – спакойна сказаў Мірон і паступова, павольна вызваліў човен.
Мінулі азярцо, зноў пайшлі кусты. Часам яны здаваліся астравамі, а калі човен пад'язджаў бліжэй, то мог праехаць праз іх проста па вадзе. Трапляліся і больш вялікія дрэвы: бярэзінкі, алешыны, нават елкі.
Наперадзе, ужо недалёка, вызначаўся густы, сіні бор.
– А ён, здаецца, стаіць высока, на сухім месцы, – сказаў Віктар і ціхенька ўстаў, каб паглядзець. – Хочацца ногі выпрастаць, здранцвелі зусім.
– Ды пачакай ты, не ўставай, зараз прыедзем, – сказаў Мірон, але і сам не ўтрымаўся, прыпыніўся і пачаў прыглядацца.
– Здаецца, там нібы пясчаны ўзгорак відаць, – прамовіў ён, гледзячы з-пад рукі.
А човен тым часам наехаў на вір. Не паспелі хлопцы звярнуць на яго ўвагу, як ён панёс іх убок і стукнуў аб альховае дрэва. Штуршок быў невялікі, і нічога б не здарылася, каб абодва хлопцы сядзелі на дне. А цяпер – Віктар адразу паляцеў у ваду, пад алешыну.