Выбрать главу

– Ай-яй-яй! – жартаўліва здзівіўся Віктар. – Не палохай ты мяне, а то я не ведаю, як трымаць сябе перад гэткай асобай. Хоць і досыць добрыя кветкі, але ж увагі ўжо занадта.

– Тлумачыцца гэта тым, што яна – рэдкі госць з цёплых краін і расце ў нас, як бачыш, сама ў грунце.

– Хай сабе сама і расце. Чаго ж з ёю так цацкацца? Ці, можа, якая асаблівая карысць ёсць ад яе?

– Кажуць, што надзвычайна памагае ад каросты.

– Вада і мыла яшчэ лепш дапамагаюць.

– Акрамя таго, у ёй ёсць нейкі наркатычны матэрыял. Калі пад'есці мёду, сабранага пчоламі з гэтых кветак, дык можна аглухнуць і ашалець.

– Дык вось чаму гэта «божае дрэўца»! Завошта ж тады яго шанаваць? – абурыўся Віктар. – Трэба за гэта нішчыць, а не шанаваць.

– Не бойся, яна ў нас вельмі рэдкая. Звычайна расце ў Крыме, вакол Чорнага мора ды ў Паўднёвай Эўропе і нікому там не перашкаджае. Яе нават спецыяльна садзяць у садзе, бо яна раней за ўсіх цвіце. Яна цвіце нават раней, як распусціць сваё лісце. Кажуць, што яе паўтараста год назад завезлі ў Эўропу з Кітая.

– Вось якая цаца, – засмяяўся Віктар. – Ну, хай сабе расце на здароўе. Хадзем, а то яшчэ ашалееш.

Нарэшце яны падышлі да сваёй сажалкі. Вада ў ёй значна спала, у некаторых месцах выступіла зямля. Пратока каля грэблі зрабілася зусім вузкай. Але ў розных месцах заставаліся яшчэ ямы з больш глыбокай вадой.

Падышоўшы да адной з такіх ямін, хлопцы заўважылі, як у вадзе шмыгнула нешта цёмнае. Не паспелі прыгледзецца, як каля берага паказалася бліскучая цёмна-бурая круглая галава з белай плямай на носе. У роце незнаёмы «злодзей» трымаў рыбіну.

– Выдра!… – крыкнуў Віктар, але галава схавалася раней, як ён скончыў гэтае слова. – Ах, паганая! Яна ўсю нашу рыбу зжарэ! Тым болей што яна часта адгрызае толькі спіну, а рэшту кідае.

– Будзем тады лавіць яе разам з рыбай, – прапанаваў Мірон.

– Ну не, брат, яна не такая дурная. Яе толькі ў пастку можна злавіць, ды і то трэба паставіць каля нары. А нара мае два выхады: адзін наверх, а другі пад ваду. Аднаго разу чатыры чалавекі па чарзе пільнавалі выдру шэсць тыдняў і не маглі злавіць. У кожным разе, трэба хоць прагнаць яе.

Хлопцы раздзеліся і падрыхтавалі сваю «сетку».

– А можа, укусіць яшчэ гэты драпежнік? – прамовіў Мірон.

– Калі загнаць яе ў кут, то яна можа і кінуцца, а так не адважыцца.

Калі хлопцы падышлі да сярэдзіны лужыны, дык убачылі, што на беразе, сярод травы, слізганула доўгае, на кароценькіх ножках, цела выдры. Спіна была цёмна-бурая, а спод – святлейшы.

– Эх, дабро ўцякае! – з жалем сказаў Віктар. – Адна скура чаго варта! Рублёў трыста можна атрымаць.

– Ого! А есці яе можна? – запытаўся Мірон.

– Можна, і нават мяса добрым лічыцца.

– Пашукаем тады яе нару.

– Нары, мусіць, тут і няма. Яна робіць яе каля вады. А гэтая вада выпадковая, часовая.

– Шкада, – уздыхнуў Мірон. – Давай тады лавіць сваю ўласную рыбу.

«Уласнай» рыбы налавілі лёгка, у дадатак яшчэ выцягнулі некалькі камякоў нейкага кісялю з чорнымі крупкамі.

– Гэтая жабіная ікра толькі кашулю запаскудзіць, – сказаў Мірон, з гідлівасцю адграбаючы гэты кісель.

Ідучы назад, яны зайшлі ў лес пашукаць яшчэ журавін і ў адным кутку, сярод густога ельніку, знайшлі прытульную пляцоўку, пасярод якой было нацярушана шмат свежага пер'я.

– Загінула ад драпежніка нейкая птушка, – прамовіў Мірон.

Віктар агледзеў мясціну, перагледзеў пер'е, то чорнае, то чорнае з белым, то стракатае, і нарэшце сказаў:

– Не, тут ніхто не загінуў. На гэтым месцы цецерукі збіраюцца такаваць, гуляюць, б'юцца. Гэтае пер'е і ёсць вынікі іхняй бойкі. Каб паляўнічыя знайшлі такое месца, яны зараз жа зрабілі б тут засаду.

– А можа, і нам зрабіць?

– А што ты зробіш з голымі рукамі? Цецярук асцярожны. Паляўнічыя звечара робяць буданы і цярпліва чакаюць усю ноч. У іх стрэльбы. А мы што будзем рабіць? Рукамі іх не зловіш.

– А калі напэўна вядома, што яны на гэтым месцы будуць скакаць ды біцца, то можна ім петлі параскідаць.

– Гэта іншая справа. Варта падумаць.

Усю дарогу яны меркавалі: з чаго зрабіць петлі? І нічога не маглі прыдумаць, апрача таго, што прыйдзецца ахвяраваць Віктараву споднюю кашулю. Але і тут была небяспека, што ахвяра можа быць бескарыснай. Для такіх петляў трэба калі не конскі волас, то прынамсі тонкі і моцны шпагат. Тонкія вяровачкі са старых, трухлявых нітак будуць занадта слабыя, а з пасмаў кашулі – зусім нягодныя. Так падышлі да дому і нічога не вырашылі.

Тут Мірон зірнуў на змяіную скуру, якая сушылася на галіне, раптам спыніўся і крыкнуў: