– Вось хто нам дапаможа! Парэжам гэтую скуру на тоненькія паскі, і яны будуць не горшыя за валасінкі.
– Праўда! – падхапіў Віктар. – Цяпер я бачу, што ўсё на свеце можна абярнуць на карысць чалавека.
Хутка згатавалі сабе абед і не марудзячы ўзяліся за змяіную скуру. Але зараз жа і апусцілі рукі… Ну як было парэзаць яе, ды яшчэ на тонкія пасачкі, без нажа?
Віктар ледзь не заплакаў.
– Гэта ж вечная пакута! – скардзіўся ён. – Усё ідзе добра, з кожнага становішча можна знайсці выхад, усё можна абярнуць на сваю карысць, і на кожным кроку адна перашкода – нож! Які дурань трымае нож у торбе? Каб я ведаў гэта, дык сам палажыў бы сабе ў кішэню. Праз цябе ўся пакута!
– Чаго заскуголіў? – агрызнуўся Мірон. – Я сам заўсёды трымаю нож у кішэні. Але ж ці не звычайная справа, адрэзаўшы хлеб, палажыць разам з ім і нож? І я, каб ведаў, што праз цябе перакулімся, дык таксама ўзяў бы нож у кішэню. Ды і позна ўжо пра гэта казаць – нічога не паможа. Лепш набяромся цярплівасці ды пачнём калупаць чым можна. Часу хапае.
І пачалі «калупаць». І спражкай, і трэскай, і касцямі рыб, і вострым гузікам. А Віктар дадумаўся яшчэ распаліць сваю спражку на агні ды ёю смаліць. Усё разам, – а больш за ўсё цярплівасць, – пачало даваць вынікі. А першыя вынікі надалі бадзёрасці, упэўненасці і яшчэ раз цярплівасці. Спачатку яны разрэзалі змяіную скуру ўздоўж напалам, а тады ўжо кожны працаваў над сваёй паловай. Шэсць гадзін карпелі яны над гэтай працай і, нарэшце, зрабілі тое, што было ім патрэбна.
– Гэта ж самыя дасканалыя сілы ў свеце! – цешыўся Віктар са свае працы.
Зараз жа і панеслі іх на месца. Цікава было папільнаваць, як пойдзе справа, але раздумаліся, што не варта пакутаваць усю ноч.
– Дапамагчы справе мы нічым не можам, – казаў Віктар, – а спудзіць можам. Толькі каб устаць заўтра як мага раней.
Параскладалі сілы сярод палянкі, замацавалі канцы, вярнуліся назад і паляглі спаць.
Віктар прачнуўся апоўначы і чакаў раніцы каля вогнішча. Ледзь зашарэлася на ўсходзе, ён разбудзіў Мірона, яны ціхенька накіраваліся ў лес.
Яшчэ здалёк пачуліся ў тым баку гоман, плясканне, балбатанне, нібы там сабраўся нейкі натоўп. Потым выразней пачуліся гукі – чуфф-фы, чушш! Чуфф-фы, чушш!
Хлопцы паўзлі наперад не дыхаючы, сэрцы іх калаціліся.
Падпаўзлі. Зірнулі. На палянцы білася некалькі пар цецерукоў ды так, што толькі пер'е ляцела ва ўсе бакі. Асабліва вызначаўся стары такавік, чорны з белымі палосамі на крылах. Навакол, па галінах, сядзелі рабыя цяцёркі і глядзелі на гэтае спаборніцтва, якое адбывалася выключна дзеля іх.
Яны крыкамі падбадзёрвалі байцоў, а тыя стараліся з усіх сіл, каб паказаць сябе перад красунямі.
Усё гэта хлопцы заўважылі адным зіркам, а калі прыгледзеліся пільней, то ўбачылі, што ў двух цецерукоў ужо заблыталіся ногі і яны бездапаможна бараніліся ад сваіх ворагаў. Вось зачапіўся і стары такавік, трывожна закрычаў, забіў крыламі і вырваўся.
– Бяжым! Каб і тыя не вырваліся! – шапнуў Віктар.
Лопат крылаў аглушыў хлопцаў. Спалоханыя птушкі мігам зніклі. А ў руках таварышаў засталіся два добрыя цецерукі, кіло па два вагою.
X
Гаспадарка. – «Гліняная паэма». – Старыя знаёмыя. – Воўк. – Палявалі на ліса, а забілі… – Павелічэнне статка.
Цяпер ужо спажывы было дні на чатыры. Але зноў бяда: як яе захаваць, каб не папсавалася?
– Давай склеп рабіць, – не то жартам, не то сур'ёзна сказаў Віктар.
– Галоўнае не ў склепе, а ў солі, – адказаў Мірон.
– Тады давай сушыць на сонцы ды вэндзіць мяса, як гэта робяць іншыя ў такіх выпадках.
– Гэта было б добра, але як разрэзаць яго на тонкія лустачкі?
– Ну, тады давай будаваць клетку, – сыпаў прапановы Віктар.
– А! – сцяміў Мірон. – Гэта ўжо іншая рэч. І сапраўды: цецерукі былі жывыя, значыцца, лепш за ўсё было захоўваць іх жывымі.
– У такім разе, пакуль ёсць рыба, мы абодвух будзем гадаваць, – сказаў Мірон, – а дзеля гэтага зробім маленькі хлеўчык.
– Нават і не надта маленькі, бо, можа, і яшчэ завядзецца якая жывёліна, напрыклад, дзікае парася, заяц, медзведзяня.
– Карова, авечка! – перадражніў Мірон.
Як бы там ні было, а катушок будаваць трэба. Так парашылі хлопцы. І лепш за ўсё было прыбудаваць яго да шалаша. Тут яшчэ раслі кусты, з якіх можна было зрабіць «зруб». Форма будынка залежала не ад будаўнікоў, а ад таго парадку, у якім раслі кусты. Але гэта нічога не абыходзіла. У параўнанні з хатай пабудова катуха была ўжо лёгкай справай, і не болей як праз гадзіну ён быў гатовы.
Найбольш сур'ёзным аказалася пытанне з дзвярыма. Рабіць і прыстасоўваць так, каб яны зачыняліся і адчыняліся, без нажа было цяжка і марудна.
– Дык і не трэба турбавацца! – сказаў нарэшце Мірон. – Пасадзім і запляцём іх зверху. Калі трэба будзе, распляцём і выцягнем.